ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Гравюра. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.
Да арт. Гравюра. К.​Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.
Да арт. Гравюра. В.​Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.
Да арт. Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс. км². Нас. 763 тыс. чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г. Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.

Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.​Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.

Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст. н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленне рус. сялян, аднак б. ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.​Балотнікава (1606—07), С.​Разіна (1670—71), Е.​Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт. вобл. (нас. 338,5 тыс. чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял. Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).

Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сць металаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс. шт. гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс. шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс. т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш). З-д па вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс. га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс. га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс. т, малака 314,8 тыс. т, яец 210,3 млн. шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс. га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс. га, кармавыя — 226,7 тыс. га, бульбу — 40,4 тыс. га. Збор (тыс. т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс. т), агародніцтва (83,4 тыс. т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн. дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн. дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.

Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.​Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.​Мікай, М.​Мухін, У.​Саві, О.​Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.​Нікалаеў, М.​Шкетан, А.​Канакоў, О.​Тыныш, прозы — Н.​Лекайн, Н.​Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.​Олык, К.​Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.​Казакова, В.​Рожкіна, В.​Чалая, прозай Дз.​Арая, М.​Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.​Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял. Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.​Бік, С.​Вішнеўскі, Б.​Данілаў, Казакоў, М.​Майн, Г.​Мацюкоўскі, І.​Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.​Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.​Брылякова, Вішнеўскага, М.​Гаяза, Данілава, В.​Дзмітрыева, Д.​Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.​Рэчкіна) пераклалі Э.​Валасевіч, Х.​Жычка, І.​Калеснік, У.​Рыгорава, У.​Скарынкін, К.​Цвірка.

Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес. выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.​Цімафееў, П.​Радзімаў, А.​Грыгор’еў, К.​Ягораў, Л.​Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.​Гарбунцоў, У.​Казьмін, Б.​Осіпаў, І.​Пландзін, А.​Пушкоў, П.​Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.​Бутаў, Ю.​Бялкоў, З.​Лаўрэнцьеў, С.​Падмароў, Б.​Пушкоў, М.​Тактаулаў, І.​Яфімаў; графікі А.​Арлоў, А.​Бакулеўскі, І.​Міхайлін, А.​Фамін; скульптары А.​Дзедаў, У.​Карпееў, А.​Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.​Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.

Найб. стараж. пласт нар. муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк. муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.​Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.​Аляксееў, К.​Гейст, В.​Данілаў, Ю.​Еўдакімаў, В.​Захараў, А.​Іскандараў, В.​Кульшэтаў, У.​Купрыянаў, А.​Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.​Макаў, І.​Молатаў, А.​Нязнакін, Э.​Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.​Сахараў, Н.​Сідушкін, К.​Смірноў, Я.​Эшпай, А.​Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз. т-р (з 1971), Хар. т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.

Літ.:

Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;

Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;

Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Марый Эл. Краявід на рацэ Ілець.
Да арт. Марый Эл. Замак у п. Юрына.
Да арт. Марый Эл. Жанчыны ў народных строях.

т. 10, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),

рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.

Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял. эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал. ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт. літ. праблем.

У 1836 пачаў выдаваць час. «Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг. сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.​Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.

Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.​Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.​Осіпава і І.​Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял. нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.​Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. Творчасць Я.​Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.​Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.​Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.​Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.

Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.​Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.​Коласа. Як і П., Я.​Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.​Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.​Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел. філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.​Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.

Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.​Купала («Медны коннік»), Я.​Колас («Палтава»), К.​Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.​Крапіва («Капітанская дачка»), А.​Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.​Глебка («Барыс Гадуноў»), А.​Александровіч («Руслан і Людміла»), А.​Якімовіч (казкі), Р.​Барадулін, А.​Бачыла, П.​Броўка, А.​Вечар, Ю.​Гаўрук, М.​Лужанін, М.​Паслядовіч, Ю.​Свірка, М.​Танк, М.​Хведаровіч, У.​Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел. літ.-знаўцы І.​Замоцін, Ф.​Куляшоў, М.​Ларчанка, Ю.​Пшыркоў, А.​Лойка, М.​Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.​Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац. рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.​Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.​Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.​Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, А.​Клумава, П.​Падкавырава, Р.​Пукста. Ю.​Семянякі, А.​Туранкова. Я.​Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.​Бельскі, Т.​Беразенская, А.​Волкаў, М.​Гуціеў, А.​Кашкурэвіч, М.​Селяшчук, В.​Славук і інш.; карціну «А.​С.​Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.​Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.​Падляскі, «Кветкі каханай» І.​Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10. М., 1974—78;

Бел. пер.Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Выбр. творы. Мн., 1949;

Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;

Выбр. проза. Мн., 1936;

Барыс Гадуноў. Мн., 1937;

Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;

Медны коннік. Мн., 1937;

Цыганы. Мн., 1937;

Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;

Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;

Палтава. Мн., 1938;

Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.

Літ.:

Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;

А.​С.​Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;

Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;

Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;

Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.​С.​Пушкина. М., 1999;

Афонин В. Религия и А.​С.​Пушкин. Невинномысск, 1999;

Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;

Духовный труженик: А.​С.​Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;

Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;

Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;

Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;

«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;

Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;

Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;

Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;

Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;

Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;

Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;

Замоцін І.І. А.​С.​Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;

Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.​С.​Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;

Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст. Мн., 1963;

Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;

Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;

Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;

Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;

Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;

Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;

А.​С.​Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп. навук. канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;

Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;

Лиокумович Т.Б. Потомки А.​С.​Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;

Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мн., 1999;

А.​С.​Пушкін і Беларусь = А.​С.​Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;

Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.

А.​А.​Шалемава.

А.С.Пушкін. Мастак В.​Трапінін. 1827.

т. 13, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)