НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),

правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬХО́Й, Аньхуэй,

правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс. км². Нас. 56 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пннізінная тэр. Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс. выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

нізінная раўніна на У Азіі, у Кітаі. Пл. каля 325 тыс. км². Абмежавана на Пн гарамі Яньшань, на З хр. Тайханшань, на ПдЗ хр. Тунбайшань і Дабешань; на У працягнулася больш як на 1000 км уздоўж узбярэжжа Жоўтага і Усх.-Кітайскага мораў.

Паверхня плоская, выш. да 100 м. Складзена з магутнай тоўшчы алювіяльных адкладаў рэк. Клімат субтрапічны мусонны, з вільготным летам і сухой халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. 20 °C (у Прымор’і) і 28 °C (ва ўнутр. раёнах). Ападкаў за год 400—500 мм на Пн, 750—1000 мм на Пд. Раўніну перасякаюць рэкі Хуанхэ, Хуайхэ, Хайхэ; з Пн на Пд — Вялікі канал. Частыя паводкі. Самыя вял. азёры: Тайху, Хунцзэху, Вэйшаньху. Амаль уся тэр. ўзараная. Вырошчваюцца пшаніца, рыс, арахіс, проса, соя, бавоўнік. Адзін з самых населеных раёнаў свету; вял. гарады: Пекін, Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,

штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах. ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс. км². Нас. каля 75 млн. чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс. м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.—кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАНІ́Н,

правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс. км². Нас. 39,5 млн. чал. (1990). Адм. ц.Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн. ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На У Усх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на З адгор’і гор Ляасі, у цэнтр. ч.нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал. марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.

І.​Я.​Афнагель.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСІСІ́ПІ (Mississippi),

штат на Пд ЗША, на левым беразе р. Місісіпі, на Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 123,6 тыс. км². Нас. 2730,5 тыс. чал. (1997). Адм. ц., найб. горад і прамысл. цэнтр — Джэксан. Большая ч. паверхні — нізінная, месцамі забалочаная раўніна, якую перасякаюць шматлікія прытокі р. Місісіпі. На Пн — узгоркі выш. да 246 м. Клімат субтрапічны вільготны. Т-ра паветра ў студз. каля 8 °C, у ліп. каля 30 °C. Штогод выпадае больш за 1 тыс. мм ападкаў. Пад лесам каля палавіны тэрыторыі. На Пн — лісцевыя лясы, на Пд — лясы з доўгаіглістай хвоі, на ўзбярэжжы Мексіканскага зал. — зараснікі балотнага кіпарысу. М. — індустр.-агр. штат. У прам-сці гал. роля належыць вытв-сці хімікатаў і пластмас, харч. прадуктаў, дрэваапрацоўцы, эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванню (у т. л. рачное і марское суднабудаванне), тэкст. і швейнай галінам. Здабыча нафты (каля 10 млн. т штогод), прыроднага газу, цэм. сыравіны, інш. буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне бавоўніку, рысу, соі. Меншае значэнне маюць кукуруза, пшаніца, цукр. трыснёг. Гадуюць (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 1300, свіней — 240, птушку — 11 100. Вытв-сць бройлераў. Лесанарыхтоўкі (хвоя, дуб, пароды з цвёрдай драўнінай). Марское і рачное рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі і рачны.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.

У складзе Архангельскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 15.7.1929 як Ненецкая нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Размешчана на крайнім ПнУ еўрап. ч. Расіі. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца за Паўн. палярным кругам. Абмываецца водамі Белага, Баранцава і Карскага мораў. Уключае а-вы Калгуеў і Вайгач. Пл. 176,7 тыс. км². Нас. 46 тыс. чал. (1997), гарадскога 61%. Цэнтр — г. Нар’ян-Мар. Гар. пасёлкі: Амдэрма, Іскацеляў (гл. карту да арт. Архангельская вобласць).

Паверхня нізінная з невял. павышэннямі. На Пн Малазямельская тундра, з Пн на Пд цягнецца Ціманскі краж, на У Вяліказямельская тундра і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Карысныя выкапні: нафта, газ, торф, флюарыт, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат субарктычны з доўгай халоднай зімой і кароткім летам. Сярэднія т-ры студз. ад -12 °C на ПдЗ да -22 °C на ПнУ, ліп. ад 6 °C на Пн да 13 °C на Пд. Ападкаў 250—400 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Асн. рака — Пячора. Шмат невял. рэк і азёр. Глебы тундрава-глеевыя і тарфяна-глеевыя. Пераважае расліннасць хмызнякова-мохавай і травяна-мохавай тундры. На Пд і ПдЗ — лесатундра з ялова-бярозавымі рэдкалессямі.

Асн. галіны — аленегадоўля, рыбалоўства, паляванне; клетачная зверагадоўля (блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, норка). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць бульбу, агародніну, турнэпс. Вядучыя галіны прам-сці — лесапілаванне (драўніна з леспрамгасаў Рэспублікі Комі) і харч. (рыбакансервавая, мясная, масларобная). Здабыча нафты. Вытв-сць сувеніраў з футра, скуры і сукна. Суднаходства па р. Пячора. Важнае значэнне мае Паўночны марскі шлях. Марскія парты: Нар’ян-Мар і Амдэрма. Аэрапорт у г. Нар’ян-Мар. Газаправод Васілкава—Нар’ян-Мар.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКІ АРКТЫ́ЧНЫ АРХІПЕЛА́Г,

група астравоў каля паўн. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі. Належыць Канадзе. Пл. 1,3 млн. км². Насельніцтва некалькі тыс. чал., пераважна эскімосы. Найб. астравы: Бафінава Зямля, Элсмір, Вікторыя, Банкс, Дэван. Архіпелаг размешчаны на мацерыковай водмелі, складаная сістэма праліваў падзяляе яго на некалькі груп астравоў (Сведрупа а-вы, Пары архіпелаг і інш.). Абмываецца на Пн і У Паўн. Ледавітым ак. (м. Бофарта, Лінкальна, Бафіна, прал. Робсан, Кенэдзі, Сміт, бас. Кейна), на ПдУ і Пд — Атлантычным ак. (прал. Дэйвіса і Гудзонаў, бас. Фокса). У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны і плато выш. 200—500 м, складзеныя асадкавымі пародамі палеазою. На У — горныя масівы выш. да 2926 м (на в-ве Элсмір). Усх. ўзбярэжжы складзены са стараж. крышт. парод, глыбока расчлянёныя фіёрдамі. Паўн.-зах. ч. архіпелага нізінная, складзена з рыхлых марскіх адкладаў; пашыраны мярзлотныя формы рэльефу. Зледзяненне (агульная пл. ледавікоў 154 тыс. км²) на Пн, каля ўзбярэжжаў участкі шэльфавага лёду. Радовішчы нафты, газу, жал. руды. Клімат арктычны, суровы, на У больш вільготны, на З рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -23 °C на ПдУ да -35 °C на ПнЗ, ліп. ад 7 °C на Пд да 4 °C на Пн. Ападкаў ад 400—450 мм на ПдУ да 100 мм і менш на Пн. Усюды развіта шматгадовая мерзлата. Прыбярэжныя моры і пралівы 9—10 месяцаў укрыты лёдам. На Пн арктычныя пустыні, на Пд мохава-лішайнікавыя і мохава-кусцікавыя тундры. Фауна: паўн. алень, белы мядзведзь, пясец, лемінгі, тундравыя курапаткі; з эндэмікаў — мускусны бык. У прыбярэжных водах цюлені, кіты, маржы і інш. Нац. парк Ауюітук (в-аў Бафінава Зямля), некалькі рэзерватаў. Марскі промысел, рыбалоўства, паляванне. Найб. населеныя пункты: Фробішэр-Бей (в-аў Бафінава Зямля), Кеймбрыдж-Бей (в-аў Вікторыя), Рэзальют (в-аў Батэрст).

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРУШСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 47,9 тыс. чал. (1997), гарадскога 46,6%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г. Добруш, г.п. Церахоўка, 101 сельскі населены пункт. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Баршчоўскі, Васільеўскі, Вуцеўскі, Дзям’янкаўскі, Дубраўскі, Жгунскі, Івакаўскі, Кармянскі, Кругавец-Калінінскі, Крупецкі, Кузьмініцкі, Ленінскі, Насовіцкі. Пераростаўскі. Рассветаўскі, Усоха-Будскі і Церахоўскі пассавет.

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 172,9 м (каля в. Леніна). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, сапрапелі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,9 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 сут. Рэкі Іпуць (з прытокамі Хорапуць і Няцёша), Вуць і Церуха. Возера Равучае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя. дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 20,8% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і бярозавыя лясы; пад балотамі 3,2% плошчы. На тэр. раёна біял. заказнік Шабрынскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 83,2 тыс. га, з іх асушана 16,2 тыс. га. На 1.1.1997 калгасаў 15, саўгасаў 4. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукр. буракі і лён. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно), цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў прам-сці; вытв-сць фарфору. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Гомель—Добруш—Бранск (Расія), чыгунка Гомель—Церахоўка—Бахмач (Украіна). У раёне 1 гімназія, 20 сярэдніх, 3 базавыя і 5 пач., 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча. 28 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 37 б-к. 2 бальніцы, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Санаторый-прафілакторый «Сонечны». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Вуць; сядзібны дом (канец 19 ст.) у в. Дзям’янкі, Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карма; Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Крупец; царква (канец 19 ст.) у в. Чырвоны Партызан. На сумежжы Беларусі, Украіны і Расіі (за 7 км ад в. Кругавец-Калініна) манумент Дружбы народаў. Выдаецца газ. «Добрушскі край».

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 39,6 тыс. км². Нас. 1286 тыс. чал. (2000), гар. 68%. Цэнтр — г. Разань. Найб. гарады: Касімаў, Сасава, Скапін, Ражск.

Паверхня пераважна нізінная. На Пн — Мяшчорская нізіна, на Пд ад р. Ака — Окска-Данская раўніна, на З — адгор’і Сярэднярус. ўзв. (выш. да 236 м). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал. р. Ака з прытокамі Пра, Гусь (злева), Проня, Пара, Мокша з Цной (справа); на Пд — вытокі р. Варонеж. Шмат азёр, пераважна на Мяшчорскай нізіне (Вялікае, Белае, Чорнае). Новамічурынскае вадасх. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, і шэрыя лясныя, на Пд чарназёмныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Пад лесам каля 24% тэр. (хвоя, бяроза і інш.). На тэр. Р.в. — Мяшчорскі нац. парк, Окскі запаведнік.

Гал. галіны прам-сці — электраэнергетыка (37% кошту прамысл. прадукцыі; Разанская ДРЭС, ДРЭС-24), маш.-буд. (вытв-сць металарэзных станкоў, электразварачнага абсталявання, грузавых вагонаў, гідраўлічных прэсаў, бульбаўборачных камбайнаў, сродкаў выліч. тэхнікі, тэлевізараў, гандл. абсталявання, суднарамонту), нафтаперапр., хім. (хім. валокны і ніці), лёгкая (шаўковыя і штапельныя тканіны, швейныя і аўчынна-футравыя вырабы, абутак, дываны, рыбалоўныя сеткі). Развіта каляровая металургія, дрэваапр., харч., паліграф. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. маст. керамікі і шкляных вырабаў (шклаблокі, хрусталь). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Племянная конегадоўля (2 конезаводы). Рыбагадоўля. Пчалярства. Пасяўныя пл. займаюць 1198 тыс. га (1998), у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, пшаніца, авёс, проса, жыта) 56,9% пл., кармавымі — 36%, бульбай — 5,7%, цукр. буракамі і агароднінай — 1,4%. Садоўніцтва. Даўж. чыгунак 1034 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,9 тыс. км. Асн. чыгункі Масква—Разань—Пенза і Уладзімір—Разань—Мічурынск. Тэр. вобласці перасякаюць аўтамагістралі Масква—Самара і Масква—Валгаград. Суднаходства па рэках Ака, Мокша, Цна. Кліматычны курорт Салотча.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)