РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),

прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал. сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў склад дваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял. кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял. кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.

Літ.:

Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;

Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;

Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;

Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;

Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;

Кин М. Рыцарство: Пер. с англ. М., 2000.

Да арт. Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.

т. 13, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,

змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел. літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разам з развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл. Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры з грамадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел. арфаграфіі (А.​Луцкевіча, Я.​Лёсіка, Б.​Пачопкі, Р.​Абіхта і Я.​Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі з беларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНК БССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.​Коласам, К.​Крапівой і П.​Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМ БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел. літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел. літ. мовы, якую ўзначаліў Н.​Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац. АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.

Літ.:

Камароўскі Я.М. Беларускі правапіс Мн., 1965.

А.​І.​Жураўскі, Я.​М.​Камароўскі.

т. 14, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)