КА́МЕРА-АБСКУ́РА (ад лац. camera obscura літар. цёмны пакой),

найпрасцейшае аптычнае прыстасаванне для атрымання на экране відарыса прадмета. Дае відарыс, свабодны ад дысторсіі, і дазваляе фатаграфаваць аб’екты ў такіх прамянях (напр., рэнтгенаўскіх), для якіх нельга падабраць лінзы.

К.-а. ўяўляе сабой цёмную скрыню, у адной са сценак якой зроблена маленькая адтуліна. Прамяні святла ад розных пунктаў аб’екта праходзяць праз адтуліну і ствараюць яго відарыс на процілеглай сценцы скрыні. Такая ўласцівасць К.-а. была вядома Арыстоцелю; прынцып яе работы апісаны ў працах Леанарда да Вінчы. З 17 ст. выкарыстоўвалася для назірання сонечных зацьменняў, атрымання дакумент. рысункаў («фатаграфія да фатаграфіі») і інш. Заменена лінзавай камерай. Гл. таксама Фатаграфічны апарат.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,

адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (25.1.1938, Масква — 25.7.1980),

рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.​Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Яўген Аляксандравіч) (9.10.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.3.1992),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1951) і Школу-студыю МХАТ (1956; з 1983 праф. у ёй). У 1957—70 у Маск. т-ры «Сучаснік». З 1971 у МХАТ (з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава). Яго мастацтву ўласцівы тонкасць псіхал. аналізу, трапнасць сац.-быт. характарыстыкі персанажа, разнастайнасць фарбаў (ад лірыкі да едкага сарказму): Кароль («Голы кароль» Я.​Шварца), Серабракоў, Фірс, Шабельскі («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сал», «Іванаў» Чэхава), Пётр Хромаў («Сталявары» Г.​Бокарава, Дзярж. прэмія СССР 1974). З 1957 здымаўся ў кіна- і тэлефільмах: «Сцеражыся аўтамабіля», «Бег», «Старыя-разбойнікі», «Дзямідавы», «Па сямейных абставінах», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,

эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ. дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.​Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІЧАСЦІ́ЦЫ,

элементарныя ўзбуджэнні, з дапамогай якіх у статыстычнай фізіцы апісваюць станы вадкасцей і цвёрдых цел. Напр., кванты гукавых ваганняў крышталічнай рашоткі (фаноны), кванты спінавых хваль у ферамагнетыках (магноны). Маюць цэлы або паўцэлы спін. Паводзіны К. вызначаюцца законамі квантавай механікі.

Паняцце «К.» ўзнікае ў сувязі з квантава-мех. апісаннем калектыўнага руху атамаў у рэчыве (іх нельга атаясамліваць з рэальнымі часціцамі). Паводле карпускулярна-хвалевага дуалізму элементарныя ўзбуджэнні можна апісваць як К., якія рухаюцца ў целе і маюць пэўныя энергіі, імпульсы і спіны. Пры нізкіх т-рах узбуджаныя станы цела апісваюцца невялікім лікам устойлівых К., якія слаба ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і іх сукупнасць можа разглядацца як ідэальны газ.

Л.​І.​Камароў.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́СА—СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ» ДЫЯГРАМА ў астраноміі,

залежнасць паміж масамі зорак і іх свяцільнасцямі. Тэарэтычна прадказана А.Эдынгтанам у пач. 20 ст. На аснове законаў нябеснай механікі вызначаны масы некаторых зорак, якія ўваходзяць у склад падвойных зорак. Для іх выяўлена эмпірычная залежнасць паміж масай і баламетрычнай свяцільнасцю: Lbol=M​3,9, дзе L — свяцільнасць зоркі, М — яе маса. З формулы вынікае, што ў верхняй частцы галоўнай паслядоўнасці (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма) знаходзяцца самыя масіўныя зоркі з масамі, у дзесяткі разоў большымі за сонечную. Выкарыстанне «М.—с.» д. дае магчымасць па вядомай свяцільнасці вызначаць масы адзіночных зорак, для якіх гэта нельга зрабіць з непасрэдных назіранняў.

А.​А.​Шымбалёў.

«Маса—свяцільнасць» дыяграма для зорак галоўнай паслядоўнасці.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРУ́ЧВАННЕ,

абеззаражванне насення і пасадачнага матэрыялу ад узбуджальнікаў грыбковых, бактэрыяльных, вірусных хвароб з дапамогай спец. хім. сродкаў (гл. Пратравы). Выкарыстоўваюць сухое, мокрае і паўсухое П.

Сухое П. — апудрыванне парашкападобнымі прэпаратамі. Яго недахопы — невял. ступень прыліпання пратравы да насення, небяспека распылення. Мокрае П — апрацоўка вадкімі прэпаратамі, з далейшымі тамленнем і прасушваннем. Працаёмкі метад, выкарыстоўваецца для невял. партый каштоўнага насення. Паўсухое П. — нанясенне парашкападобных пратручвальнікаў на ўвільготненае насенне ці апрацоўка суспензіямі; найб. перспектыўны метад.

Найб. эфектыўнае П. — за 5—8 мес да сяўбы ці пасадкі. Насенне пратручваюць на адкрытай пляцоўцы (не бліжэй як за 200 м ад жылых і жывёлагадоўчых памяшканняў). Пратручанае насенне нельга выкарыстоўваць у ежу і на корм жывёле.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎЕ ў граматыцы,

граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».

Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).

Я.​М.​Камароўскі.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,

сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.

Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)