ГРО́ДНЕЎ Мікола (Мікалай Пятровіч; н. 25.10.1929, в. Старая Алешня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў. У 1957—89 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1954. Аўтар кніг прозы «За бацькоўскім парогам» (1960), «Цяжкае шчасце» (1963), «Заручыны» (1972), «Што скажуць людзі» (1975), «Крок да тайны» (1983). У нарысах, апавяданнях, аповесцях раскрывае жыццё людзей сучаснай вёскі, уздымае вострыя маральна-этычныя пытанні, паказвае пошук моладдзю свайго месца ў жыцці. Выдаў дакумент. аповесці «Высокі поўдзень» (1974), «Зоркаўкі» (1975), зб. гумарыстычных апавяданняў «Клін клінам» (1979).

Тв.:

Салодкі боль. Мн., 1977;

Нязведаная даль. Мн., 1989.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́Д,

у беларусаў старадаўні абрад, які звычайна спраўлялі ў пачатку вяселля. Маладую (радзей маладога) садзілі на хлебную дзяжу, накрытую вывернутым кажухом (сімвалізавалі здароўе, дабрабыт і шчасце). Важнай часткай П. маладой было расплятанне касы, якое ўрачыста адбывалася перад «прыпяканнем» (падпальваннем) валасоў і азначала пераход дзяўчыны ў іншы (жаночы) стан. Існаваў і сумесны П. маладых, састаўной часткай якога былі абрады «адвядзення», «злучэння» маладых, што азначалі заключэнне шлюбу. Абрад суправаджаўся журботнымі лірычнымі песнямі, якія вызначаліся багаццем варыянтаў, вял. колькасцю сюжэтаў, ’своеасаблівай кампазіцыяй (звычайна складаліся з 2 частак, пабудаваных на аснове паралелізму); шырока выкарыстоўваўся разгорнуты маналог (дыялог) і інш.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў Юрый Аляксандравіч (2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.​Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Булычоў. Раніца ў горадзе. 1957.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў Міхаіл Эмануілавіч (23.8.1897, ст. Рамадан Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 16.12.1954),

расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1922). Друкаваўся з 1922. Першая кніга — зб. апавяд. «Папугаева шчасце» (1924). Раман «Дзевяць кропак» (кн. 1—4, 1929—37, поўнасцю апубл. ў 1956 пад назвай «Крушэнне імперыі») пра падзеі 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі — шматпланавы гіст.-быт. і сац. твор. Аўтар рамана «Жыхары гэтага горада» (апубл. 1955), аповесцей «Мешчанін Адамейка», «Паўтара Хама» (абедзве 1927), «Верны ўдар» (1946), «Петраградскія дні» (апубл. 1957), п’ес «Чэкісты» (1939), «Дар’я» (1942), «Яблыня і сякера» (1943), «Няіставы Вісарыён» (1948) і інш.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая звязвае 2 паўрадкоўі аднаго вершаванага радка або словы, размешчаныя ў сярэдзіне 2 суседніх радкоў:

Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць,
Хоць страшна засмучаны ты,
За добрую справу, за шчасце і славу
Душу вырывай з цемнаты.
(Я.​Купала.«За праўду»)

У.р., як і рыфма ўвогуле, мае метрычна-кампазіцыйнае значэнне, чым вылучаецца з шэрагу ўнутрырадковых слоўных сугуччаў, якія па форме падобны да яе. Найб. часта сустракаецца ў нар. паэзіі і паэтаў, творчасць якіх звязана з фальклорам (Я.​Купала, Л.​Геніюш, Т.​Шаўчэнка і інш.). На выкарыстанні У.р. засн. леанінскі верш.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАФІ́З, Гафіз,

Хафез (сапр. Шамседдзін Махамед; каля 1325, г. Шыраз, Іран — 1389 ці 1390),

персідскі і таджыкскі паэт. Атрымаў багаслоўскую адукацыю і праславіўся як «хафіз» (чалавек, які ведае на памяць Каран). Вершы пачаў пісаць рана. Асн. жанр — газелі (больш за 400), у якім дасягнуў дасканаласці. Яго лірыка простая, перадае розныя адценні чалавечых пачуццяў, вызначаецца гармоніяй зместу і формы, зліццём думкі, жывапісу і музыкі. Апяваў каханне, віно, зямное шчасце. Выказваў незадаволенасць рэчаіснасцю, асуджаў духавенства. Зведаў уплыў суфізму і містыцызму.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Уфа, 1973;

Сто семнадцать газелей. М., 1981;

Газели. 2 изд. М., 1984.

т. 16, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ Іосіф Львовіч (17.12.1911, Мінск — 7.12.1964),

бел. тэатр. дзеяч і драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў курсы кінасцэнарыстаў у Мінску (1930). Працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931—33). З 1935 заг. літ. часткі БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа). З 1948 дырэктар гэтага т-ра. З 1961 дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм». Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар драмы «Цэнтральны ход» (1948) і лірычнай камедыі «Алазанская даліна» (1949; абедзве з К.​Губарэвічам, пастаўлены ў т-ры імя Я.​Коласа), п’есы «Права на шчасце» (пастаўлена ў т-ры імя Я.​Коласа і ў драм. т-ры ў г. Вялікія Лукі), нарысаў, артыкулаў па праблемах тэатр. мастацтва.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТКО́ВІЧ Аляксандр Залманавіч (20.12.1920, в. Вярхоўе Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1989),

рэжысёр тэлебачання. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1949). Працаваў у бел. т-рах імя Я.​Коласа і юнага гледача. З 1959 на Рэсп. студыі тэлебачання. У тэлевізійных пастаноўках, большасць якіх зроблена па творах бел. пісьменнікаў, імкнуўся дэталёва распрацаваць характары персанажаў набліжана да літ. першакрыніцы. З лепшых работ: тэлевізійныя спектаклі «Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага (1964), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна (1968); тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1971, з Н.​Ардашнікавым), а таксама паводле твораў П.​Броўкі, А.​Куляшова, В.​Адамчыка, І.​Пташнікава і інш.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ Арсен Георгіевіч (21.5.1897, г. Шаўляй, Літва — 5.9.1989),

рускі перакладчык, літ.-знавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Скончыў Вышэйшыя курсы пры Дзярж. ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе (1927). Друкаваўся з 1927. Пераклаў на рус. мову паэму П.​Труса «Дзесяты падмурак» (1947), аповесці Я.​Брыля «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1956), «Сірочы хлеб» (1957), «У сям’і» (1958), раман «Птушкі і гнёзды» (1964), раманы І.​Шамякіна «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1959), «Сэрца на далоні» (1964), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974) і цыкл аповесцяў «Трывожнае шчасце» (1960—70, з П.​Кабзарэўскім), апавяданні Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, п’есы К.​Крапівы, творы інш. бел.пісьменнікаў.

Літ.:

Лиокумович Т. Переводчик с белорусского // Неман. 1977. № 5.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФУ́Р ГУЛЯ́М (сапр. Гулямаў Гафур Гулямавіч; 10.5.1903, Ташкент — 10.7.1966),

узбекскі пісьменнік. Нар. паэт Узбекістана (1963). Акад. АН Узбекістана (1943). Друкаваўся з 1923. У творах крытыкаваў перажыткі мінулага ў свядомасці і побыце людзей, сцвярджаў новую сав. рэчаіснасць (зб-кі вершаў «Дынама», 1931; «Іду з Усходу», 1943, Дзярж. прэмія СССР 1946; «Агні Узбекістана», 1947; «Шчасце роднай зямлі», 1951; «Вынік», апубл. 1967, Ленінская прэмія 1970; кн. прозы «Гумарыстычныя апавяданні», 1931; «Хітрыкі шарыяту», 1953 і інш.). На бел. мову творы Гафура Гуляма перакладалі Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, С.​Гаўрусёў і інш.

Тв.:

Бел. пер.: — у кн.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;

Сонца ў арыках. Мн., 1966;

Вясёлка над арыкам. Мн., 1986.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)