ААН,

гл. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс. нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДА́ТНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

агульная назва б. калоній Германіі і некаторых уладанняў Турцыі, перададзеных пасля 1-й сусв. вайны Лігай Нацый у кіраванне краінам-пераможцам на аснове мандата. Мандатная сістэма, уведзеная паводле Статута Лігі Нацый, фактычна ўяўляла сабой форму каланіяльнага панавання імперыяліст. дзяржаў і прыкрывала пераразмеркаванне імі каланіяльных уладанняў пераможаных дзяржаў. Кожная з М.т. мела свой статус, які ў многім залежаў ад дзяржаў — трымальнікаў мандатаў. Пасля 2-й сусв. вайны мандатная сістэма заменена сістэмай апекі ААН (гл. Апека міжнародная).

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГА (франц. ligue ад лац. ligo звязваю),

саюз, згуртаванне, аб’яднанне асоб, арг-цый, дзяржаў. Гл. таксама Ліга арабскіх дзяржаў, Ліга Нацый.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),

арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел. арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар. дыпламат. балі. Выдавала інфарм. час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.​Алехнік.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ЗЛАЧЫ́НСТВА,

найцяжэйшае проціпраўнае дзеянне, якое замахваецца на асновы існавання дзяржаў і нацый, падрывае найважнейшыя прынцыпы міжнар. права, пагражае міжнар. міру і бяспецы. Аб’ектам М.з. могуць быць: усеагульны мір і міжнар. бяспека; добрасуседскія адносіны паміж народамі і дзяржавамі; правы народаў і нацый на самавызначэнне; законы і звычаі вайны. У адпаведнасці са Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала і інш. міжнар.-прававымі актамі да М.з. адносяцца: злачынствы супраць міру, ваен. злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і чалавецтва, у т. л. каланіялізм, генацыд, апартэід, масавае забруджванне атмасферы або мораў (экацыд). Суб’ектамі М.з. і суб’ектамі адказнасці за іх учыненне могуць быць дзяржавы, міжнар. арг-цыі і фіз. асобы.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЯ ПАЛА́ТА МІЖНАРО́ДНАГА ПРАВАСУ́ДДЗЯ,

міжнародны судовы орган пры Лізе Нацый у 1921—40. Вырашала міжнар. спрэчкі, перададзеныя яму бакамі добраахвотна, а таксама паводле дзеючых дагавораў і канвенцый. Знаходзілася ў г. Гаага (Нідэрланды).

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ НА́ЦЫІ,

тэрмін, прыняты для назвы дзяржаў, якія ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 уваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю і стварылі ў 1945 Арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН). У літаратуры і афіц. публікацыях выкарыстоўваецца і як скарочаная назва ААН.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́КСІЯ (ад лац. annexio далучэнне),

захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,

сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)