ПЁТР III Фёдаравіч

(сапр. Карл Пётр Ульрых Гальштэйн-Гаторпскі; 21.2.1728, г. Кіль, Германія — 18.7.1762),

расійскі імператар [студз.—ліп. 1762]. Першы прадстаўнік гальштэйн-гаторпскай лініі (1762—1917) дынастыі Раманавых. Сын гальштэйн-гаторпскага герцага Карла Фрыдрыха і Ганны Пятроўны, дачкі Пятра I. У 1742 рас. імператрыца Лізавета Пятроўна абвясціла яго сваім наследнікам. Пасля ўступлення на прастол П. III, як прыхільнік Прусіі, спыніў ваен. дзеянні супраць яе ў Сямігадовай вайне 1756—63, чым выклікаў незадаволенасць у патрыятычна настроеных колах грамадства. Санкцыянаваў шэраг важных мерапрыемстваў. распрацаваных набліжанай да яго прыдворнай групоўкай (А.​І.​Глебаў, М.​І.​Варанцоў, Дз.​В.​Волкаў і інш.): Маніфест аб вольнасці дваранства 1762, скасаванне Тайнай канцылярыі і інш. Падрыхтоўка да секулярызацыі манастырскіх маёнткаў, большая верацярпімасць да прыхільнікаў расколу і пратэстантаў, закрыццё хатніх цэркваў і інш. перамены выклікалі незадаволенасць правасл. духавенства. Малаадукаваны, няздольны да кіравання, П. III насаджаў у арміі прускія парадкі. Незадаволеная гэтым і антынац. знешняй палітыкай імператара гвардыя ўзвяла (9.7.1762) на прастол яго жонку Кацярыну II. П. III быў арыштаваны і неўзабаве забіты гвардз. афіцэрамі. Дварцовы пераварот спарадзіў у народзе неабгрунтаваныя чуткі быццам П. III скінуты дваранамі за намер вызваліць сялян ад прыгону (як «вызваліў» дваран). Пад імем П. III выступалі многія самазванцы, у т. л. Е.І.Пугачоў.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ, Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму». Дзейнічаў са жн. 1941 да ліп. 1944 у г. Дзяржынск і Дзяржынскім р-не ў Вял. Айч. вайну пад кіраўніцтвам Мінскага падп. абкома КП(б)Б і Дзяржынскага падп. райкома КП(б)Б у кантакце з Мінскім патрыятычным падполлем. Яднала 120 чал. Першая падп. група створана па ініцыятыве І.​А.​Жукаўца, Г.​В.​Будая і П.​М.​Хмялеўскага. Існавалі групы ў вёсках Вял. Навасёлкі, Кукшавічы, Станькава, Баравое, Касілавічы, Нявелічы, Шацілы і інш. У канцы жн. 1941 створаны Дзяржынскі антыфаш. к-т «Смерць фашызму» ў складзе Будая (кіраўнік), Жукаўца, Хмялеўскага, С.​Ф.​Юховіча (з вясны 1942). Падпольшчыкі збіралі звесткі аб варожым гарнізоне, карных аперацыях супраць насельніцтва і партызан, забяспечвалі падпольшчыкаў, партыз. сувязных, былых ваеннаслужачых пашпартамі, пропускамі (аўсвайсамі), вялі антыфаш. прапаганду сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газ. «Звязда», збіралі разведданыя для партызан, накіроўвалі да іх людзей, перадавалі зброю, медыкаменты, адзенне, прадукты, сарвалі намер акупантаў стварыць атрады «самааховы», выратавалі больш за 400 чал. ад вывазу ў Германію, палілі і ўзрывалі масты і эшалоны, знішчалі жывую сілу і баявую тэхніку ворага, парушалі тэлеграфна-тэлефонную сувязь і інш. У крас. 1942 на базе некалькіх падп. груп створаны партыз. атрад. Пасля арыштаў у кастр. 1942 к-т перастаў дзейнічаць, большасць падпольшчыкаў перайшла да партызан.

Л.​В.​Аржаева, А.​І.​Валахановіч.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); мова славенцаў; афіц. мова Славеніі. Пашырана ў Італіі, Аўстрыі, ЗША. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 дыялектных груп: панонская, штырыйская, карынтыйская, верхнекраінская («гарэньская»), ніжнекраінская («даленьская»), роўтарская, прыморская; да ліку цікавых і арыгінальных належыць дыялект Рэзіі на тэр. Італіі, на базе якога ёсць спробы стварыць літ. мікрамову. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — складаная сістэма галосных, дзе проціпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, якія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад націску; спецыфічны поўнагалосны е, э (транскрыбіруецца як перавернутае е: ә) неўласцівы інш. сучасным мовам, але падобны да праслав. рэдукаванага; у марфалогіі — шмат архаічных рысаў, у т.л. разгорнутая сістэма скланення, дзе захаваліся формы падвойнага ліку; форма супіна ў дзеясловаў, якая перадае намер што-небудзь зрабіць; некат. формы прошлага часу (перфект, плюсквамперфект) і інш. На дыялектным узроўні выяўляюцца шматлікія супадзенні паміж значнымі масівамі і асобнымі групамі славенскіх і бел. гаворак: пераход ненаціскнога o у a, пераход l у u і інш.

Пісьменства з 10—11 ст. (Фрэйзінгенскія ўрыўкі). Пачатак літ. С.м. звязаны з пратэстантызмам, дзейнасцю Прымажа Трубара, які перакладаў богаслужэбныя кнігі на даленьскі дыялект (аснова літ. мовы). Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Мечковская Н.Б. Словенский язык. Мн., 1991;

Цыхун Г. Аб славенска-беларускіх моўных сыходжаннях // III. Nemzetkōzi szlavisztikai napok. Szombathely, 1988;

Я го ж. Да беларуска-славенскіх дачыненняў (гістарычна-моўная праблематыка) // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мн., 2001.

Г.​А.​Цыхун.

т. 14, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,

буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл. Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.​Карпач, С.​Бачко, В.​Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.​Ф.​Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс. чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс. чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач. лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.

Літ.:

Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;

Іх жа. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.

В.​І.​Мялешка.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЦЫ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1914,

буйнамаштабныя баявыя дзеянні паміж рас. і аўстра-венг. войскамі на тэр. Галіцыі і Польшчы 18.8—21.9.1914 у 1-ю сусв. вайну. Складалася з Люблін-Холмскай (баі каля Красніка і Тамашава), Галіч-Львоўскай (на р. Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа), Гарадоцкай і інш. аперацый. На фронце каля 400 км паміж рэкамі Вісла і Днестр з абодвух бакоў удзельнічалі каля 2 млн. чал. і да 5 тыс. гармат. Рас. камандаванне Паўд.-Зах. фронтам (галоўнакамандуючы ген. М.​І.​Іваноў) планавала акружыць і знішчыць аўстра-венг. сілы (каля 850 тыс. чал., 1800 гармат); аўстра-венг. (эрцгерцаг Фрыдрых) мела намер разграміць правае крыло рас. Паўд.-Зах. фронту (4-ю і 5-ю арміі). 18 жн. на левым крыле распачала наступленне рас. 8-я армія (ген. А.​А.​Брусілаў). 23 жн. перайшлі ў наступленне ўсе арміі Паўд.-Зах. фронту. У ходзе сустрэчнай бітвы ў раёне Краснік—Тамашаў (23 жн.—3 вер.) аўстра-венг. 1-я і 4-я арміі прымусілі 4-ю (ген. А.​Е.​Эверт) і 5-ю (ген. П.​А.​Плеве) рас. арміі адступіць да Любліна, Холма і Уладзіміра-Валынскага. 3-я рас. армія (ген. М.​У.​Рузскі) разбіла аўстра-венграў (3-я армія ген. Р.​Брудэрмана) на р. Залатая Ліпа (26—28 жн.) і прарвала фронт на р. Гнілая Ліпа на ПдУ ад Львова (29—31 жн.). 2 вер. рас. войскі занялі Галіч, 3 вер. — Львоў. У ходзе сустрэчнай Гарадоцкай бітвы (5—12 вер.) 4-я рас. армія прарвала фронт у раёне Тарнаўкі. 12 вер. пачалося агульнае адступленне аўстра-венг. войск. Рас. часці прасунуліся на 280—300 км, занялі Галіцыю і частку аўстр. Польшчы. У Галіцыйскай бітве аўстра-венг. армія страціла 325 тыс. чал. (у т. л. каля 100 тыс. палоннымі) і 400 гармат, рас. войскі — каля 230 тыс. чал. (з іх 40 тыс. палонных) і 94 гарматы.

С.​Б.​Каўн.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),

палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв. паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.​Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.

Літ.:

Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;

Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

А.Т.Б.Касцюшка.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),

устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.

Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.​Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.​Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням. паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей

Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б. СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;

Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;

The autoritarian personality. New York, 1950.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.​І.​Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)