адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял.Айч. вайны разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».
Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.
Літ.:
Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. 1964. Вып. 99;
Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1624—1761 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. Звесткі пра першапачатковы рэпертуар не выяўлены. Вядома, што 10.4.1637 тэатр публічна паставіў драму «па-польску і па-руску», у якой «выразна было прадстаўлена пакутніцтва Хрыста...». Рэпертуар т-ра ўключаў: у 1681 масленічную драму «Не каралеўская прага каралеўства» на сюжэт з гісторыі Англіі, у 1685 лац. драму «Вянок мудрасці» на сюжэт са стараж.-рым. гісторыі, у канцы 17 ст. польск. драму «Містычнае прычасце невінаватых у жалю Караля і Фрэдэрыка» з бел. інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, у 1713 панегірык «Вянец навучальнага года» на лац. і польск. мовах, прысвечаны С.Янушэвічу, у 1715 панегірык «Жамчужына ў кароне ведаў» на лац. мове на сюжэт з твора П.Скаргі, у 1729 панегірык «Юпітэр, прыкрыты арлом» на лац. і польск. мовах, прысвечаны М.Радзівілу, у 1731 масленічную драму «Бурныя ў ап’яненні ахвяры Вакху» на лац. мове, у 1736 драму «Лацыум па-за Італіяй» на лац. мове на сюжэт з польск. гісторыі. Да пач. 1760-х г. дзейнасць т-ра прыпынілася. У 1761 паказаны 2 прадстаўленні на польск. мове: пераробка камедыі «Прытворна хворы» Мальера і трагедыя «Ушанаванне сапраўднага Бога, або Даніэль» (нап. выкладчыкам рыторыкі і паэтыкі М.Ханецкім).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 127—148;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1947 у г. Навагрудак як тэхнікум. З 1997 каледж. Рыхтуе бухгалтараў, таваразнаўцаў, эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; банкаўская справа; маркетынг; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЗАВО́Д ГА́ЗАВАЙ АПАРАТУ́РЫ.
Засн. ў 1944 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. як райпрамкамбінат, з 1960 з-д «Металіст», з 1966 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц.т-ва. У 1967 уведзены ў дзеянне цэх прылад і рэканструяваны механазборачны, у 1971 рэканструяваны цэх газавых балонаў. У 1976 асвоены выпуск парашковых вогнетушыцеляў для аўтамабіляў. З 1977 працуе цэх па вытв-сці камплектаў вузлоў і дэталей. Асн. прадукцыя (1999): газавыя балоны, апаратура (вентылі, рэдуктары, клапаны), вогнетушыцелі, газабалонныя сістэмы для аўтамабіляў, газавыя воданагравальныя калонкі і быт. прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-вабел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр.партыз. атрада Бельскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Касцёл узведзены ў 1780, у 1846 перабудаваны ў псеўдавізант. стылі ў Мікалаеўскую царкву. Касцёл — 3-нефавая мураваная базіліка з 5-граннай апсідай. Гал. фасад падзелены развітым антаблементам на 3 ярусы. Сцены цэнтр. нефа расчлянёны пілястрамі, на гал. фасадзе спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна 2-га яруса і гал. ўвахода на 1-м ярусе, па абодва бакі іх неглыбокія нішы. 3-і ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на 8-гранным барабане. Аконныя праёмы гал. фасада з паўцыркульным і арачным завяршэннем. На Пн ад касцёла 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны корпус кляштара. Гал. фасад вырашаны ў лаканічных формах, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. На паўд. тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Кляштар скасаваны ў 1831.
Т.І.Чарняўская, А.Л.Ярашэвіч.
Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў. Будынак кляштара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл.Засн. ў 1624 віленскім ваяводам К.Хадкевічам, які даў дамініканцам дом, пляц, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака (згарэў у 2-й пал. 17 ст.). Каля 1724 на яго месцы пабудаваны новы, мураваны касцёл (у аб’ём усх. нефа ўключана частка драўлянага касцёла, захаваны дэкор інтэр’ера). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 і 1831. У 1829 побач з касцёлам узведзена 2-ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштара і гасп. пабудовы. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1794—1834 пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. У 1853 кляштар скасаваны. У 1850-я г. ў выніку перабудовы касцёл набыў элементы класіцызму.
Трохнефавая базіліка з плоскім гал. фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай апсідай, да якой з паўн. боку далучана сакрысція. Гал. фасад падзелены развітым карнізам на 2 ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрыты ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздоблены пілястрамі. Аконныя праёмы з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. Надмагільныя пліты-эпітафіі 18 ст. са сцен пакладзены ў падлогу. У 1898 у касцёле нелегальна ўстаноўлена мемар. дошка ў гонар А.Міцкевіча. Будынкі кляштара і школы не захаваліся.
Т.В.Габрусь, С.П.Адамовіч, А.А.Ярашэвіч.
Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў,
князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн.Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.