у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.Рубенса, Я.Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.Глюк, Ф.Ліст, І.Стравінскі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́ДНА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.Тынтарэта, А.Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.Гундуліч), музыцы (Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн, І.К.Бах) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕ́С,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАТЭ́Я,
у грэчаскай міфалогіі: 1) марское божышча, нерэіда — дачка Нерэя, увасабленне спакойнага мора. У яе закаханы страшны сіцылійскі цыклоп Паліфем. Галатэя кахае прыгожага Акіда, сына ляснога бога Пана. З рэўнасці цыклоп забіў Акіда, Галатэя ператварыла свайго каханка ў цудоўную празрыстую рэчку.
2) Створаная Пігмаліёнам статуя прыгожай дзяўчыны, у якую ён закахаўся. Па яго просьбе Афрадыта ажывіла статую, і Галатэя стала яго жонкай. Міф пра Галатэю стаў сюжэтам твораў жывапісцаў К.Ларэна, Рафаэля, Дж.Цьепала, кампазітараў Г.Ф.Гендэля і І.Гайдна, пісьменнікаў М.Сервантэса і Б.Шоу.
Да арт.Галатэя. Трыумф Галатэі. Фрэска Рафаэля. 1515.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛААКО́АН, Лаакоант,
у старажытнагрэч. міфалогіі траянскі прадракальнік, або жрэц. Паводле пашыранага міфа, у час Траянскай вайны Л. разам з двума сынамі быў забіты двума марскімі змеямі за тое, што насуперак волі багіні Афіны намагаўся не дапусціць прыняцця траянцамі ў дар ад грэкаў драўлянага каня, у якім схаваліся грэч. воіны (гл. таксама Траянскі конь), і папярэджваў суайчыннікаў аб каварстве ворагаў. Міф пра Л. адлюстраваны ў ант. л-ры і выяўл. мастацтве. Найб. вядома мармуровая група «Лаакоан» родаскіх скульптараў Агесандра, Атэнадора і Палідора.
Лаакоан. Мармур. Скульптары Агесандр, Палідор і Атэнадор. Каля 50 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Маргарэт. (8.11.1900, г. Атланта, штат Джорджыя, ЗША — 16.8.1949),
амерыканская пісьменніца; прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана. Па адукацыі журналіст. Аўтар гіст. рамана «Знесеныя ветрам» (1936, экранізацыя 1939) пра жыццё амер. Поўдня ў час грамадз. вайны 1861—65 і ў перыяд рэканструкцыі. У рамане крытычна асэнсоўваецца «паўднёвы міф» пра веліч плантатарскага Поўдня, пра высакароднасць і вытанчанасць паўд. джэнтльменаў, пра еднасць белых і чорных. Пасмяротна апублікавана кн. «Лісты Маргарэт Мітчэл пра «Знесеныя ветрам», 1936—1949» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТНАПІ́ШТЫМ, Ут-Напіштым,
герой вавілонскага міфа, які выратаваўся ў час сусв. патопу. Паводле міфа, бог Эа (гл.Энкі) папярэдзіў У. пра знішчэнне ўсяго жывога на Зямлі ў выніку патопу і параіў яму пабудаваць спец. карабель. На гэтым караблі (куды ён узяў «семя ўсяго жывога») У. з сям’ёй накіраваўся на востраў за «водамі смерці». Пасля патопу людзі ад сям’і У. зноў засялілі зямлю, а савет багоў дараваў У. бессмяротнасць. Міф быў пашыраны сярод народаў стараж. Б. Усходу, ён уключаны ў эпас пра Гільгамеша. У акадскай міфалогіі У. адпавядае Зіусудра, у шумерскай — Атрахасіс, у Бібліі — Ной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЭТО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын бога Сонца Геліяса і німфы Клімены. Каб даказаць сваё паходжанне ад Геліяса, Ф. напрасіўся кіраваць сонечнай калясніцай бацькі, але не справіўся з агнядышнымі коньмі. Калясніца панеслася ў небяспечнай блізкасці ад Зямлі і ледзь не спаліла яе. Каб выратаваць Зямлю, Зеўс маланкай забіў Ф. Міф пра Ф. адлюстраваны ў ант. мастацтве, у творчасці мастакоў Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, П.Рубенса, Н.Пусэна і інш.; кампазітараў Д.Скарлаці, К.Сен-Санса і інш.Найб. значны літ. твор пра міфалагічнага героя Ф. — п’еса П.Кальдэрона дэ ла Баркі «Фаэтон, сын Сонца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІ́Л, Ахілес,
у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.П.Рубенса, Дж.Б.Цьепала, Н.Пусэна, А.Іванава.
Да арт.Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.А.Іванаў. 1824.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.