КЫМГАНСА́Н (ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),
Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).
т. 9, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-САХАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ, Заходні хрыбет,
горы на ПдЗ в-ва Сахалін, Расія. Даўж. 650 км, выш. да 1330 м (г. Анор). Складзены з некалькіх паралельных хрыбтоў, падзеленых падоўжнымі далінамі, і патухлых вулканаў (горы Ламанон). Гал. водападзельны хрыбет — Камышовы. Складзены пераважна з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў і магматычных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Лесагорскае, Вуглягорскае, Башнякоўскае і інш.). На схілах мяшаныя лясы пераважна шыракалістых парод і ялова-піхтавая тайга з зараснікамі курыльскага бамбуку. Горы перарэзаны чыг. Паўднёва-Сахалінск—Холмск.
т. 7, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПОСТ,
вадамерны пост, пункт на водным аб’екце, абсталяваны для сістэматычных гідралагічных назіранняў. Падзяляюцца на рачныя, азёрныя, балотныя, на вадасховішчах, ледавіках і інш., па канструкцыі бываюць рэечныя, па́левыя, мяшаныя, перадатачныя, дыстанцыйныя, паводле тыпу ўстаноўкі самапісца ўзроўню вады — берагавыя і астраўныя. У аддаленых раёнах дзейнічаюць аўтаматычныя гідралагічныя пасты. Першыя гідралагічныя пасты на рэках Беларусі ўзніклі ў 19 ст.: на Зах. Дзвіне (1838, Віцебск), на Прыпяці (1843, Пінск, Тураў, Мазыр), на Дняпры (1844, Магілёў). У 1997 дзейнічалі 120 пастоў на 83 рэках, ручаях і каналах і 14 пастоў на 14 азёрах і вадасховішчах.
т. 5, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСІВА́Ж (ад франц. lessivage вышчалочванне, вымыванне),
перамяшчэнне ілістых (тонкадысперсных) часцінак глебы ў форме водных суспензій (без іх хім. пераўтварэння) з верхніх гарызонтаў у ніжнія. Характэрны для кантынентальнага і ўмеранага клімату з вял. колькасцю ападкаў у летні перыяд, са слабымі сезоннымі кантрастамі (атл., міжземнаморскі) на розных паводле генезісу глебаўтваральных пародах. Адбываецца ў шэрых, лясных, падзолістых і інш. глебах, з разнастайнай расліннасцю (лістападныя і шыракалістыя лясы цёплага пояса, мяшаныя і лісцевыя лясы больш халоднага клімату). У рознай ступені інтэнсіўнасці праяўляецца ва ўсіх глебава-кліматычных зонах Беларусі.
Л.В.Кругяоў.
т. 9, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА, Мяшчора. У цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, паміж рэкамі Клязьма (на Пн), Масква (на ПдЗ), Ака (на Пд), Судагда і Колп (на У), у межах Маскоўскай, Уладзімірскай і Разанскай абл. Расіі. Алювіяльна-зандравая плоская раўніна (выш. 80—130 м на Пд, 120—130 м на Пн). Складзена з водна-ледавіковых і рачных пяскоў і суглінкаў. Рэкі — Бужа, Цна, Поля, Гусь, Пра і інш. Шмат азёр (Шатурскія, Спас-Клепікаўскія) і балот (Шатурскія, Тугалескі Бор, Гусеўскія і інш.). Мяшаныя лясы, на пясках — хваёвыя бары, па далінах рэк — лугі. Характэрны ландшафты аполляў.
т. 11, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАГЛІКАЗІ́ДЫ (N-гліказіды, другасныя або трацічныя гліказіламіны),
гліказіды, у малекулах якіх гліказідныя сувязі ўтвараюцца з удзелам атама азоту. Амінагліказіды — вытворныя гліказіміну (першасны гліказіламін), утвараюцца ў выніку замяшчэння аднаго ці двух атамаў вадароду ў амінагрупе (-NH2) аліфатычнымі, араматычнымі або гетэрацыклічнымі радыкаламі. Сустракаюцца ў тканках жывёл і раслін, маюць вял. біял. актыўнасць і выкарыстоўваюцца ў медыцыне (напр., фтарафур, цытарабін) і біялогіі. Аліфатычныя і араматычныя амінагліказіды атрымліваюць кандэнсацыяй цукроў з амінамі. Да прыродных амінагліказідаў належаць нуклеатыды і нуклеазіды, некаторыя каэнзімы (напр., адэназінтрыфосфарная к-та, урыдзінтрыфасфат і інш.), глікапратэіды, амінагліказідныя антыбіётыкі, мяшаныя біяпалімеры. Амінагліказіды некаторых араматычных амінаў могуць быць антыаксідантамі каўчуку.
т. 1, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАПО́ЛЬСКА-КУЯ́ЎСКАЯ НІЗІ́НА (Nizina Wielkopolsko-Kujawska),
нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас. р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.
У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял. воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р. Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж. каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).
Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх. ч. Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,
найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.
т. 7, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРО́ЦЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Wrocławskie),
у паўднёва-заходняй частцы Польшчы. Пл. 6287 км², нас. 1130,7 тыс. чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц. — г. Вроцлаў. Рэльеф пераважна раўнінны. На Пн Жмігрудская катлавіна і Тшабніцкая града (257 м), у сярэдняй ч. Вроцлаўская раўніна, на Пд — перадгор’і Судэтаў (г. Шленжа 718 м). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 500—900 мм. Гал. рака — Одра з прытокамі Відава, Алава, Шленза і інш. Хвойныя і мяшаныя лясы. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Развіта маш.-буд., харч., фармацэўтычная, хім., металургічная прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Алясніца, Ельч-Ляскавіцы, Бжэг Дольны, Алава. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, тэхн. культуры. Гадуюць свіней. Санаторна-курортныя цэнтры: Тшабніца і Абарнікі-Шлёнске.
т. 4, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)