у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.Мантэнья, Л.Карачы, П.П.Рубенс), літаратары (Г.Сакс, Я.Б.Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.Пёрсел, А.Скарлаці, Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗАМІ́Н (Impatiens),
род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЖА́ЎНЫЯ ГРЫБЫ́ (Uredinales),
парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ ГО́РАДА,
мясцовы клімат вял. горада. Яго асаблівасці вызначаюцца характарам забудовы і пакрыцця вуліц, наяўнасцю прамысл. прадпрыемстваў, насычанасцю транспартам і інш. Характарызуецца павышанымі т-рамі і забруджанасцю паветра (іншы раз смогам), аслабленнем сонечнай радыяцыі, памяншэннем выпарэння і адноснай вільготнасці, павелічэннем воблачнасці і ападкаў летам, туманаў зімой, памяншэннем скорасці ветру. Унутры горада на асобных вуліцах і плошчах ствараецца мноства тыпаў мікракліматаў. У Мінску сярэднегадавая т-ра паветра на 0,3 °C вышэйшая, чым на ўскраінах. Летам ноччу пры бязвоблачным і бязветраным надвор’і розніца т-р павялічваецца да 5—6 °C. Празрыстасць атмасферы ў Мінску на 3%, а ў найб. забруджаных раёнах на 5% ніжэйшая, чым у сельскай мясцовасці, што зніжае гадавы прыход прамой сонечнай радыяцыі на 12—15%. Колькасць ападкаў у Мінску на 80 мм большая, чым у наваколлі. Сярэдняя гадавая скорасць ветру на тэр. Мінскай метэастанцыі на 0,5 м/с меншая, чым на навакольных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫТАНІ́Т,
запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́РЫНГу біялогіі,
сістэма назірання, ацэнкі стану навакольнага асяроддзя і прагнозу яго змен. Накіраваны на кантроль пераважна антрапагеннага ўздзеяння на прыроду; адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. Тэрмін з’явіўся ў 1920-я г., шырока ўжываецца з 1970-х г.Асн. элементы сістэмы М. пашыраны з пач. 1970-х г. Вылучаюць М. мясцовы, рэгіянальны, глабальны, паводле мэт — біясферны, біял. (экалагічны), геахім., геафіз. і інш. На Беларусі М. ажыццяўляецца ў ін-тах Нац.АН (аддзяленні: біял., мед.-біял., хім. і геал. навук), Бярэзінскім біясферным і Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніках, гідраметслужбе і інш.
Біясферны М. вызначае глабальна-фонавыя змены ў прыродзе (колькасць азону, вуглякіслага газу, змены надвор’я і клімату на планеце, узроўні радыяцыі, цяпла, сусв. міграцыі жывёл і інш.). Экалагічны М. вывучае змены ў складзе экалагічных сістэм, біягеацэнозаў ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння. Мэты геафізічнага, геахімічнага, санітарна-таксікалагічнага М. — атрыманне інфармацыі аб узроўні забруджвання навакольнага асяроддзя, інтэнсіўнасці і характары ўздзеяння забруджвання на біял. сістэмы, іх аналіз і прагнозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУРО́К (Cucumis),
род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал.ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс.г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.
Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш.Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.
Літ.:
Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;
Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАК,
1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССРнайб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.
2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял.кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл.Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр.ВКЛ агульныя прававыя нормы.