«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»

(«El cantar de Mío Cid»),

помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.​Карнеля, М.​Мачада-і-Руіса, навук. працах І.​Гердэра.

Публ.:

Рус. пер. — Песнь о Роланде;

Коронование Людовика;

Нимская телега;

Песнь о Сиде;

Романсеро. М., 1976.

Літ.:

Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,

помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл. Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв. Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл. Красінскага летапіс) і пашыранай (гл. Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял. кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр. гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус. літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,

хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.

Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст. Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.​Каломба, статуя Данатэла, карціны А.​Дзюрэра, В.​Карпача, Л.​Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.

Л.​М.​Драбовіч.

Да арт. Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.​Учэла 1450-я г.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),

нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.​Папковіч.

Тв.:

Рус. пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;

Избранное. М., 1980.

Літ.:

Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.

Г.​В.​Сініла.

Г.Лесінг.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.​Буднікам, Я.​Глебавым, Э.​Зарыцкім, І.​Лучанком, Ю.​Семянякам, Л.​Захлеўным, У.​У.​Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,

асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш. Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).

Літ.:

Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.

В.​С.​Пазднякоў.

Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял. кн. Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял. кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.

Літ.:

Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.

А.​В.​Іоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.

Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял. кн. ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.

Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».

Публ.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.

Літ.:

История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ (Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса I [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,

адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл. Кумулятыўныя казкі).

Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш. — надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.

Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.​У.​Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.​Ф.​Карскі, чэш. фалькларыст І.​Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.​Р.​Раманава, П.​В.​Шэйна, М.​Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;

Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

гл. таксама да арт. Казка.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 7, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)