КАБАТА́Ж (франц. cabotage),

суднаходства паміж партамі, якія належаць адной дзяржаве. Адрозніваюць вял. К. — перавозкі грузаў і пасажыраў паміж партамі розных мораў, і малы К. — перавозкі паміж партамі аднаго мора. У Расіі, напр., адносна К. разглядаюць як адно мора Чорнае і Азоўскае, Белае м. і Паўн. Ледавіты ак., Японскае, Ахоцкае і Берынгава моры.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛІ́Ў,

частка акіяна, мора ці возера, якая дастаткова глыбока ўразаецца ў сушу, але мае свабодны водаабмен з асн. вадаёмам. У залежнасці ад прычын узнікнення, памераў, канфігурацыі, звязанасці з асн. вадаёмам адрозніваюць бухты, гафы, лагуны, фіёрды і эстуарыі. Часам З. называюць асобныя ч. Сусветнага ак., якія па сваім гідралагічным рэжыме належаць да мораў (напр., Мексіканскі, Гудзонаў).

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙГА́Ч,

востраў на мяжы Баранцава і Карскага мораў, тэр. Расіі. Аддзелены ад мацерыка пралівам Югорскі Шар. Пл. каля 3,4 тыс. км². Паверхня раўнінная, у цэнтр. частцы 2 паралельныя грады. Выш. да 170 м. Складзены пераважна з гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў. Арктычная тундра. Шмат азёр і балот. Населеныя пункты: Вайгач, Доўгая Губа, Варнек. Палярная станцыя (з 1950).

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГУ́СТЫ (Palinurus),

род беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. 5 відаў. Пашыраны на шэльфе трапічных і субтрапічных мораў. Жывуць на камяністым дне, у расколінах скал.

Даўж. да 75 см, маса да 13 кг і больш. Цела і тоўстыя антэны маюць моцныя шыпы. Начныя жывёлы. Кормяцца жывёльным кормам, пераважна малюскамі. Развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Лангуст.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУ́НА (італьян. laguna ад лац. lacus возера),

мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТУРНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванне картаграфічнай сеткі і элементаў (контураў) агульнагеагр. карты. На К.к. паказваюцца без надпісаў, адным колерам: берагавыя лініі мораў, азёр, рэкі, населеныя пункты, палітыка-адм. граніцы і асобныя элементы тэматычных карт. Выкарыстоўваюць у вучэбных мэтах. К.к. — від бланковай карты, дзе нанесены разрэджаная аснова геагр. карты з надпісамі; ужываюць у якасці асновы для спец. і тэматычных карт у археалогіі, геалогіі, метэаралогіі і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РАВЫЯ, ліры-рыбы, марскія мышы,

пячкуркі (Callionymidae), сямейства рыб атр. акунепадобных. 10 родаў, каля 130 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне мораў умеранага і трапічнага паясоў (у Чорным м. 4 віды). Актыўныя ўначы, удзень напаўзакопваюцца ў грунт.

Даўж. да 35 см. Цела без лускі, страката і ярка афарбаванае. Брушныя плаўнікі знаходзяцца спераду грудных. Выражаны полавы дымарфізм. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі.

Да арт. Ліравыя. Ліра-рыба: самец (уверсе) і самка.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЫ (ням. Watten ад галанд. wadden прыбярэжныя водмелі),

асушкі, шырокая паласа нізіннага берага мора, якая штодзённа затапляецца пры прылівах і асушаецца пры адлівах. Утвараюцца з наносаў дробнага пяску і глею. Маюць разгалінаваную зменлівую сетку жалабоў сцёку марскіх і рачных вод. Пашыраны на паўд. узбярэжжы Паўн. м., а таксама на берагах Белага, Баранцава, Ахоцкага мораў, Мексіканскага зал. і інш. Месцамі адгароджаны дамбамі ад мора і выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫБ,

хвалі на паверхні акіянаў і мораў, якія ўтвараюцца з ветравых хваль пасля поўнага спынення ветру ці ў выніку выхаду апошніх з раёна іх узнікнення ў вобласць, дзе ветру няма. Хвалі З. звычайна даўжэйшыя за ветравыя (даўж. да 300—400 м, выш. да 10—15 м, перыяд да 17—20 с) і больш рэгулярныя (правільныя). З. пры бязветранасці з хвалямі правільнай формы і малой стромкасці называюць мёртвым З.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКІ́-САРО́КІ (Haematopus),

птушкі роду сяўцовых атр. сеўцападобных. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўн. Амерыкі. 4 віды. Пашыраны спарадычна па берагах мораў, унутр. вадаёмаў. На Беларусі трапляецца К.-с. звычайны (H. ostralegus). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП — 1 від і 1 падвід.

Даўж. да 43 см, маса да 500 г. Кормяцца малюскамі, дробнымі ракападобнымі, чарвямі, насякомымі, зрэдку дробнай рыбай. Нясуць 2—4 яйцы.

Кулік-сарока звычайны.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)