ГЕРАНІЁЛ,

транс-3, 7-дыметылоктадыен-2, 6-ол-1, арганічнае злучэнне (CH​3)2C=CHCH2CH2C(CH3)=CHCH2OH. Бясколерная вадкасць з пахам ружы, tкіп 229—230 °C, шчыльн. 889 кг/м³ (20 °C). Гераніёл маюць многія эфірныя алеі (напр., гераніевы алей). Выкарыстоўваюць у парфумерыі.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛЕ́З (франц. anglaise літар. англійская),

агульная назва нар. англійскіх танцаў, якія былі пашыраны ў краінах Еўропы ў 17—19 ст. Музыкай блізкія да экасеза, формай — да рыгадона. Многія кампазітары (І.​Фішэр, Ф.​Філідор, І.​С.​Бах) уключалі танцы тыпу англеза ў інстр. сюіты.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ВЫ, дайва, дзівы,

у іранскай міфалогіі злыя духі. Супрацьпастаўляліся добрым духам ахурам. Д. уяўлялі рагатымі, валасатымі, шматгаловымі веліканамі, якія жылі ў дзікіх, цяжкадаступных мясцінах, у нетрах зямлі, дзе ахоўвалі скарбы (каштоўныя металы і камяні). Многія легендарныя іранскія цары і волаты выступалі як дэваборцы.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКАІДО́З [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + eidēs падобны + ...оз(ы)], гранулематоз дабраякасны,

захворванне чалавека, пры якім пашкоджваюцца многія органы і тканкі, у т. л. скура. Вылучаюць дробнавузельчыкавую, вузлавую і дыфузна-інфільтравальную формы С. скуры. Пашкоджваюцца таксама лімфатычныя вузлы, вочы, косці. Лячэнне комплекснае.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНО́ЗЫ [ад грэч. arachnē павук + ...оз(ы)],

хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца ядавітымі і паразітычнымі павукападобнымі (пераважна кляшчамі). З ядавітых павукоў асабліва небяспечныя тарантул, каракурт; сярод арахнозаў, якія выклікаюцца кляшчамі (акарозаў), шырока вядомы кароста, многія дэрматозы. Асабліва цяжка хварэюць маладыя і знясіленыя жывёлы.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТА́ЛЫ,

простыя рэчывы, што не маюць характэрных для металаў уласцівасцей. Для Н. характэрна кавалентная сувязь, нізкія цепла- і электраправоднасць. Многія з іх у звычайных умовах газападобныя. Да Н. адносяцца: вадарод, бор, вуглярод, крэмній, азот, фосфар, мыш’як, кісларод, сера, селен, тэлур, галагены і інертныя газы.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭІ́ДЫ (ад прата... + грэч. eidos выгляд),

складаныя бялкі, утвораныя з простых бялкоў (пратэінаў) і прастэтычных груп. У залежнасці ад хім. прыроды прастэтычнай групы падзяляюць на нуклеапратэіды, глікапратэіды, ліпапратэіды, фосфапратэіды і інш. Да П. адносяцца многія ферменты. Выконваюць пластычныя, ферментатыўныя, гарманальныя і інш. жыццёва важныя функцыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),

дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРО́Н,

састаўная квазічасціца, якая рухаецца ў крышталі; адно з асн. паняццяў электроннай тэорыі праводнасці паўправаднікоў і дыэлектрыкаў з іоннай рашоткай. Складаецца з электрона праводнасці (ці дзіркі), што рухаецца разам з выкліканай ім дэфармацыяй крышт. рашоткі (фанонам). Дае магчымасць апісаць многія эл., фотаэл. і аптычныя з’явы ў рэчывах.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. scincillatio мігаценне),

люмінафор, у якім пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў узнікаюць светлавыя ўспышкі (сцынтыляцыі). Асн. патрабаванне — празрыстасць для ўласнага выпрамянення. С. могуць служыць многія крышталефасфоры (напр., сярністы цынк, ёдзісты натрый), арган. крышталі (напр., антрацэн, стыльбен), растворы пластмас, інертныя газы і інш. Выкарыстоўваюцца ў сцынтыляцыйных лічыльніках.

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)