оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧА́ЛЬНАЯ ТКА́НКА,
тканка арганізмаў жывёл і чалавека, якая складаецца з клетак і міжклетачнага рэчыва і ўтварае ўнутр. асяроддзе арганізма. Есць ва ўсіх органах і ў залежнасці ад функцыі мае розную будову. Яе стан і функцыі рэгулююцца нерв. і гумаральнымі механізмамі. Функцыі З.т.: механічная (утварае шкілет, абалонкі і апору ўнутр. органаў, злучае органы), трафічная (пераносіць пажыўныя і інш. рэчывы да функцыянальнай тканкі — парэнхімы і ад адных органаў да другіх), ахоўная (ажыццяўляе ахоўныя запаленчыя рэакцыі арганізма), пластычныя (удзельнічае ў рэгенерацыі, запаўняе дэфекты пры пашкоджанні органаў).
Паводле будовы падзяляецца на касцявую, храстковую, рэтыкулярную (складае аснову крывятворных органаў), тлушчавую і валакністую, якая пранізвае ўсе органы і ўтварае праслойкі паміж асобнымі органамі. У міжклетачным рэчыве валакністай З.т. ёсць валокны калагенавыя (моцныя, не расцягваюцца), эластычныя і тыкулінавыя (пераплятаюцца, утвараюць сетку). Прамежкі паміж валокнамі і клеткамі запоўнены студзінападобным рэчывам. Клеткі З.т.: камбіяльныя, фібрабласты, гістыяцыты, плазматычныя, пігментныя, тлушчавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗДЫ́МАЧНЫ АПАРА́Т, кінаапарат, кінакамера,
оптыка-механічная прылада для здымкі аб’ектаў на кінаплёнку (кіназдымкі). Для здымкі выкарыстоўваецца кінаплёнка шырынёй 70 мм (шырокафарматныя фільмы), 35 мм (звычайныя і шырокаэкранныя праз анамарфотную оптыку), 16, 2×8 і 8 мм (аматарская здымка). К.а. забяспечваюцца анамарфотнымі насадкамі, святлафільтрамі, маскамі, указальнікамі метражу плёнкі і інш.
Паводле прызначэння бывае: сінхронны (для кіназдымкі адначасова з гуказапісам на спец. плёнку), агульнага прызначэння (для нямой кіназдымкі ў павільёнах і на натуры; найб. пашыраны), прэцызійны (для камбінаванай, мультыплікацыйнай і інш.спец. кіназдымкі, дзе патрабуецца высокая дакладнасць сумяшчэння відарысаў), скарасны (для здымкі спарт. спаборніцтваў, хуткіх вытв. працэсаў і інш.), ручны (асн. тып апаратуры для хранікальна-дакумент. кіназдымкі, здымкі навук.-папулярных, навуч. і інш. фільмаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,
устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.
Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).
В.І.Вараб’ёў.
Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМАІ́Л,
горад на Украіне, раённы цэнтр Адэскай вобл. Размешчаны на левым беразе Кілійскага гірла (вусця) Дуная, за 80 км ад Чорнага м. 95 тыс.ж. (1993). Порт, даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, рыбная, мясная і інш.), суднарамонтна-механічная, цэлюлозна-кардонная, буд. матэрыялаў і лёгкая. Пед.ін-т. Музей А.В.Суворава (у т. л. дыярама «Штурм крэпасці Ізмаіл»), карцінная галерэя. Арх. помнікі: мячэць 16 ст., Пакроўскі сабор (1831), цэрквы Раства (1823) і Нікольская (1833).
Вядомы са стараж. часоў. У 12 ст. на месцы І. была генуэзская крэпасць, пазней належала Малдаўскаму княству 3 16 ст.тур. крэпасць. У рус.-тур. вайну 1768—74 узяты рус. войскамі, з 1771 база рас. Дунайскай ваен. флатыліі. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага мірнага дагавора 1774 вернуты Турцыі. У рус.-тур. вайну 1787—91 зноў узяты рус. войскамі на чале з А.В.Суворавым. Паводле Яскага дагавора 1791 вернуты Турцыі. Трэці раз І. узяты рус. войскамі ў час рус.-тур. вайны 1806—12 і паводле Бухарэсцкага дагавора 1812 застаўся за Расіяй. У выніку Крымскай вайны 1853—56 паводле Парыжскага дагавора 1856 І. разам з паўд ч. Бесарабіі адышоў да Турцыі. У час рус.-тур. вайны 1877—78 чацвёрты раз узяты рус. войскамі і паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878 перададзены Расіі. У 1918 акупіраваны Румыніяй, з 1940 у СССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-рум. войскамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая вырабляе абутак са скуры і інш. матэрыялаў. У прамысл. развітых краінах працэс механізацыі абутковай вытв-сці пачаўся ў 1850-я г. з выкарыстаннем швейных і інш.спец. машын для механізаванага вырабу абутку.
Сусветная вытв-сць скуранога абутку складае 9,7 млрд. пар штогод, з іх 12% (1,05 млрд.) у краінах ЕЭС. Вядучыя фірмы на сусв. рынку: «Кларк» (Вялікабрытанія), «Баця Інтэрнэшанал» (Канада), «Адзідас», «Саламандэр» і «Пума» (Германія). Абутковая прамысловасць Беларусі пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. з дробных шавецкіх майстэрняў. Механічнаяф-ка «Арол» у Мінску выпускала 800 пар абутку за суткі (1913), дзейнічалі таксама 2 ф-кі рус.-амер. і рус.-бельг.акц. т-ваў і абутковыя майстэрні ў Віцебску. У 1921 абутковая прамысловасць выпускала каля 14 тыс. пар абутку за год. У 1920—30-я г. пачалі дзейнічаць абутковыя ф-кі «Праца» ў Гомелі, «Прагрэс» у Віцебску, механізаваная ф-ка імя Калініна і ф-ка імя Тэльмана ў Мінску і інш. Да пач.Вял.Айч. вайны дзейнічала 12 высокамеханізаваных фабрык, якія выраблялі 9,8 млн. пар абутку (1940). У Вял.Айч. вайну ўсе прадпрыемствы разбураны. У 1952 абутковая прамысловасць дасягнула даваен. ўзроўню вытв-сці. Макс.вытв-сць скуранога абутку на Беларусі дасягнута ў 1988 (46,9 млн. пар). У 1993 выпуск абутку скараціўся да 13,3 млн. пар. Самыя буйныя прадпрыемствы абутковай прамысловасці ўваходзяць у дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці «Беллегпрам» (Мінскае абутковае адкрытае акц.т-ва «Прамень», акц.т-ва «Гроднаабутак», акц.т-ва Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Лідская абутковая ф-ка, Гомельскае вытв. абутковае аб’яднанне «Праца», Бабруйская абутковая ф-ка, акц.т-ва «Баранавіцкая абутковая ф-ка» і інш.). Створаны сумесныя абутковыя прадпрыемствы з Германіяй: у Віцебску — «Белвест» (1988), у Мінску — «Отыка»(1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ І ПРЫЛА́ДЫ,
оптыка-механічная і электронная апаратура для астранамічных назіранняў і апрацоўкі іх даных. Дапамагаюць вызначаць становішча касм. целаў на нябеснай сферы, іх памеры, скорасць, напрамак руху ў прасторы, хім. састаў і фіз. стан. Складаюць асн. тэхнічную базу астранамічных абсерваторый, выкарыстоўваюцца ў навуч. і пазнавальных мэтах. Падзяляюцца на назіральныя прылады (тэлескопы), святлопрыёмную і аналізоўную апаратуру, прылады для рэгістрацыі часу, спектраў і гэтак далей Каб пазбегнуць шкодных і скажальных уздзеянняў атмасферы Зямлі, астр. інструменты падымаюць на розныя вышыні з дапамогай аэрастатаў, самалётаў, геафіз. ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтам. міжпланетных станцый.
Найбольш стараж.астр. інструменты — вугламерныя, складаюцца з адліковага круга (або яго часткі) і візірнага прыстасавання без аптычнай сістэмы (гноман, армілярная сфера і інш.). Для большай дакладнасці вымярэнняў павялічваліся памеры адліковых кругоў, напрыклад, у пач. 15 ст. Улугбек пабудаваў пад Самаркандам секстант з радыусам круга 40 м. З 17 ст. ў вугламерных інструментах пры візіраванні карыстаюцца зрокавымі трубамі, вуглы павароту якіх вызначаюцца па дакладна падзеленых кругах (універсальны інструмент, вертыкальны круг, мерыдыянальны круг і інш.). Пачатак тэлескапічнай астраноміі звязаны з імем Г.Галілея, які з дапамогай падзорнай трубы зрабіў важныя астр. адкрыцці і растлумачыў іх. Выпрамяненне касм. целаў у радыёдыяпазоне даследуецца радыётэлескопамі. Захаванне дакладнага часу і выдача неабходных сігналаў часу ажыццяўляюцца з дапамогай астр. гадзіннікаў, хранометраў і хранографаў. Для апрацоўкі вынікаў назірання выкарыстоўваюцца ЭВМ. Да дэманстрацыйных прылад адносяць тэлурыі (мадэлі Сонечнай сістэмы) і планетарыі, якія даюць магчымасць на ўнутр. паверхні сферычнага купала наглядна дэманстраваць астр. з’явы.
Літ.:
Курс астрофизики и звездной астрономии. Т. 1. М., 1973;
Мартынов Д.Я. Курс практической астрофизики. М., 1967.
М.М.Міхельсон.
Астранамічныя інструменты і прылады: 1 — вялікі азімутальны тэлескоп з дыяметрам люстэрка 6 м; 2 — антэна радыётэлескопа дыяметрам 22 м; 3 — цэласная ўстаноўка гарызантальнага сонечнага тэлескопа; 4 — вялікі вертыкальны круг; 5 — падвойны астрограф Тэпфера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс.км². Нас. 18137 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г.Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч.тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал.р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, выраб навук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Выраб спарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.