ЗЛАЧЫ́ННАСЦЬ,

сукупнасць усіх фактычна ўчыненых проціпраўных дзеянняў (злачынстваў), за кожнае з якіх прадугледжана крымін. пакаранне; масавая негатыўная сацыяльна-прававая з’ява. Аналіз каранёў, прычын, характару і структуры З. дае магчымасць выпрацоўваць і ажыццяўляць меры па яе папярэджанні. Гл. таксама Адказнасць юрыдычная, Арганізаваная злачыннасць.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕНЬ,

асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні, зняволены. Тэрмін «вязень» паходзіць ад стараж. бел. «везенне» — назвы меры пакарання (пазбаўленне волі, зняволенне) і месца, дзе яно ажыццяўлялася (вежа, астрог, турма і да т.п.). «Вязень сумлення» — чалавек, якога ўзялі пад варту, зняволілі па паліт., рэліг. і інш. матывах.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ ў экалогіі,

метад аналізу эка- і геасістэм. Заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў жывых арганізмаў па меры змены аднаго або некалькіх карэлявальных фактараў (напр., змена відавога складу расліннасці і мноства асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глебаў са зменай мясц. балансу цяпла і вільгаці і да т.п.).

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВО́ТА (ад позналац. quota частка, якая прыпадае на кожнага),

1) доля, частка, пай, норма, якія прыпадаюць на аднаго з удзельнікаў агульнай справы.

2) Колькасныя абмежаванні (вытв-сці, збыту, спажывання, экспарту, імпарту тавараў), якія ўводзяцца на пэўны час. Абмежавальныя меры называюцца кваціраваннем.

3) Велічыня падатку, што збіраецца з пэўнай адзінкі абкладання.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

магчымасць фіз. або юрыд. асобы своечасова выконваць свае фін. абавязацельствы па меры іх надыходу. Абумоўліваецца наяўнасцю ўласных або пазыковых сродкаў, дастатковых для выплаты даўгоў, аплаты паступіўшай або набытай прадукцыі, аказаных паслуг, выкананых работ. Адлюстроўвае фін. стан суб’екта гаспадарання, яго пакупныя здольнасці і залежыць ад поспеху і стабільнасці яго гасп. дзейнасці.

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́НЫ СКАЗ,

прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая сінтаксічна падпарадкавана гал. частцы. Фармальным паказчыкам сінтакс. падпарадкавання даданай часткі служаць злучнікі і злучальныя словы. Яны па-рознаму ўваходзяць у яе структуру і ў пэўнай меры кваліфікуюць яе значэнне.

У лінгвістычнай л-ры не існуе адзінай класіфікацыі даданых частак. Часцей за ўсё яны ў залежнасці ад спосабу сувязі і характару адносін з гал. часткай падзяляюцца на прыфразныя і прыслоўныя. Прыфразныя часткі прымацаваны слабай сувяззю да гал. часткі, бо адносяцца да ўсяго яе зместу і не прадвызначаюцца яе будовай. Сярод іх вылучаюцца даданыя часу, месца, прычыны, мэты, умовы, уступальныя, выніковыя, параўнальныя, далучальныя. Прыслоўныя часткі адрозніваюцца цеснай сувяззю з гал. часткай, бо адносяцца да асобных яе слоў і служаць для іх удакладнення і канкрэтызацыі. Сярод іх вылучаюцца даданыя азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя, выказнікавыя, спосабу дзеяння, меры і ступені.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​І.​Бурак.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

метад вымярэнняў, пры якім вызначаюць рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай фіз. велічынёй, якая ўзнаўляецца з дапамогай меры. Выкарыстоўваецца пры праверцы сродкаў вымярэнняў, выпрабаванні матэрыялаў і вырабаў (параўнанне іх з узорнымі). Д.м.в. ператвараецца ў нулявы метад вымярэнняў, калі рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай даводзяць да нуля.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕРА ПРАБЛЕ́МА матэматычная гіпотэза ў тэорыі лікаў аб сапраўдным парадку меры трансцэндэнтнасці амаль усіх лікаў. Прапанавана ў 1932 ням. матэматыкам К.​Малерам у сувязі з класіфікацыяй сапраўдных і камплексных лікаў; вырашана У.Г.Спрынджуком, які распрацаваў для яе прынцыпова новы метад — метад істотных і неістотных абласцей. Рашэнне М.п. спрыяла развіццю метрычнай тэорыі дыяфантавых набліжэнняў.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІДЭ́НТ (франц. résident ад лац residens які сядзіць, застаецца на месцы),

1) дыпламатычны прадстаўнік, ранг якога ніжэйшы за пасланніка; поўная назва — міністр-рэзідэнт.

2) Прадстаўнік разведкі ў інш. краіне, які накіроўвае работу агентурнай сеткі.

3) Юрыд. або фіз. асоба, якая зарэгістравана ў дадзенай краіне і на якую ў поўнай меры пашыраецца нац. заканадаўства.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)