ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),
заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс.км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-ВЕ́НТА (La Venta),
буйнейшы цырыманіяльны цэнтр альмекаў на востраве ў вусці р. Танала (цяпер у штаце Табаска, Мексіка). Асн. збудаванні — піраміды з гліны (выш. да 35 м) і дапаможныя пабудовы, платформа і палацы, славутыя базальтавай скульптурай (5 велізарных чалавечых галоў па 10—13 т кожная), рытуальнымі вымасткамі з серпенцінавых блокаў, ахвярамі з разнога гагату. Выяўлена шмат дробнай пластыкі з нефрыту, жадэіту і гліны. Асн. пабудовы ўзведзены за 1000 г. да н.э. і разбураны праз 500—600 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),
аднагадовая травяністая расліна роду гарбузсям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.
Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РЛАЎГ ((Borlaug) Норман Эрнест) (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),
амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл.Нац.АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-МЕКСІКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1846—48,
вайна ЗША супраць Мексікі. З’явілася вынікам экспансіі ЗША, якія, анексіраваўшы Тэхас (29.12.1845), прэтэндавалі на Каліфорнію і Новую Мексіку. 13.5.1846 ЗША абвясцілі Мексіцы вайну. У ходзе баявых дзеянняў (1846 — пач. 1847) амер. войскі занялі Каліфорнію і значную ч.Паўн. Мексікі. У сак. 1847 амер. дэсант высадзіўся ў порце Веракрус. 14.9.1847 была захоплена сталіца Мексікі. Паводле падпісанага ў лют. 1848 у Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора, мекс.-амер. граніца прайшла па р. Рыо-Грандэ, Мексіка страціла больш за палавіну сваёй тэрыторыі (Тэхас, Новую Мексіку, ч. Арызоны, Верхнюю Каліфорнію).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РМАЛА (Peganum),
род кветкавых раслін сям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (P. harmala).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек.дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,
паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл. каля 2,3 млн.км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн.дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЕ́ [Pelé; сапр.ду Насіменту (do Nascimento) Эдсан Арантыс; н. 21.10.1940, г. Трэс-Карасойнс, Бразілія],
бразільскі спартсмен (футбол). У 1995—99 міністр спорту Бразіліі. Чэмпіён свету (1958, Швецыя; 1962, Чылі; 1970, Мексіка). Уладальнік Кубка Лібертадорэс (Кубка паўднёваамер. чэмпіёнаў) і Міжкантынент. кубка (1962, 1963), Кубка Бразіліі (1961—65). Лепшы футбаліст 20 ст. (на версіі ФІФА; 2000, Рым). Лепшы спартсмен свету (1970), лепшы футбаліст чэмпіянатаў свету (1958, 1970), лепшы паўднёваамер. футбаліст (1960, 1964, 1965, 1970). Выступаў за клубы: «Бауру» (1949—55), «Сантас» (1955—74), «Космас», Нью-Йорк (1975—77).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл.арт.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп. войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.