ВАТЭРЖАКЕ́ТНАЯ ПЕЧ (англ. water-jacket літар. вадзяная кашуля),

шахтавая плавільная печ, сценкі якой складзены з пустацелых метал. скрынак (кесонаў), што ахалоджваюцца вадой. Выкарыстоўваецца ў металургіі (пры вытв-сці свінцу, медзі, нікелю, волава).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПАРВА́СЫ,

тэхнічная назва крышталегідратаў сульфатаў некаторых цяжкіх металаў. Найб. пашыраны жалезны К. — FeSO4∙7H2O (гл. Жалеза злучэнні), медны К. — CuSO4∙5H2O (гл. Медзі злучэнні), нікелевы К. — NiSO4∙7H2O, цынкавы К. — ZnSO4∙7H2O.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́ЦЫ ЗАКО́Н,

эмпірычная заканамернасць, паводле якой эл. супраціўленне полікрышталічных узораў металаў у моцных магн. палях прапарцыянальнае напружанасці магн. поля. Устаноўлены П.Л.Капіцай у 1928 для медзі, золата і серабра. Тлумачыцца тэорыяй гальванамагнітных з’яў.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),

агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НДА (Brenda),

буйное медна-малібдэнавае радовішча ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія). Адкрыта ў 1947, эксплуатуецца з 1969. Запасы руды больш за 128 млн. т з колькасцю медзі 0,14%, малібдэну 0,03%. Вытв-сць малібдэнавага канцэнтрату. Экспарт у краіны Еўропы, Паўд. Амерыкі, Японіі.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЖРАНВА́ЛА,

горад на ПнУ Пакістана. Каля 700 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел і гандл. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (пераважна электратэхн.) і металаапрацоўка, баваўняная, гарбарна-абутковая; мукамольная, алейныя і рысаачышчальныя прадпрыемствы. Рамёствы (ганчарнае, маст. вырабы з слановай косці, бронзы і медзі).

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЫНГ (Hötting),

археалагічная культура познабронзавага веку (10—7 ст. да н.э.) на тэр. Паўн. Ціроля і Верхняй Аўстрыі; адна з палёў пахавальных урнаў культур. Носьбіты культуры кантралявалі значныя радовішчы медзі ў Мітэбергу і, магчыма, былі асн. пастаўшчыкамі металу ва ўсх.-альпійскім рэгіёне.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНЕ́А (Cananea),

буйное радовішча медных руд у Мексіцы (штат Санора). Гідратэрмальнага паходжання. Распрацоўваецца з 1899. Запасы руды больш за 1,7 млрд. т з сярэдняй колькасцю медзі 0,72—0,75%. У рудзе прымесі малібдэну, золата, цынку і інш. Цэнтр здабычы і выплаўкі — г. Кананеа.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТА́ДЫ (Matadi),

горад на З Дэмакр. Рэспублікі Конга, на левым беразе р. Конга. 173 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, даступны для марскіх суднаў (вываз медзі, кобальту, алмазаў, прадукцыі сельскай гаспадаркі, лесу). Звязаны чыгункай з г. Кіншаса. Аэрапорт. Алейныя, лесапільныя і дрэваапр. прадпрыемствы.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)