КАРЭЛЯ́ЦЫЯ, ў матэматычнай статыстыцы,

статыстычная ці імавернасная залежнасць паміж велічынямі, з’явамі, падзеямі, якая не мае строга функцыянальнага характару. Выкарыстоўваецца ў імавернасцей тэорыі, кібернетыцы і інш., а таксама для выяўлення стат. і імавернасных заканамернасцей у фізіцы, хіміі, тэхніцы.

Узнікае, калі залежнасць адной прыкметы ад другой ускладняецца наяўнасцю звычайна невядомых выпадковых фактараў, напр., пры стат. апісанні дынамічнай сістэмы. У тэорыі імавернасці К. паміж 2 выпадковымі падзеямі выяўляецца ў тым, што імавернасць адной з іх пры наяўнасці другой адрозніваецца ад безумоўнай імавернасці. Колькаснай мерай К. з’яўляецца каэфіцыент карэляцыі (для выпадковых велічынь) ці карэляцыйная функцыя (для выпадковых працэсаў). Гл. таксама Матэматычная статыстыка.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),

1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.​Расела і яго школы (гл. Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).

В.​М.​Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ТА (Pareto) Вільфрэда (15.7.1848, Парыж — 20.8.1923),

італьянскі эканаміст і сацыёлаг; адзін з прадстаўнікоў матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Скончыў Турынскі ун-т. У 1893—1906 праф. Лазанскага ун-та. Асн. палажэнні яго вучэння выкладзены ў 4-томным «Трактаце ўсеагульнай сацыялогіі» (1915—19). Лічыў грамадства сістэмай, якая знаходзіцца ў «дынамічнай раўнавазе» ў выніку ўзаемадзеяння інтарэсаў асобных сац. груп і слаёў. Паводле яго тэорыі эліт, у паліт. працэсе вылучаюцца 2 тыпы: «эліта львоў», якой уласцівы агрэсіўнасць, аўтарытарнасць, схільнасць да насілля, і «эліта ліс», якой уласцівы лавіраванне, спекуляцыі, падман; грамадства развіваецца шляхам перыяд. змены, цыркуляцыі эліт. Не адмаўляў ролю ідэалогіі ў грамадстве, але лічыў яе лжывай формай грамадскай свядомасці.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́КТАРНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць вылічальных метадаў, якія дазваляюць ацэньваць і на аснове апрацоўкі мноства назіральных пераменных (фактараў) атрымаць кампактнае апісанне з’яў і працэсаў, што даследуюцца. Выкарыстоўваецца ў матэматычнай статыстыцы, эканоміцы, хіміі, медыцыне, псіхалогіі і інш. Ад іншых метадаў даследавання адрозніваецца тым, што грунтуецца не на загадзя дадзеным «апрыёрным» пераліку фактараў, а дапамагае выявіць найб. важныя з гэтых фактараў, прычым скрытыя. Напр., пры выяўленні заканамернасцей, якія ўплываюць на прадукцыйнасць працы, аналізуецца мноства стат. паказчыкаў (адукацыйны ўзровень рабочых, каэфіцыент зменнасці абсталявання, энергаўзброенасць працы і інш.), але з дапамогай Ф.а. выяўляецца, што вырашальны ўплыў на рост прадукцыйнасці працы аказваюць некалькі абагульняльных фактараў — памеры прадпрыемства, узровень арганізацыі працы, характар прадукцыі.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),

выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.​Курно (Францыя), І.​Цюнен, Г.​Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.​Джэванс, Л.​Вальрас, В.​Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ выпадковых працэсаў,

раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца метады апрацоўкі і выкарыстання стат. даных, якія адносяцца да выпадковых працэсаў.

Найб. важны клас задач С.а. — задачы выяўлення сігналаў на фоне шуму, што мае дастасаванні ў радыёлакацыі. Задачы статыстычнага ацэньвання параметраў узнікаюць, калі па выніках назіранняў за значэннямі параметраў працэсу на працягу пэўнага прамежку часу неабходна вылічыць значэнні гэтых параметраў у моманты часу па-за межамі часу назірання або вылічыць значэнні параметраў дапаможнага працэсу, статыстычна звязанага з назіраным. Шэраг задач С.а. адносяць да задач на непараметрычныя метады статыстыкі, напр., задачы на вызначэнне размеркавання імавернасцей дадзенага працэсу па выніках назіранняў. Існуюць таксама метады С.а. выпадковых працэсаў, дзе яны разглядаюцца як маркаўскія працэсы ці як кампаненты мнагамернага працэсу, які задавальняе пэўную сістэму стахастычных дыферэнцыяльных ураўненняў.

т. 15, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́НЯ Людміла Іосіфаўна (н. 2.5.1955, в. Вялікая Ліпа Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1987), дацэнт (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1976). У 1976—82 у НДІ адукацыі Мін-ва адукацыі Беларусі, з 1985 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 2003 заг. кафедры Мінскага вышэйшага радыётэхн. каледжа. Навук. працы па тэорыі апраксімацыі, распрацоўцы бел. матэм. тэрміналогіі і ўкараненні яе ў працэс выкладання вышэйшай матэматыкі ў ВНУ. Адзін са стваральнікаў і аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993) і першай на бел. мове «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001).

Тв.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Т. 1—2. Мн., 1994—97 (у сааўт.);

Курс вышэйшай матэматыкі: Тэорыя функцый камплекснай зменнай. Аперацыйнае злічэнне. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНЫ ЭКСПЕРЫМЕ́НТ,

навукова пастаўлены дослед, які ўяўляе сабой штучнае ўзнаўленне эканам. з’явы або працэсу з мэтай праверкі эфектыўнасці прызначаных да рэалізацыі гасп. мерапрыемстваў; від сацыяльнага эксперыменту ў галіне сістэмы кіравання грамадствам. Спалучае глыбокае веданне эканам. працэсаў і з’яў з праверкай правільнасці і эфектыўнасці пэўных гіпотэз, што важна для эканам. навукі, якая ў адрозненне ад прыродазнаўчых дысцыплін не можа назіраць асобныя гасп. працэсы ізалявана ад усіх грамадскіх з’яў. Пры ажыццяўленні Э.э. правяраюцца тэарэт. высновы пра новыя метады і паказчыкі прагназіравання, матэрыяльнага стымулявання, ацэнкі дзеяння гасп. суб’ектаў і іх падраздзяленняў, вывучаецца эфектыўнасць новай тэхнікі і г.д. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў перыяд карэннай перабудовы гасп. механізму кіравання прадпрыемствамі, галінамі вытв-сці і ў шэрагу інш. выпадкаў. Пры аналізе вынікаў Э.з. выкарыстоўваюцца метады матэматычнай статыстыкі, у прыватнасці, карэляцыйнага аналізу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 18, кн. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НА ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, звязаная з інтэгральным выяўленнем рашэнняў краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў. Апісвае вынік уздзеяння кропкавай (засяроджанай) крыніцы сілы, зараду ці інш. (функцыя крыніцы) або распаўсюджванне палёў ад кропкавых крыніц (функцыя распаўсюджвання, напр., патэнцыял поля кропкавага эл. зарада, размешчанага ўнутры заземленай праводнай паверхні). Названа ў гонар Дж.Грына. Грына функцыя і яе аналагі выкарыстоўваюцца ў тэорыі функцый, канечна-рознасных ураўненняў, тэарэт. фізіцы, квантавай тэорыі поля, стат. фізіцы і інш.

Грына функцыя зводзіць вывучэнне ўласцівасцей дыферэнцыяльнага аператара да вывучэння ўласцівасцей адпаведнага інтэгральнага аператара, дае магчымасць знаходзіць рашэнні неаднароднага ўраўнення, трактуецца як фундаментальнае рашэнне лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўн., якое адпавядае аднародным краявым умовам, і г.д. Напр., поле, створанае сістэмай крыніц (у т. л. працяглымі крыніцамі), апісваецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі (суперпазіцыі) уплываў асобных крыніц. Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.

Р.​Т.​Вальвачоў, Л.​А.​Яновіч.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў матэматыцы,

раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл. Пале ў матэматыцы).

У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)