ВІ́ЛЕНСКІ МАСТА́ЦКІ ГУРТО́К,

культурна-асветная арганізацыя, створаная з мэтай каардынацыі і прапаганды творчасці мясц. мастакоў, удасканалення іх прафесійных здольнасцей. Дзейнічаў у 1901—08 у Вільні. У праўленне ўваходзілі І.​Балзукевіч, С.​Кузняцоў, В.​Разанаў, І.​Рыбакоў, І.​Трутнеў, пазней Ю.​Іадкоўскі, А.​Папоў і інш. Аддзелы: маст., муз., літ.-драм. і шахматны. Праводзіліся заняткі па маляванні з натуры, літ. і муз. вечарыны, аматарскія спектаклі, чыталіся даклады па мастацтве. У 1908 члены гуртка арганізавалі Віленскае мастацкае таварыства.

Літ.:

Устав Виленского художественного кружка. Вильна, 1901;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ФОНД БЕЛАРУ́СІ,

грамадская арганізацыя, якая існавала ў 1944—90 пры Саюзе мастакоў Беларусі. Прапагандаваў творы мастацтва, наладжваў выстаўкі, конкурсы, заказы на стварэнне твораў выяўл. мастацтва, вёў работу з нар. майстрамі, не аб’яднанымі ў маст. саюзы, арцелі і промыслы, займаўся пытаннямі буд-ва і арэнды майстэрняў, маст. вытв. прадпрыемстваў. Меў Мінскі маст.-вытв. камбінат, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва, маст.-вытв. майстэрні ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, салоны-магазіны. У 1990 маст. фонд Беларусі і Саюз мастакоў Беларусі рэарганізаваны ў адзіную структурную арганізацыю Саюз мастакоў Беларусі (з 1995 Беларускі саюз мастакоў).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭ́ХНІКУМ.

Існаваў у 1923—34 у Віцебску. Засн. на базе Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Пед. калектыў быў значна абноўлены, запрошаны выкладчыкі з маст. школы г. Веліж (Расія), мастакі, якія атрымалі спец. адукацыю ў ВНУ Масквы, Петраграда (І.Ахрэмчык, В.Волкаў, П. і Х.Даркевічы, В.Дзежыц, М.Керзін, М.Лебедзева, Л.Лейтман, Я.Мінін, М.Міхалап, В.Руцай, У.Хрусталёў, Г.Шульц). Лепшыя выпускнікі тэхнікума накіроўваліся ў Петраградскую АМ (з 1926). Ва ўмовах беларусізацыі навуч. працэс вёўся на бел. мове, выкладалася гісторыя бел. мастацтва. У 1927—28 меў аддзяленні: маст.-пед., скульптурна-пед., ганчарна-керамічнае. Тэрмін навучання 4 гады. У 1934 зноў рэарганізаваны ў маст. вучылішча. Сярод выпускнікоў тэхнікума: нар. мастак СССР З.Азгур, нар. мастакі БССР А.Бембель, А.Глебаў, Я.Зайцаў, Я.Нікалаеў, В.Цвірка, засл. дзеячы мастацтваў БССР К.Касмачоў, І.Ушакоў, засл. работнікі культуры БССР Я.Красоўскі, С.Лі, мастакі А.Арлоў, М.Беляніцкі, Г.Бржазоўскі, А.Волкаў, Н.Галоўчанка, П.Гаўрыленка, І.Давідовіч, М.Даўгяла, А.Кроль, М.​Манасзон, Л.Ран, М.Тарасікаў, В.Ціхановіч, Я.Ціхановіч, М.Чураба і інш.

Літ.:

Машковцев М. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр СССР 4/581; 7/58, 64—65; 9/116, 428; 10/42, 369

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ташкенцкі тэатральна-мастацкі інстытут імя А. Астроўскага 7/74

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭА́ТР ДРУГІ́ (МХАТ-2). Дзейнічаў у 1924—36. Створаны на аснове 1-й Студыі МХТ, арганізаванай у 1912 К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім. Кіраўнікі М.​Чэхаў, з 1928 І.​Бярсенеў. У студыі і пазней у т-ры ставіліся спектаклі па творах Ф.​Дастаеўскага, М.​Ляскова, М.​Салтыкова-Шчадрына, А.​К.​Талстога, А.​М.​Талстога, В.​Гюго, Дж.​Флетчэра, У.​Шэкспіра, А.​Афінагенава, А.​Белага, А.​Файко і інш. Працавалі акцёры С.​Бірман, С.​Гіяцынтава, Л.​Дзяйкун, А.​Дзікі, М.​Дурасава, В.​Салаўёва, Б.​Сушкевіч, А.​Чабан, Чэхаў і інш. У 1928 Чэхаў эмігрыраваў за мяжу, частка трупы на чале з Дзікім выйшла з т-ра.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя П.​В.​Масленікава.

Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м². У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т. л. работы З.​Азгура, А.​Анікейчыка, Л.​Асецкага, А.​Бембеля, В.​Бялыніцкага-Бірулі, Г.​Вашчанкі, В.​Грамыкі, У.​Кожуха, У.​Кудрэвіча, А.​Малішэўскага, Л.​Марчанкі, А.​Маціевіча, М.​Савіцкага, Р.​Таболіча, В.​Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.

С.​В.​Строгіна.

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,

найбуйнейшы збор укр. нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.​Р.​Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж. ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж. ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс. м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.​Арлоўскага, С.​Васількоўскага, М.​Івасюка, К.​Кастандзі, П.​Леўчанкі, А.​Мурашкі, М.​Піманенкі, С.​Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.​Багамазава, Д.​Бурлюка, А.​Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.​Касцецкага, Ф.​Крычэўскага, А.​Пятрыцкага, А.​Шаўкуненкі, Т.​Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.​Байцоў і У.Гарадзецкі).

Т.​К.​Разанава.

Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Украіны.

т. 11, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,

грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр

(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.​Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.​Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.​Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.​Кліпер-Чэхава, І.​Масквін, М.​Ліліна, М.​Андрэева, А.​Арцём, У.​Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.​Качалаў, Л.​Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1906),

«Сіняя птушка» М.​Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.​Тургенева (1909), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.​Андроўская, М.​Балдуман, М.​Баталаў, А.​Георгіеўская, Б.​Дабранраваў, Н.​Зуева, М.​Кедраў, А.​Ктораў, Б.​Ліванаў, П.​Масальскі, М.​Прудкін, В.​Сганіцын, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, В.​Тапаркоў, М.​Тарханаў, М.​Хмялёў, К.​Яланская, М.​Яншын і інш.; рэжысёры Б.​Вяршылаў, М.​Гарчакоў, І.​Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.​Булгакава, У.​Іванава, К.​Транёва, А.​Карнейчука, В.​Катаева, Л.​Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял. Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.​Сіманава, А.​Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.​Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.​Кілці і інш. У 1960-я г. т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал. рэж. А.​Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.​Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (з А.​Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.​Гельмана, М.​Рошчына, М.​Шатрова, А.​Мішарына. У т-ры працавалі І.​Смактуноўскі, А.​Калягін, Т.​Дароніна, А.​Папоў, А.​Мягкоў, Т.​Лаўрова, Я.​Еўсцігнееў, К.​Васільева, А.​Табакоў і інш. У 1980-я г. найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.​Эфрасам, Л.​Додзіным, М.​Разоўскім, К.​Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.​Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.​Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.​Коласа і Я.​Купалы), Судакоў (гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.​Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)