БЕ́ЕРЫНК ((Beyerinck) Марцін Вілем) (16.3.1851, Амстэрдам — 1.1.1931),

галандскі батанік і мікрабіёлаг; адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Праф. (1895). Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1924), ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Дэлфт. Вылучыў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901). Навук. працы па жыццядзейнасці мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, развіцці вышэйшых раслін, пра ролю бактэрый у кругавароце рэчываў у прыродзе.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБС ((Gibbs) Джэймс) (23.12.1682, г. Абердзін, Вялікабрытанія — 5.8.1754),

англійскі архітэктар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Галандыі, у 1700—09 — у Італіі ў К.​Фантана. Супрацоўнічаў з К.Рэнам. Яго пабудовы ў стылі класіцызму вызначаюцца прастатой і адзінствам кампазіцыі, вытанчанасцю дэталей: цэрквы Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17) і Сент-Марцін-ін-зе-Філдс (1722—26) у Лондане; парадна-велічны будынак б-кі Рэдкліфа (1737—49) у Оксфардзе і інш. Аўтар працы «Кніга пра архітэктуру» (1728).

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНСО́Н (Pinzón),

браты, ісп. мараплаўцы. Вісентэ Яньес (1460, Палас, Іспанія — каля 1524), у 1492—93 удзельнік 1-й экспедыцыі Х.Калумба, камандаваў каравелай «Нінья». У 1500 на чале флатыліі з 4 судоў адкрыў Паўн.-Зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі з вусцямі рэк Амазонка і Арынока. У 1508—09 сумесна з Х.​Солісам даследаваў Усх. Бераг п-ва Юкатан. Марцін Алонса (каля 1440, Палас, Іспанія — 1493), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў 1-й экспедыцыі Калумба, камандаваў каравелай «Пінта».

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),

нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.​Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НКА ((Benka) Марцін) (21.9.1888, г. Малацкі, Славакія — 28.6.1971),

славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак ЧССР (1953). Адзін са стваральнікаў славацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў школе А.​Кальводы ў Празе. Аўтар манум. паэтычных сцэн сял. жыцця, выкананых у свабоднай постімпрэсіяністычнай манеры, мяккіх і стрыманых па каларыце: «Ля люлькі» (1929), «Лесарубы пад Салацінам» (1931), «Па дарозе на горную пашу» (1933), «Дзве жанчыны», «Бацька з сынам» (абедзве 1934), «Жанчыны-гаранкі з Ліптова» (1936) і інш.

М.Бенка. Па дарозе на горную пашу. 1933.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЦЫ́,

шляхецкі род герба «Адынец» у ВКЛ.

Найб. вядомыя: Марцін, сын Яна, скарбнік смаленскі (1745). Тадэвуш (1781—1833), сын Станіслава. Адвакат пры Гал. трыбунале ВКЛ. У 1800 набыў Гейстуны (Ашмянскі пав.), віцэ-маршалак гэтага павета. Меў 7 дзяцей, сярод іх пісьменнік А.Адынец. Верагодна, да гэтага роду належаў Вінцэнт Адынец (1865—1952) з сям’і шляхціца ў Ліцвінаве пад Мінскам. Генерал рус. арміі, удзельнічаў у рус.-японскай вайне 1904—05. Служыў у Першым Польскім корпусе, Бел.-Літ. дывізіі.

Р.​В.​Баравы, Л.​Л.​Чарняўская.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРСЕ́ЗЕ ((Scorsese) Марцін) (н. 17.11.1942, г. Флашынг, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў кінафакультэт Нью-Йоркскага ун-та. Лепшыя фільмы С. адметныя аўтабіяграфічнасцю, дакладнай абмалёўкай асяроддзя, увагай да псіхалогіі персанажаў. Сярод фільмаў: «Злыя вуліцы» (1973), «Аліса тут больш не жыве» (1974), «Таксіст» (1976), «Нью-Йорк, Нью-Йорк», (1977), «Апошні вальс» (1978), «Шалёны бык» (1980), «Колер грошай» (1980), «Кароль камедыі» (1982), «Апошняе спакушэнне Хрыста» (1988), «Казіно» (1995) і інш. Творчасці С. прысвечаны дакумент. фільм «Кіно — гэта маё жыццё» (1978, рэж. П.​Хейдэн).

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ (Bielski; сапр. Вольскі) Марцін

(1495 в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 18.12.1575),

польскі пісьменнік і гісторык. Склаў «Жыццяпісы філосафаў» (1535), напісаў п’есу «Камедыя пра Юстына і Канстанцыю» (1557), шэраг сатыр. вершаў. Першы з храністаў пачаў пісаць на польск. мове. Найб. вядомы як складальнік «Хронікі ўсяго свету» (Кракаў, 1551, 1554, 1564) — гіст.-літ. кампіляцыі, багатай разнастайнымі звесткамі з гісторыі многіх народаў свету, у т. л. славянскіх. Адзін з аўтараў «Хронікі Польшчы», якую дапоўніў матэрыяламі бел.-літоўскіх летапісаў і выдаў у 1597 яго сын (гл. Бельскі Іахім).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗА ((Groza) Аляксандр Караль) (30.6.1807, в. Закрынічча Вінніцкай вобл., Украіна — 3.11.1875),

польскі паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Віленскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1838—42 рэдагаваў і выдаваў у Вільні альманах «Rusałka» («Русалка»). Прадстаўнік т.зв. «украінскай школы» ў польскай л-ры. Збіраў і апрацоўваў укр. і бел. фальклор. Выкарыстоўваючы сюжэты нар. паданняў, напісаў паэмы «Канеўскі стараста» (1836), «Сарока» (1838), «Пра памерлыя душы» (1848), «Марцін» (1849), «Смяцінскі» (1860), драму «Грыць» (1858). У альманаху «Rubon» («Рубон») апублікаваў тэксты бел. нар. песень, матэрыялы пра бел. вяселле, святкаванне Сёмухі і інш.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАКО́ЎСКІ (Шыман Марцін) (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)