Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.
Літ.:
Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;
Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.
А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі.
Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г.Магілёў. Пл. 11 602 км2 (1926), нас. 512,7 тыс.чал. (1924). Уключала 10 раёнаў (Быхаўскі, Бялыніцкі, Журавіцкі, Кармянскі, Лупалаўскі, Магілёўскі, Прапойскі, Чавускі, Чачэвіцкі, Шклоўскі), 4 гарады (Стары Быхаў, Магілёў, Чавусы, Шклоў), 3 мястэчкі (Бялынічы, Карма, Прапойск), 161 сельсавет. У сувязі са скасаваннем Калінінскай акр. 9.6.1927 у М.а. перададзены Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі р-ны. 4.8.1927 скасаваны Бялынкавіцкі р-н (яго тэр. далучана да Касцюковіцкага р-на) і Мілаславіцкі р-н (яго тэр. далучана да Клімавіцкага р-на). Акруговая газ. «Магілёўскі селянін». На 1.1.1930 у М.а. 16 раёнаў, 6 гарадоў, 7 мястэчак, 259 сельсаветаў, у т.л. 3 польскія і 2 латышскія нацыянальныя. 26.7.1930 М.а. скасавана.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,
1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.
2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1772—1919. Цэнтр — г. Магілёў. Утворана 8.6.1772. Уключала Аршанскую, Магілёўскую, Мсціслаўскую і Рагачоўскую правінцыі. 22.3.1777 падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (у 1852 перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 перайменаваны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 перайменаваны ў Быхаўскі), Чавускі і Чэрыкаўскі. 10.1.1778 М.г. перайменавана ў Магілёўскае намесніцтва, якое 23.12.1796 скасавана, а паветы ўвайшлі ў склад Беларускай губерні. М.г. адноўлена 11.3.1802 у складзе ранейшых 12 паветаў. Уваходзіла ў склад Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага ген.-губернатарства (гл.Беларускае генерал-губернатарства), у 1863—69 — Віленскага генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897 тэр. М.г. 42 134 кв. вярсты, нас. 1686, 7 тыс.чал. Паводле веравызнання: праваслаўных 1402,2 тыс., старавераў 23,3 тыс., католікаў 50,1 тыс., пратэстантаў 6,9 тыс., іудзеяў 203,9 тыс., мусульман 184 чал. З вер. 1917 губерня ў складзе Зах.вобл., з 1.1.1919 у БССР, з лют. ў РСФСР. 11.7.1919 М.г. скасавана, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губ., Мсціслаўскі пав. перададзены Смаленскай, Сенненскі — Віцебскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т.л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.