«МА́ЗДА»

(Mazda),

аўтамабілі яп. фірмы «Мазда мотар карпарэйшэн». Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1930, легкавыя — 1960. Поўная маса грузавых аўтамабіляў да 2,8 т, прычэпаў — 1,55 т, магутнасць рухавіка да 90 кВт. Большасць мадэляў легкавых аўтамабіляў «М.» 5-месныя, 4-дзверныя, магутнасць рухавіка да 147 кВт, найб. скорасць да 250 км/гадз.

Да арт. «Мазда»: 1 — поўнапрыводны пікап «Мазда-В2600»; 2 — легкавы аўтамабіль «Мазда-323» малога класа.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць узаемазвязаных электрастанцый, электрычных сетак, цеплавых сетак, спажыўцоў эл. і цеплавой энергіі, аб’яднаных працэсамі вытв-сці, перадачы і спажывання энергіі.

Электразабеспячэнне ад Э.с. вызначаецца надзейнасцю сілкавання, зніжэннем сабекошту электраэнергіі з-за больш эканомнага размеркавання нагрузкі паміж электрастанцыямі і інш. Э.с. звычайна кіруецца з адзінага цэнтра. Магутнасць яе — сумарная намінальная магутнасць электрычная агрэгатаў усіх электрастанцый сістэмы. Гл. таксама Аб’яднаная электраэнергетычная сістэма, Адзіная энергетычная сістэма, Беларуская энергетычная сістэма.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ЦЭЦ.

У Мінску 3 ЦЭЦ. ЦЭЦ №2 дзейнічала з 1934 як гар. электрастанцыя № 2. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1945, з 1948 Мінская ЦЭЦ. Устаноўленая магутнасць (1999): электраэнергіі 31 тыс. кВт∙гадз, цеплаэнергіі 2415 ГДж. ЦЭЦ № 3 здадзена ў эксплуатацыю ў 1951. У 1963—95 уведзены ў дзеянне: воданагравальныя кацельні № 1, 2; энергакатлы № 8, 9; турбіна № 8; хімводаачыстка падсілкавальнай вады для цепласеткі і хімабяссоленай вады для падсілкавання катлоў. Устаноўленая магутнасць (1999): электраэнергіі 420 тыс. кВт∙гадз, цеплаэнергіі 8740 ГДж. ТЭЦ № 4 здадзена ў эксплуатацыю ў 1977 (1-я турбіна на 60 тыс. кВт). У 1977—92 уведзены ў дзеянне энергаблокі 1—6. Праектная магутнасць (900 тыс. кВт) дасягнута ў 1992. Электраэнергія, якая выпрацоўваецца турбагенератарамі, праз размеркавальныя прылады па лініях 110 і 330 кВт паступае ў энергетычную сістэму канцэрна «Белэнерга».

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

комплекс тэхн. прыстасаванняў для пераўтварэння энергіі ветру ў іншыя віды энергіі. Складаецца з ветраагрэгата, прыстасавання, якое акумулюе энергію або рэзервуе магутнасць, часам рэзервовага (пераважна цеплавога) рухавіка, сістэм аўтам. рэгулявання работы ўстаноўкі. Бываюць спец. прызначэння (помпавыя, эл. зарадныя, млынавыя, апрасняльныя і інш.) і комплекснага выкарыстання (напр., ветраэлектрычныя станцыі). Магутнасць ветраэнергетычнай устаноўкі да некалькіх мегават.

Ветраэнергетычная ўстаноўка: 1 — ветраное кола; 2 — помпа; 3 — муфта; 4 — генератар; 5 — рэзервуар; 6 — турбіна; 7 — вентыль.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГАРАДСКА́Я ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.

Дзейнічала ў 1895—1914 у Мінску. Належала гар. самакіраванню. У 1900 у горадзе было 180 электрычных ліхтароў, даўж. сеткі складала 15 км. У 1913 электрастанцыя мела 5 паравых машын (815 к.с.), 3 рухавікі ўнутр. згарання (1050 к.с.), 2 паравыя катлы, апарат Шліхтэра на 750 вёдзер для ачысткі вады, эл. рухавік з цэнтрабежнай помпай, 2 дызелі (500 к.с.). Агульная магутнасць станцыі складала 14 000 к.с., магутнасць генератараў — 950 кВт. У 1913 працавала 30 чал., выпрацавана электраэнергіі на 232 тыс. руб.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІЦУБІ́СІ»,

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў японскага канцэрна «Міцубісі мотарс карпарэйшэн». Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1917 (масавая вытв-сць з 1964), грузавыя — з 1935, аўтобусы — з 1936. Выпускаюцца легкавыя аўтамабілі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў (магутнасць рухавіка 32—219 кВт, найб. скорасць да 220 км/гадз), грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння і кар’ерныя самазвалы (магутнасць рухавіка 51—115 кВт), аўтобусы пасажыраўмяшчальнасцю да 50 чал.

Да арт. Міцубісі: а — легкавы аўтамабіль «Міцубісі-Экліпс»; б — мікрааўтобус «Міцубісі-Спейс Геар»; в — грузавы аўтамабіль «Міцубісі-Дэліка».

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,

зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ У Гомельскай вобл., каля г. Петрыкаў. Адкрыта ў 1966. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай тоўшчай, прымеркаваны да цэнтр. зоны Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі залягаюць на глыб. 521—1440 м, магутнасць саляноснай тоўшчы 1600—1900 м. Складзены з сільвініту, сільвін-карналітавых і карналітавых парод, якія ўтвараюць 11 калійных гарызонтаў, шматлікія праслоі і ўкрапанні ў каменнай солі. Плошча асноўнага (4) гарызонту больш за 500 км², магутнасць 0,29—3,52 м, мае ў сярэднім 21% хлорыстага калію, 1,3% хлорыстага магнію, 0,5% нерастваральных рэшткаў. Разведаныя запасы 1,06 млрд. т, перспектыўныя 1,9 млрд. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

У Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Размешчаны ў паўн. ч. Перадуральскага прагіну. Адкрыты ў 1924, прамысл. асваенне з 1934. Пл. каля 90 тыс. км². Балансавыя запасы 8,7 млрд. т, у т. л. разведаныя 8,2 млрд. т. Вугляносныя адклады пермскага ўзросту (магутнасць 1—7 км) уключаюць да 250 рабочых пластоў і прапласткаў (магутнасць 0,5—3,5 м, зрэдку да 30 м). Пераважаюць каменныя вуглі марак Б і Д, сярод каксаўных — маркі Ж. Здабыча падземным спосабам да глыб. 900 м. Адм. і прамысл. цэнтры — гарады Варкута і Інта.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)