ГО́РЫД (Язэп Міхайлавіч) (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр.зах.-бел.час.«Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супраць сац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар. жыцця. Аформіў паэт.зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.Багдановіча, «Шум баравы» М.Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ.Бел.сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.Купалы (1923) і Я.Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).
Літ.:
Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Антон Антонавіч) (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),
збіральнік і папулярызатар бел.муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл.бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл.Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг.Бел.нар. дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, Г.Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-вабел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі.
Літ.:
Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;
Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІК (Антон) (1888, в. Кастрычніцкая Вілейскага р-на Мінскай вобласці — 1933?),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў тэхнал.ін-т у Харкаве, вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це. Чл.Бел.сацыяліст. грамады. У 1918—19 старшыня Бел. рады ў Бабруйску, чл.Нар. сакратарыята Беларусі. У 1919—20 чл.Бел. вайсковай камісіі. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) у сейм Польскай Рэспублікі ад Зах. Беларусі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. На пач. 1930-х г. эмігрыраваў у БССР. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,
літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.Багдановіча, А.Бартуля, М.Васілька, У.Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,
часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧА ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае бел. выдавецтва ў Пецярбургу ў 1910—13. Засн. А.А.Грыневічам. Спецыялізавалася на выпуску твораў маст. л-ры і нац.муз. фальклору. Выдала каля 10 кніг агульным тыражом 28 тыс.экз., у т. л. «Беларускія песні з нотамі» Грыневіча (т. 1—2, 1910—12, з А.Зязюлем), зб. вершаў «Гусляр» (1910) і драм. паэму «Адвечная песня» (1912) Я.Купалы, творы Я.Коласа, У.Галубка.
Літ.:
Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 179—190.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІВА́Ч,
запаведнік у Расіі, на Пн Карэліі, у бас.р. Суна. Засн. ў 1931 з мэтай аховы аднайм. вадаспаду (выш. падзення 10,7 м; адзін з найб. у Еўропе). Пл. 10,5 тыс.га. Рэльеф тыповы карэльскі: чаргаванне град са шчыльных крышт. парод з рыхлымі адкладамі ці азёрамі ў паніжэннях. Лясы зялёнамохавыя яловыя і хваёвыя з элементамі шыракалістых. У фауне 44 віды млекакормячых, 185 птушак, па 4 паўзуноў і земнаводных, 17 відаў рыб. Звычайныя заяц, куніца, вавёрка, лось, ліс, барсук, качкі, глушэц, рабчык, совы; сустракаюцца мядзведзь, рысь, воўк, расамаха, шэрая курапатка, шулёнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ХА́ТА»,
бел. кнігавыдавецкае таварыства. Існавала з 28.12.1908 да 1911 у Вільні. Арганізатары В.Бонч-Асмалоўскі, Б.Даніловіч, І.Луцкевіч, Я.Манькоўскі, А.Уласаў, К.Цэтэрман. Мела на мэце выданне кніг пра Беларусь на бел. і інш. мовах. У 1909—11 выпусціла творы маст. л-ры: ананімную бел. паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала» Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С.Віткевіча, «Дым» М.Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М.Горкага, падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, а таксама навук.-папулярныя кнігі. Спыніла дзейнасць у сувязі з эканам. цяжкасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),
1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.
2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел.культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел.паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел.Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.Суніцы (Р.Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.