БРЭНТА́НА (Brentano) Луё (Людвіг Іозеф; 18.12.1844, г. Ашафенбург, Германія — 9.9.1931),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з прадстаўнікоў катэдэр-сацыялізму і новай гістарычнай школы. З 1871 праф. у Вроцлаве, Страсбургу, Вене, Лейпцыгу, з 1891 у Мюнхене. Яго навук. даследаванні прысвечаны праблемам рабочага руху, эканам. і сац. палітыкі, эканам. тэорыі. Выступаў супраць вучэння К.Маркса аб прыбавачнай вартасці, класавай барацьбе. Лічыў, што капіталісты таксама зацікаўлены ў павелічэнні заработнай платы рабочых, што супярэчнасці паміж буржуазіяй і пралетарыятам можна ліквідаваць шляхам арганізацыі рэфармісцкіх прафсаюзаў, кааперацыі і фабрычнага заканадаўства. Для практычнага ажыццяўлення сац.-эканам. рэформаў разам са сваімі аднадумцамі ў 1872 стварыў «Саюз сацыяльнай палітыкі».
Тв.:
Рус.пер. — Об отношении заработной платы и рабочего времени к производительности труда. СПб., 1895;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,
самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд.м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд.м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплексу дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на 1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫРАТАВА́ННЯ»,
тайная паліт. арганізацыя дзекабрыстаў у 1816—17. Паводле статута (1817) наз. «Таварыства сапраўдных і верных сыноў Айчыны». Заснавальнікі: А.М. і М.М.Мураўёвы, М.І. і С.І.Мураўёвы-Апосталы, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін, Ф.П.Шахаўской, П.І.Песцель. Налічваў каля 30 чалавек. Мэта «С.в.» — ліквідаваць прыгонніцтва, увесці канстытуц. манархію шляхам ваен. перавароту. Чл. «С.в.» павінны былі пашыраць склад т-ва, займаць важнейшыя ваен. і цывільныя пасады, фарміраваць грамадскую думку, асабліва сярод перадавога дваранства. «Саюз» падзяляўся на 3 ступені — «баляры», «мужы» і «браты», быў арганізаваны на прынцыпах глыбокай канспірацыі і строгай дысцыпліны. У «С.в.» вылучыліся радыкальная і памяркоўная плыні. Разыходжанні ў пытаннях тактыкі, непадрыхтаванасць да рашучых дзеянняў прывялі да самароспуску «С.в.» і заснавання ў 1818 т-ва«Саюз працвітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідавацьт.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА БЫЛО́ГА ПІ́НСКАГА СТАРО́СТВА»
(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),
інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч.Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛО́ВІЦКАЯ БІ́ТВА 1771 Адбылася 23.9.1771 каля мяст.Сталовічы паміж войскамі ВКЛ і Расіі ў час барацьбы Барскай канфедэрацыі супраць прысутнасці рас. войск у Рэчы Паспалітай. Вял. гетман ВКЛ М.К.Агінскі ў маі 1771 сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс.чал. войска ВКЛ. 6.9.1771 каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі ён разбіў рас. батальён з 500 салдат палкоўніка А.Албічава. 10.9.1771 у мяст. Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў аб’яднацца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Ліквідаваць гэты ачаг супраціўлення ўзяўся ген.-маёр А.В.Сувораў, які 12.9.1771 выступіў з-пад Любліна на чале 1 тыс. салдат з 8 гарматамі. Каля 2 гадз ночы 23.9.1771 атрад Суворава напаў на атрады Агінскага. У ходзе 8-гадзіннага бою Агінскі страціў 500 чал. забітымі і каля 300 палоннымі. Пасля паражэння ў бітве Агінскі выехаў за мяжу. С.б. стала апошнім арганізаваным супраціўленнем войска ВКЛ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЙБАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА, Шэйбанідаў дзяржава,
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1500—98 на чале з дынастыяй Шайбанідаў. Яе сталіцай напачатку быў г. Самарканд, з 1560 — Бухара. Заснаванне Ш.дз. звязана з прыходам у Сярэднюю Азію качэўнікаў-узбекаў на чале з Шайбані-ханам і заваяваннем імі цэнтр.Маверанахра. Уключала ўсю б. дзяржаву Цімурыдаў. У 1510 распалася на 2 узб. дзяржавы: уласна Ш.дз. ў Маверанахры і Хівінскае ханства, былыя харасанскія ўладанні Цімурыдаў адышлі Ірану. Ш. дз. была падзелена на ўдзелы (замацоўваліся за членамі дынастыі), найбуйнейшыя з іх Бухара, Самарканд, Ташкент, Балх, Хісар. Шматлікія паходы і набегі на Харасан і бесперапынныя міжусобіцы разбуралі гаспадарку дзяржавы, нават стабілізацыя ў часы праўлення Абдулы-хана II не здолела ліквідаваць іх вынікі. Мела эканам. і дыпламат. адносіны з Расіяй і дзяржавай Вял. Маголаў у Індыі. У час існавання Ш.дз. за цюркамоўным насельніцтвам Маверанахра і Харасана замацаваўся этнонім узбекі. Высокага ўзроўню дасягнула культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК АРТАПЕДЫ́ЧНЫ,
спецыяльны абутак для людзей з дэфармаванымі ступнямі і ступнямі з функцыянальным дэфектам. Дапамагае выправіць пач. няўстойлівую дэфармацыю ступні, кампенсаваць пакарачэнне канечнасці, павялічыць плошчу апоры, падтрымаць звод ступні, вызваліць балючыя месцы ад нагрузкі, зрабіць канечнасць апорнай, калі дэфармацыю нельга ліквідавацьхірург. метадамі. Паказанні для нашэння: плоскаступнёвасць, пакарачэнне ступні і канечнасці; касалапасць, паралітычныя дэфармацыі ступняў, аплікозы галёнкаступнёвага сустава; хранічныя ацёкі і інш. Артапедычны абутак носяць таксама на артапедычных апаратах, гіпсавых павязках і пратэзах. Вырабляецца ён індывідуальна пад кантролем урача.
Просты артапедычны абутак мала адрозніваецца ад звычайнага; складаны мае спец. канструкцыю верху і нізу. Адной з гал. частак артапедычнага абутку з’яўляецца пластычная вусцілка (супінатар), якую вырабляюць па злепку са ступні. Верх. Артапедычнага абутку ўмацоўваюць «падтрымкамі» або цвёрдымі паўгарсэтамі. Вышыню верху пры паралічы мышцаў галёнкі павялічваюць да палавіны лыткі. На Беларусі вырабляюць і рамантуюць артапедычны абутак на Мінскім пратэзным з-дзе і ў пратэзных майстэрнях абл. цэнтраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ»,
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКА-АРША́НСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя на Пд Віцебскай вобл. ў міжрэччы Зах. Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вял.Айч. вайну. Склалася да жн. 1942, уключала да 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага р-наў. Да вер. 1943 займала пл. каля 1500 км². Абаранялі зону 13 партыз. брыгад (каля 12 тыс.чал.), таксама спецгрупы, закінутыя з Вял. зямлі. Кіраўніцтва абаронай і ўнутр. жыццём зоны ажыццяўлялі БШПР, падп. Віцебскі абком КП(б)Б, Аршанскія, Багушэўскія, Дубровенскія, Сенненскія, Талачынскія райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падп. раённыя газеты. Партыз. фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпальшчыкамі Оршы, Віцебска, пас. Асінторф і інш., у складаныя перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу ім прыходзілі партыз. фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі 8 карных аперацый, у час апошняй ворагу ўдалося пацясніць абаронцаў зоны, але пачатак Беларускай аперацыі 1944 перашкодзіў яму выкарыстаць перавагу. У памяць аб баявых дзеяннях фарміраванняў зоны пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.