БРЫСО́ ((Brissot) Жак П’ер) (15.1.1754, г. Шартр, Францыя — 31.10.1793),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, лідэр жырандыстаў. З 1789 выдаваў газ. «Patriote Francais» («Французскі патрыёт»). У першы перыяд рэвалюцыі ўдзельнік Якабінскага клуба, выступаў супраць абсалютызму, за ўтварэнне рэспублікі. Быў абраны дэпутатам Заканадаўчага сходу, заклікаў пачаць рэв. вайну супраць еўрап. манархій (1791). Пасля звяржэння манархіі ў Францыі (1792) і прыходу жырандыстаў да ўлады патрабаваў спынення рэвалюцыі. У Канвенце ўзначаліў барацьбу жырандыстаў супраць якабінцаў і ў час якабінскай дыктатуры гільяцінаваны ў Парыжы.
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙТА́Н ((Gaitán) Хорхе Эльесер) (23.1.1898, Багата — 9.4.1948),
палітычны дзеяч Калумбіі. Д-р права Нац. ун-та (з 1924). У 1929 выступіў з рэзкім асуджэннем масавых расстрэлаў рабочых, якія баставалі ў дэпартаменце Магдалена (1928—29). У 1940 і 1943 уваходзіў ва ўрад, міністр асветы і міністр працы, аховы здароўя і сац. забеспячэння. Лідэр Ліберальнай партыі (з 1946), старшыня сената (з 1947). Аўтар законапраекта аб нацыяналізацыі нафтавых радовішчаў, якія эксплуатавалі амер. манаполіі. Выступаў з крытыкай палітыкі ЗША. Быў забіты рэакцыянерамі.
т. 4, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕС КА́СТРА ((Gómez Castro) Лаўрэана Элеўтэрыо) (20.2.1889, г. Багата, Калумбія — 13.7.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Калумбіі. З 1911 дэп. Нац. кангрэса. Міністр грамадскіх работ (1925—26), пасол у Аргенціне (1923—31) і Германіі (1931—32). Сенатар (1931—44). З 1932 лідэр Кансерватыўнай партыі. З 1948 міністр замежных спраў. У 1950—53 прэзідэнт Калумбіі, устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. У выніку перавароту Г.Рохаса Пінілы (1953) адхілены ад улады і эмігрыраваў у Іспанію. У 1958—62 старшыня сената Калумбіі.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЮ́Б ХАН (Мухамед) (14.5.1907, г. Хазара, Зах. Пакістан — 19.4.1974),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Пакістана. Фельдмаршал (1959). З 1928 на ваен. службе. Галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі (1951—54 і 1956—58). Пасля дзярж. перавароту 1958 прэзідэнт Пакістана да 1969. Прыхільнік захавання цэласнасці краіны, заснаваў т.зв. пачатковую дэмакратыю. У 1962 па яго ініцыятыве адменена ваен. становішча, уведзена новая канстытуцыя, абраны парламент, адноўлена дзейнасць паліт. партый, пачаліся агр. рэформы. Лідэр правячай партыі Мусульманская ліга ў 1963—69. У 1969 адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮВАЛЬЕ́ ((Duvalier) Франсуа) (14.4.1907, г. Порт-о-Прэнс, Гаіці — 21.4.1971),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Гаіці. Скончыў мед. ф-т ун-та Гаіці (1932). У 1947—49 нам. міністра працы, у 1949—50 міністр працы і аховы здароўя. З 1957 лідэр Партыі нац. адзінства (з 1963 Адзіная партыя рэв. і ўрадавага дзеяння). З 1957 прэзідэнт Гаіці. У 1964 правёў праз Нац. сход канстытуцыю, паводле якой абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў крывавы рэжым дыктатуры, праводзіў палітыку рэпрэсій, праследаваў апазіцыю. Пост прэзідэнта перадаў сыну Ж.К.Дзювалье.
т. 6, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́АК ((Deák) Ферэнц) (17.10.1803, с. Шэйцёр, медзье Зала, Венгрыя — 29.1.1876),
венгерскі паліт. дзеяч. У 1833—47 адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі, якая падтрымлівала Л.Хошута. У 1848 міністр юстыцыі ва ўрадзе Л.Бацяні. Пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі выступаў за пасіўнае супраціўленне Габсбургам. У 1861 лідэр парламенцкай т.зв. партыі петыцыі, якая выступала за аднаўленне рэв. законаў 1848 шляхам падачы прашэнняў Габсбургам. У 1865 заснаваў і ўзначаліў паліт. партыю (партыя Д.), якая адыграла вядучую ролю ў падрыхтоўцы і заключэнні аўстра-венг. пагаднення 1867.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІНО́ ((Papineau) Луі Жазеф) (7.10.1786, г. Манрэаль, Канада — 23.9.1871),
канадскі паліт. дзеяч. Адвакат. Чл. Заканад. сходу (1808—37) і ўрада (1820—23) брыт. калоніі (правінцыі) Ніжняя Канада. З 1815 лідэр апазіц. руху франка-канадскіх патрыётаў супраць брыт. улад. Адзін з кіраўнікоў антыбрыт. паўстання 1837—38 у Ніжняй Канадзе. З ліст. 1837 у эміграцыі ў ЗША, потым у Францыі. Вярнуўся ў Канаду па амністыі 1847. У 1848—51 і 1852—54 чл. Заканад. асамблеі прав. Канада. У далейшым ад паліт. дзейнасці адышоў.
т. 12, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́РСАН ((Pearson) Лестэр Боўлс) (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),
дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер. ядзернай зброі (1963).
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛДУІН ((Baldwin) Стэнлі) (3.8.1867, Б’юдлі, графства Херэфард-энд-Вустэр, Вялікабрытанія — 14.12.1947),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Трыніты-каледж (г. Кембрыдж). Быў саўладальнікам буйнейшай сталеліцейнай фірмы «Болдуінс лімітэд». З 1908 чл. парламента. Міністр гандлю (1921—22), фінансаў (1922—23), прэм’ер-міністр (1923—24, 1924—29, 1935—37). У 1923—37 лідэр Кансерватыўнай партыі. Урад Болдуіна сілай спыніў усеаг. забастоўку 1926 у Вялікабрытаніі, у 1930-я г. праводзіў палітыку «прымірэння» ў адносінах да фашысцкіх Італіі і Германіі. Схіліў караля Эдуарда VIII да адрачэння ад прастола (1936).
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́СТЭНСЕН ((Christensen) Енс Крысціян) (21.11.1856, Побёль, Данія — 19.12.1930),
дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1890—1924 дэп., у 1912—13 старшыня фолькетынга (парламента). У 1891—97 лідэр парламенцкай фракцыі партыі Венстрэ, у 1897—1908 старшыня гэтай партыі. З 1901 міністр культаў і асветы, у 1905—08 прэм’ер-міністр і ваен. міністр, у 1909 ваен. міністр. Урад К. надаў выбарчае права жанчынам, зменшыў мытныя стаўкі на імпартаваныя прадметы шырокага ўжытку, садзейнічаў узмацненню ўзбр. сіл. У 1916—18 міністр без партфеля, у 1920—22 міністр культаў. Пасля 1924 адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)