АХАЛАДЖЭ́ННЕ,

працэс адвядзення цеплаты ад рэчыва ці аб’екта з мэтай паніжэння яго тэмпературы. Адрозніваюць ахаладжэнне ўмеранае (вышэй за 120 К) і крыягеннае (ніжэй за 120 К). Для ўмеранага выкарыстоўваюць сумесі цвёрдых ці вадкіх рэчываў: ваду, лёд, іх сумесі з солямі, напрыклад з хлорыстымі натрыем і амоніем; прыстасаванні (напр., халадзільнікі) з вадкімі холадаагентамі (пераважна аміяк, прапан-прапіленавыя сумесі, хладоны). Крыягеннае ахаладжэнне адбываецца пры выпарэнні звадкаваных газаў (паветра, азот, вадарод, гелій) з дапамогай халадзільных установак.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Адкрыты 29.5.1970 у г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. Плошча выставачных залаў 259 м². У музеі 406 экспанатаў (1996). Экспануюцца творы Бялыніцкага-Бірулі («Лёд прайшоў», «Лес зазелянеў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі», усяго 26 карцін), бел. жывапісцаў Н.​Воранава, П.​Данелія, Ф.​Дарашэвіча, К.​Касмачова, П.​Крохалева, А.​Шыбнёва, скульпт. Л.​Гумілеўскага, І.​Міско, Г.​Мурамцава, С.​Селіханава і інш.

Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Адна з залаў музея.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),

крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.

Дэндрыты піралюзіту на палявым шпаце.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІРН (ням. Firn ад стараж.-верхненям. firni леташні, стары),

зярністы лёд, які складаецца са злучаных паміж сабой ледзяных крупінак; пераходная фаза паміж снегам і лёдам. Ўтвараецца ў выніку перакрышталізацыі снегу і шматразовага чаргавання паверхневага раставання і замярзання вады, якая прасочваецца ў глыбіню снегавой тоўшчы. Шчыльн. ад 450 да 800 кг/м³. Характэрны для горных рэгіёнаў, размешчаных вышэй снегавой лініі і для палярных абласцей, дзе атм. ападкі выпадаюць пераважна ў выглядзе снегу і за лета не паспяваюць раставаць.

т. 16, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯЦЫЯДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад лац. glacies лёд + дыслакацыя), ледавіковыя дыслакацыі,

парушэнні залягання горных парод, якія складаюць ложа ледавіка, пад ціскам лёду. Пашыраны ў раёнах сучаснага і старажытна-мацерыковага зледзянення. Звычайна ўзнікаюць там, дзе рухомы ледавік сустракае перашкоду. Пераважаюць каляпаверхневыя дэфармацыі, звязаныя з актыўнымі ледавікамі (складкі, складкава-лускаватыя структуры, насовы і інш.) або з дэградуючым (мёртвым) лёдам (прасадкі, апоўзні, тэрмакарст і інш.). Гляцыядыслакацыі вывучае гляцыятэктоніка. На тэр. Беларусі найб. выразныя і магутныя складкава-лускаватыя (скібавыя) гляцыядыслакацыі — Бярозаўская, Грандзіцкая, Пескаўская, Поразаўская, Салігорская і інш.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,

раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПАЎ Абрам Яфімавіч (другое прозвішча Спірыкаў; 27.8.1862, в. Ягорава Разанскай вобл. — 25.9.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1916). Нар. мастак Рэспублікі (1927). У 1884—86 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Перасоўнік (з 1891), чл. Саюза рус. мастакоў (з 1904), Асацыяцыі мастакоў Расіі (з 1924). З 1894 выкладаў у навуч. установах Масквы. Аўтар карцін: «Па этапах» (1893), «Прачка» (1890-я г.), партрэтаў (пераважна сялян; «Маладая сялянка ў чырвоным», 1925), пейзажаў «Па рацэ Ацэ» (1890), «Лёд прайшоў» (1895) і інш.

А.Архіпаў. Маладая сялянка ў чырвоным. 1925. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДЫ,

намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл. Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОС (Gross) Віллем (н. 11.1.1922, г. Тарту, Эстонія),

эстонскі празаік і драматург. Засл. пісьменнік Эстоніі (1975). Друкуецца з 1949. У сацыяльна-псіхал. п’есах «Лёд растае» (1950), «У вялікай сям’і» (1951), «Анкета» (1955), «Паўтара месяца» (1967), у зб-ку апавяданняў «Сярэднія дні» (1966), раманах «Крылы распрамляюцца» (1958), «Прадаецца індывідуальны недабудаваны дом...» (1961), «Аднакласнікі» (1965), «Зімовы адпачынак» (1975), «Матывы ўмоўчвання» (1978, Літ. прэмія імя Ю.​Смуула 1978), «У перагружанай лодцы» (1981) і інш. даследуе актуальныя маральна-этычныя і філас. праблемы на матэрыяле пасляваен. і сучаснага жыцця сваіх суайчыннікаў. Аўтар кнігі літ.-публіцыстычных артыкулаў «Хіба сёння — толькі сёння» (1972).

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВІНАГРО́ДСКІ Барыс Фёдаравіч (14.3.1896, г. Артвін, Турцыя — 29.9.1982),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917—19). З 1925 у Гомелі; выкладаў малюнак у школах і тэхнікумах (1926—37), выяўл. студыях (1948—57), гал. мастак Дзярж. т-ра лялек Беларусі (1940—48). Ствараў сціплыя, без вонкавых эфектаў, лірычныя пейзажы: «Каля прыстані» (1947), «Баржы на Сажы» (1949), «Сож каля суднарамонтнага завода» (1951), «Сож. Лёд прайшоў» (1960), «Прыцемкі на Прыпяці» (1963), «Мірнае неба» (1964), «Зеляніна. Май» (1967), «Уборка сена» (1972) і інш.

Б.Звінагродскі. Баржы на Сажы. 1949.

т. 7, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)