ДЭПРЭ́СІЯ (ад лац. depressio прыгнечанне, падаўленне) у псіхалогіі, афектыўны стан, які характарызуецца адмоўным эмацыянальным фонам, змяненнем матывацыйнай сферы і агульнай пасіўнасцю паводзін. Чалавек у стане Д. суб’ектыўна адчувае цяжкія, пакутлівыя эмоцыі і перажыванні (прыгнечанасць, тугу, смутак, роспач). Характэрнымі з’яўляюцца думкі пра ўласную адказнасць за розныя непрыемныя, цяжкія падзеі ў асабістым жыцці або ў жыцці блізкіх людзей. Валявая актыўнасць, самаацэнка рэзка зніжаны. Адрозніваюць функц. стан Д., магчыма ў здаровых людзей у межах нармальнага псіхічнага функцыянавання, і паталаг. Д. як адзін з асн. псіхіятрычных сіндромаў.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІКО́ВАЕ ТРАНСПАРТАВА́ННЕ, унутрышахтавае транспартаванне,
перамяшчэнне карыснага выкапня і інш. грузаў, а таксама перавозка людзей па падземных горных вырабатках і па паверхні зямлі (у межах тэр. рудніка, шахты). Ажыццяўляецца стужачнымі, скрабалкавымі, хістальнымі і інш. канвеерамі, лакаматывамі, вагонамі, самаходнымі ваганеткамі, цялежкамі, канатна-скрэпернымі ўстаноўкамі. Выкарыстоўваецца таксама гідраўлічны транспарт, гравітацыйнае транспартаванне, пнеўматычны транспарт. Пад’ём і апусканне карысных выкапняў, горнай пароды, абсталявання і людзей з шахты на паверхню робіцца клецевай, скіпавай або камбінаванай пад’ёмнай устаноўкай з загрузачнымі і разгрузачнымі прыстасаваннямі, бункерамі, капрамі (т. зв. рудніковы пад’ём).
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́КА (ад франц. clique шайка, банда),
група людзей, якія аб’ядналіся для дасягнення сваіх карысных авантурыстычных ці злачынных мэт (напр., злачынная К., прыдворная К.).
т. 8, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНО́ЗІЯ (ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),
парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.
т. 1, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУШАЎЛЁНАСЦЬ – НЕАДУШАЎЛЁНАСЦЬ,
лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёныя назоўнікі абазначаюць людзей і розных жывых істот («Рыгор», «настаўніца», «тыгр», «ластаўка», «карась», «камар»), неадушаўлёныя — расліны, прадметы, апрадмечаныя з’явы і паняцці («клён», «машына», «раса», «цемра», «свядомасць»).
Граматычна адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону мн. л.: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону («бачыць людзей — бачыць дрэвы», «лавіць язёў — лавіць сняжынкі»). Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот.
Л.І.Бурак.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГІНА́ЛЬНАСЦЬ,
стан асобы або групы людзей, якія знаходзяцца на мяжы розных сац. груп, сістэм, культур і цалкам не ўключаны ні ў адну з іх. Тэорыю маргінальных асоб і супольнасцей распрацаваў у 1920-я г. амер. вучоны Р.Э.Парк пры вывучэнні сац.-псіхал. наступстваў неадаптацыі мігрантаў (імігрантаў) да патрабаванняў урбанізму. Як самаст. сацыялаг. канцэпцыя развіта ў 1930-я г. Паняцце «маргінальная асоба» («маргінал») ужываецца як негатыўная адзнака ў адносінах да люмпенаў, ізгояў і інш., а таксама ў пазітыўным сэнсе — у адносінах да творчых людзей, здольных пераадолець стэрэатыпы, звыклыя, усталяваныя прынцыпы дзейнасці.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІКА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад позналац. communicabilis злучальны),
1) сумяшчальнасць (здольнасць да супольнай працы) рознатыповых сістэм перадачы інфармацыі.
2) Здольнасць людзей да зносін, службовых і вытв. дачыненняў, таварыскасць.
т. 7, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫ сацыяльныя,
буйныя сац. групы, якія аб’ядноўваюць людзей з агульным сац.-эканам. і паліт. статусам і якасна адрозніваюцца паводле такога статуса. У навуцы і дзярж.-паліт. практыцы са стараж. часоў назіраюцца розныя падыходы да паняцця К. Найб. распаўсюджаны аб’ектыўныя крытэрыі, якія звязаны пераважна з сутнаснымі фактамі эканам. жыцця грамадства, напр., з месцам у пэўнай гістарычна абумоўленай сістэме грамадскай вытв-сці, памерамі прыватнага матэрыяльнага багацця (А.Сміт, Д.Рыкарда, Ф.Гізо і інш.), роляй у арганізацыі сучаснай высокатэхнал. вытв-сці і кіраванні ёю. Паводле К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна, К. — гэта вял. групы людзей, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытв-сці (што юрыдычна замацоўваецца ў адпаведных законах), сваёй роляй у грамадскай арганізацыі працы, а ў канчатковым выніку — спосабамі атрымання і памерамі той часткі грамадскага багацця, якою яны карыстаюцца; з прыватным прысваеннем вынікаў грамадскай працы звязана існаванне ў класавым грамадстве К. эксплуататарскіх і эксплуатуемых. М.Вебер лічыў, што К. — гэта спалучэнне разнародных груп людзей, якія адрозніваюцца ўзроўнем адукацыі, занятасцю, даходамі і валодаюць аднымі і тымі ж жыццёвымі шанцамі і перспектывамі. У.Л.Уорнер адносіў да К. групы людзей, якія самі залічвалі сябе да пэўнай пазіцыі ў сістэме сац. іерархіі (вышэйшы, ніжэйшы, сярэдні К.). Сучасныя зах. сацыялогія і паліталогія пры характарыстыцы сац. структуры грамадства зыходзяць з тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі.
В.І.Боўш.
т. 8, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРАНІ́ЗМ, некрасадызм,
рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем некрафіліі і садызму. Выяўляецца палавой цягай да трупаў людзей, жаданнем катаваць іх, іншы раз адбываецца палавы акт з трупам.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБРАЦІ́МСТВА,
звычай родавага ладу, паводле якога двое ці некалькі людзей, якія не з’яўляліся сваякамі, з мэтай узаемнай падтрымкі ўступалі ў саюз, што адпавядаў кроўнай роднасці; суправаджаўся пэўнымі абрадамі.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)