ГЕДРО́ЙЦЬ ((Giedroyć) Міхал Ян Генрык) (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),
англійскі гісторык. Скончыў Лонданскіун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫК ((Crick) Фрэнсіс Хары Комптан) (8.6.1916, г. Нартгемптан, Вялікабрытанія),
англійскі біяфізік; адзін з заснавальнікаў малекулярнай генетыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Нац.АН ЗША (1960), ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1962). Скончыў Лонданскі універсітэцкі каледж (1937). У 1937—39 і 1947—77 у Кембрыджскім ун-це, у 1953—54 у Бруклінскім політэхнічным ін-це, з 1977 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (ЗША). Навук. працы па вывучэнні структуры нуклеінавых кіслот. У 1953 разам з Дж.Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (мадэль Уотсана—Крыка, двайная спіраль). Нобелеўская прэмія 1962 (разам з Дж.Уотсанам і М.Уілкінсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МБЕ́КІ ((Mbeki) Таба Мвуелва) (н. 18.6.1942, Ідутыва, Паўд.-Афр. Рэспубліка),
палітычны і дзярж. дзеяч Паўд.Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў Лонданскі і Сусекскі ун-ты. Лідэр Арг-цыі афр. студэнтаў — маладзёжнай арг-цыі Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК), у 1961—62 зняволены. З 1962 у эміграцыі. У 1971—72 пам. сакратара Рэв. савета АНК. У 1975—78 прадстаўнік АНК у Свазілендзе і Нігерыі. Чл.Нац. выканаўчага к-та АНК з 1975. Старшыня АНК з 1993, у 1993—97 нам. прэзідэнта, з 1997 прэзідэнт АНК. У 1994—99 1-ы віцэ-прэзідэнт, з чэрв. 1999 прэзідэнт ПАР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙНТЫНГ ((Poynting) Джон Генры) (9.9.1852, Монтан, Вялікабрытанія — 30.3.1914),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Лонданскі (1872) і Кембрыджскі (1876) ун-ты. З 1876 у Манчэстэрскім ун-це, з 1878 у Кавендышскай лабараторыі, з 1880 у Бірмінгемскім ун-це (з 1890 праф.). Навук. працы па даследаванні эл. з’яў, пераносу энергіі, тэорыі выпрамянення. Увёў паняцце пра шчыльнасць патоку эл.-магн. энергіі (гл.Пойнтынга вектар), вызначыў шчыльнасць Зямлі (1891) і гравітацыйную пастаянную (1893). У 1903 выказаў ідэю аб тармажэнні сонечным святлом геліяцэнтрычнага руху касм. цел (гл.Пойнтынга—Робертсана з’ява).
Літ.:
Спасский Б.И. История физики. Ч. 2. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскісімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛІН ((McMillin) Арнольд Барат) (н. 21.6.1941, г. Нью-касл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія),
англійскі славіст. Д-рслав. філалогіі (1971). Скончыў Лонданскіун-т (1964). У 1969—76 выкладчык, з 1987 праф.рус. мовы і л-ры Школы слав. і ўсх.-еўрап. даследаванняў Лонданскага ун-та. У 1976—87 заг. аддзялення рус. філалогіі Ліверпульскага ун-та. Аўтар даследаванняў па бел. мове і л-ры: «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX ст.» (Лондан, 1973), «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» (Гісен, 1977), арт. «Барока і асветніцтва на Беларусі. Да перагляду перыядызацыі беларускай літаратуры» (1984), «Русіфікацыя і яе апаненты ў сучаснай беларускай літаратуры», «Вехі і тэндэнцыі ў развіцці беларускай паэзіі» (абодва 1989). Напісаў прадмовы да зб.бел. паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зб. вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англ. мову (з В.Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навук. дзейнасць Я.Ф.Карскага, Я.Чачота, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, В.Быкава і інш. У 1991—92 пачаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Рэдактар «The Journal of byelorussian studies» («Часопіса беларускіх даследаванняў», 1966—71), час. «Modern languages rewiew» («Агляд сучасных моў», 1979—87), «Occasional papers in belarusian studies» («Неперыядычныя выданні беларускіх даследаванняў», 1995). Чл.Міжнар.к-та славістаў (1979—88), з 1981 віцэ-прэзідэнт Англа-бел. т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял.Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскіун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел.акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),
англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.Дзікенса, як драматург — А.Чэхава. Аўтар аўтабіягр.кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж.рус.драм.т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел.т-р імя Я.Купалы).
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;
Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;
Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.
Літ.:
Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;
Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,
навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).
З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.
На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ,
збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.