ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,

раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПО́ТЭЗА (ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),

сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводле рус. логіка М.​І.​Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.

В.​М.​Пешкаў.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,

навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.​Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.​Месаровіч, Л.​Задэ, Р.​Акоф, Дж.​Клір, У.​Н.​Садоўскі, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў, Р.​Калман, Э.​Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.

Літ.:

Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;

Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКЛЕ́ІВІЧ (Аляксандр Канстанцінавіч) (н. 27.11.1957, в. Задабрычча Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1996). Скончыў БДУ (1980), з 1983 выкладае ў ім. Даследаванні ў галіне тэорыі, філасофіі і лагічнага аналізу мовы, граматыкі, семантыкі, беларусістыкі, паланістыкі, русістыкі. Аўтар манаграфіі «Мова і логіка. Лінгвістычныя праблемы квантыфікацыі» (1998; на ням. мове), артыкулаў «Квантарныя займеннікі і тэкст» (1989), «Мастацкі тэкст і тэорыя магчымых сусветаў» (1992) і інш.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙН ((Wittgenstein) Людвіг) (26.4.1889, Вена — 29.4.1951),

аўстрыйскі філосаф, адзін з заснавальнікаў аналітычнай філасофіі. З 1929 у Вялікабрытаніі. Распрацаваў філасофію лагічнага атамізму, згодна з якой штучная мова, створаная сродкамі матэматычнай логікі, адлюстроўвае атамарныя (элементарныя) факты рэчаіснасці. Асн. працы: «Логіка-філасофскі трактат» (1921), «Філасофскія даследаванні» (1953), «Заўвагі па асновах матэматыкі» (1956) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Философские работы. Ч. 1—2. М., 1994.

Літ.:

Грязнов А.Ф. Эволюция философских взглядов Л.​Витгенштейна: Критич. анализ. М., 1985.

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІГУ́РСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (н. 2.8.1936, г. Смаленск),

бел. вучоны ў галіне тэорыі надзейнасці. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Уральскі політэхн. Ін-т (1959). З 1962 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па логіка-імавернасных метадах аналізу надзейнасці складаных тэхн. сістэм з многімі станамі элементаў.

Тв.:

Статистическое моделирование на физических моделях схем автоматики. Мн., 1978 (разам з А.​І.​Гурыновічам, М.​Ш.​Фелерам);

Аппаратурно-программные методы анализа надежности структурно-сложных систем. Мн., 1986.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЛІ ў біялогіі,

структуры, з’явы, працэсы, якія ствараюцца і выкарыстоўваюцца для мадэліравання біял. утварэнняў, функцый і працэсаў на розных узроўнях арганізацыі жывога: ад малекулярнага да папуляцыйна-біяцэнатычнага. Ствараюцца таксама М. біял. феноменаў, умоў жыццядзейнасці арганізмаў, папуляцый і экасістэм. М. спрашчаюць біял. з’явы і працэсы, але іх стварэнне і выкарыстанне мае вял. значэнне ў развіцці тэарэт. біялогіі, біёнікі, медыцыны і інш. Адрозніваюць М біял.. матэм (логіка-матэм., імітацыйныя) і фізіка-хімічныя.

М. біялагічныя ўзнаўляюць на лабараторных жывёлах пэўныя станы або захворванні, якія сустракаюцца ў чалавека ці жывёл, што дае магчымасць вывучаць у эксперыменце механізмы ўзнікнення, працякання і зыходу стану або хваробы, уздзейнічаць на арганізмы (напр., штучна выкліканыя генет. парушэнні, інфекц. працэсы, інтаксікацыі, злаякасныя новаўтварэнні, гіпер- або гіпафункцыі некат. органаў, неўрозы і інш.). Выкарыстоўваюцца ў генетыцы, фізіялогіі, фармакалогіі. М. матэматычныяматэм. і логіка-матэм. апісанні структуры, сувязей і заканамернасцей функцыянавання жывых сістэм, якія ўяўляюць сабой ураўненні, што апісваюць працэс ці з’яву. Пры іх стварэнні ў асн. выкарыстоўваюць метады матэм. статыстыкі. сістэмы дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў. Яны будуюцца па выніках эксперыменту або абстрактна, фармалізавана апісваюць гіпотэзу, тэорыю ці заканамернасць біял. феномена, што патрабуе далейшай праверкі эксперыментам (прыклад матэм. М. — фізіял. з’явы — М. узбуджэння нерв. валакна). М. імітацыйныялогіка-матэм. прадстаўленні сістэм, якія запраграмаваны для рашэння з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Такія М. выкарыстоўваюць для мадэліравання ўмоўных рэфлексаў, распазнавання вобразаў, працэсаў навучання. М. фізіка-хімічныя ўзнаўляюць фіз. або хім. сродкамі біял. структуры, функцыі або працэсы і з’яўляюцца далёкім падабенствам біял. з’явы, што мадэліруецца. Больш складаныя М. будуюцца на прынцыпах электратэхнікі і электронікі, напр., электронныя схемы, якія мадэліруюць біяэл. патэнцыялы ў нерв. клетцы, мех. машыны з электронным кіраваннем, што мадэліруюць складаныя акты паводзін (утварэнне ўмоўнага рэфлексу, працэсы цэнтр. тармажэння і інш.). М. фіз.-хім. умоў існавання жывых арганізмаў або іх органаў ці клетак імітуюць унутр. асяроддзе арганізма і падтрымліваюць існаванне ізаляваных органаў або клетак, культывуемых па-за арганізмам. М. біялагічных мембран дазваляюць вы вучаць фіз.-хім. асновы працэсаў транспарту іонаў і ўздзеянне на іх розных фактараў.

Літ.:

Процессы и структуры в открытых системах: Сб. науч. тр. М., 1992;

Биомоделирование. М., 1993;

Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотац. справ.). Мн., 1997.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАК,

матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.

Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.​Лок, Г.​Лейбніц, Э.​Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.

І.​І.​Мячыкава.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),

1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.​Расела і яго школы (гл. Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).

В.​М.​Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙДУКЕ́ВІЧ ((Ajdukiewicz) Казімеж) (12.12.1890, г. Цярнопаль, Украіна — 12.4.1963),

польскі логік, філосаф. Правадзейны чл. Польскай АН (з 1952). Праф. Львоўскага, Варшаўскага ун-таў (1925—38). У 1938 узначаліў Пазнанскае філас. т-ва, з 1953 гал. рэдактар час. «Studia logica» («Лагічныя даследаванні»). Прадстаўнік львоўска-варшаўскай школы, якая ставіла задачу лагічнага абгрунтавання і ўмацавання рацыяналізму ў процівагу ірацыяналізму. Паводле філас. поглядаў быў блізкі да ідэй лагічнага пазітывізму. Распрацаваў логіка-семантычную канцэпцыю значэння як спосабу ўжывання тэрміна ў пэўнай канцэптуальнай сістэме тэорыі лагічнага вываду, індуктыўнай логікі, азначэння, лагічнай семантыкі і сінтаксісу.

Тв.:

Język i poznanie. T. 1—2. Warszawa, 1960—65: The scientific world-perspective and other essays, 1931—63. Dordrecht, 1978.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)