ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКІ́,

рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн. км2 (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн. км3 (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн. км2, маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл. Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л.ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л.ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс. км2). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.

Да арт Ледавікі. Далінны ледавік на Паміры.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГАН (Logan),

вяршыня ў гарах Св. Ільі, на ПнЗ Канады. Выш. 6050 м (другая па вышыні ў Паўн. Амерыцы). Складзена з гранітаў. Укрыта вял. ледавікамі амаль да падножжа, дае пачатак многім далінным ледавікам даўж. да 80 км (ледавік Логан). Уваходзіць у склад нац. парку Клуэйн.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗЕНГІ́ЙСКАЯ СЦЯНА́,

самы высокі і скалісты ўчастак грэбеня Галоўнага хрыбта Вял. Каўказа. Даўж. 12 км. Вяршыні (з У на З); Шхара (5068 м), Шата Руставелі (4860 м), Джангітау (5058), Катынтау (4970 м), Гестала (4960 м), Лалвар (4350). З паўн. схілаў бярэ пачатак ледавік Безенгі. Раён альпінізму.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЗАРЭ БЕ́РАГ (Banzare Coast),

частка ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда), паміж 122° і 130° усх. даўгаты. Ледавіковы схіл з рэдкімі выхадамі скальных пародаў. Антарктычныя аазісы Бангера і Грырсана. Вывадныя ледавікі (у сярэдняй частцы шэльфавы ледавік Ваейкава). Вял. колькасць айсбергаў. Адкрыты ў 1931 Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай даследчай экспедыцыяй, у гонар якой (у скарачэнні) названы.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТНАЁКУДЛЬ, Ватна-Ёкуль (Vatnajökull),

самы вялікі покрыўны ледавік Ісландыі. Укрывае вулканічны масіў на ПдУ краіны. Пл. 8390 км², магутнасць лёду да 1000 м; ледавіковыя языкі апускаюцца да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. Выш. пакатага купала 600—2000 м. Над Ватнаёкудлем узнімаецца самая высокая вяршыня вострава — г. Хванадальсхнукур (2119 м). Вывяржэнні вулканаў, у т. л. падлёдавых, выклікаюць катастрафічныя паводкі.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА ПІК,

найвышэйшы пункт Заалайскага хр. на Паміры, на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана. Выш. 7134 м. Грэбень хрыбта, дзе падымаецца Л.п., мае суцэльнае покрыва з фірну і лёду. На Пд спускаюцца ледавікі Вял. і М. Саўкдара (даўж. 20, 6 км і 14,3 км), на Пнледавік Леніна (даўж. 13,5 км). Першае ўзыходжанне здзейснена ў 1934 рас. альпіністамі В.М.Абалакавым і інш.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,

горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТО́К РАКІ́,

месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ СТАДЫЯ́Л,

апошні стадыял паазерскага зледзянення на тэр. Беларусі. Адбыўся 14—15 тыс. гадоў назад. Ледавік займаў крайнія Пн і ПнЗ Беларусі. Сфарміраваўся озава-камавы і канцова-марэнны рэльеф Азершчынскай, Нешчардаўскай, Асвейскай, Браслаўскай і інш. градаў. У прылеглых да іх з Пд частках Полацкай і Суражскай нізін намножыліся зандравыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Утварыліся першыя надпоймавыя тэрасы Бярэзіны (бас. Дняпра) і самыя высокія тэрасы Нёмана, Віліі і Зах. Дзвіны.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)