ПА́НСА ((Panso) Вальдэмар) (30.11.1920, Талін — 27.12.1977),

эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Эстоніі (1968). Нар. арт. СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.​Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.​Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.​Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.​Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.​Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.​Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.​Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.​Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;

Удивительный человек. М., 1972.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Мікалай Васілевіч) (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст. т-ра (1908—10, кіраўнік У.​Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-ра рус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.​Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.​Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.​Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.​Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.​Рамашова (апошні з К.​Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.​Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.​Маякоўскага (1953, з В.​Плучакам і С.​Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.​Дастаеўскага (1956) і інш. Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),

раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш. мед. і біял. дысцыплінамі.

Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.​Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.​І.​Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).

На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек. мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.​А.​Маркаў, Н.​І.​Аляксейчык, П.​В.​Астапеня, В.​М.​Ізуткін, М.​Ф.​Казлоў, Э.​С.​Кашыцкі, Л.​М.​Толстых-Чарнецкая, Ц.​А.​Каган, М.​Г.​Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел. мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г. Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг. значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.​М.​Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.

М.​А.​Ткачоў.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎПАТО́РЫЯ,

горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс. ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр. Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).

У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст. н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).

Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР САТЫРЫ.

Засн. ў 1924. З 1984 акадэмічны. На пачатку яго рэпертуар складалі агляды, памфлеты, вадэвілі. З пач. 1930-х г. аснова рэпертуару — быт. камедыя. Спектаклі 1930 — пач. 1950-х г. былі водгукам на надзённыя праблемы грамадства: «Чужое дзіця» (1933), «Простая дзяўчына» (1937) і «Страшны суд» (1940) В.​Шкваркіна, «Факір на гадзіну» У.​Дыхавічнага і М.​Слабадскога (1945), «Дзень адпачынку» В.​Катаева (1946), «Вяселле з пасагам» М.​Дзьяканава (1950). Ставілася і класічная драматургія: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1938), «Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні (1940), «Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва (1945), «Камедыя памылак» У.​Шэкспіра (1950). Этапнымі для т-ра сталі спектаклі «Лазня» (1953) і «Клоп» (1955) У.​Маякоўскага. У станаўленні т-ра значную ролю адыгралі рэж. Д.​Гутман, М.​Гарчакоў, М.​Пятроў, П.​Васільеў. З 1957 гал. рэж. т-ра В.​Плучак. Яго пастаноўкі «Ці быў Іван Іванавіч?» Н.​Хікмета (1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966) і інш. вызначылі публіцыстычную накіраванасць мастацтва т-ра, яркую відовішчнасць спектакляў. Т-р стварыў цыкл спектакляў, якія ўключаюць разнастайныя жанравыя элементы — ад трагедыі да фарсу: «Дон Жуан, або Любоў да геаметрыі» М.​Фрыша (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1976), «Бег» М.​Булгакава (1977), «Трохграшовая опера» Б.​Брэхта і К.​Вейля (1980, 1996), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1982), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983), «Ваяўніца» М.​Ляскова (1988), «Ідэальны муж» О.​Уайльда (1991), «Гарачае сэрца» Астроўскага (1992), «Утаймаванне свавольніцы» Шэкспіра (1994). Спектаклі адметныя спалучэннем жыццёвай дакладнасці з яркімі, вострымі тэатр. прыёмамі, музыкальнасцю, падкрэсленай, часта гратэскава завостранай выразнасцю пластыкі. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: В.​Аросева, В.​Васільева, Т.​Васільева, М.​Дзяржавін, У.​Ляпко, І.​Любезнаў, А.​Міронаў, С.​Мішулін, Г.​Мянглет, А.​Папанаў, Т.​Пельтцэр, Б.​Рунге, Л.​Сухарэўская, Г.​Тусузаў, У.​Хенкін, Б.​Ценін, А.​Шырвінт і інш.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),

расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.​Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.​Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.​Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.​Чарот, М.​Грамыка, А.​Куляшоў, П.​Броўка, М.​Лужанін, У.​Хадыка, П.​Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.​Міровіч і Л.​Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, П.​Макаля, С.​Гаўрусёва, У.​Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.​Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.​Дзяркач, М.​Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.​Лужанін, Р.​Лынькоў), Т.​Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.​Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.​Вітка і Р.​Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, В.​Жуковіч, К.​Крапіва, Куляшоў, Г.​Пашкоў, М.​Танк, У.​Шахавец, А.​Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1955—61;

Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг. М., 1978;

Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;

Выбр. творы. Мн., 1952;

Кім быць? Мн., 1932;

Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;

Дзецям. Мн., 1950;

Конь-агонь. Ми., 1955;

П’есы. Мн., 1985;

Уладзімір Ільіч Ленін. Мн., 1987.

Літ.:

Крученых А. Стихи Маяковского. Выпыт. СПб., 1914;

Денисова И.В. Революция — любовь: Новатор. принципы послеокт. лирики Маяковского. 2 изд. М., 1988;

Карабчиевский Ю.А. Воскресение Маяковского. М., 1990;

Михайлов А.А. Мир Маяковского. М., 1990;

Яго Ж. Точка пули в конце: Жизнь Маяковского. М., 1993;

Скорятин В.И. Тайна гибели Владимира Маяковского: Новая версия трагич. событий, основанная на последних находках в секретных архивах. М., 1998;

Маякоўская А.А. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага: З успамінаў маці: Пер. з рус. Мн., 1957;

Маякоўскі ў Беларусі. Мн., 1957;

Агіевіч У. Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзіі // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954;

Гниломедов В. «Издалека сегодня виден подвиг ваш...» // Дружба народов. 1983. № 7;

Кенька М. Яго перакладчыкі // Братэрства, 83. Мн., 1983.

У.​В.​Гніламёдаў (У.​Маякоўскі і Беларусь).

У.У.Маякоўскі.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́П’Е (Скопје),

Скопле (Skoplje), горад, сталіца Македоніі. Знаходзіцца на Пн краіны, на р. Вардар. Каля 500 тыс. ж., з прыгарадамі каля 650 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр Македоніі. У С. сканцэнтравана каля 50% прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: тытунёвая, піваварная, садавіна-агароднінакансервавая, мукамольная, мясная, мылаварная, гарбарна-абутковая, тэкстыльная; новыя галіны: металургія, вытв-сць алюмініевых вырабаў, с.-г. машын, шкляная, цэм., мэблевая. Саматужнае дыванаткацтва. Македонская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. У 1963 горад моцна пацярпеў ад землетрасення.

У старажытнасці каля сучаснага С. знаходзіўся гал. горад ілірыйскага племя дарданаў Скупі, заваяваны ў канцы 1 ст. да н.э. рымлянамі. З канца 3 ст. н.э. Скупі — цэнтр рым. правінцыі Дарданія. У 518 ён разбураны землетрасеннем. У 6 ст. каля руін Скупі пабудаваны С. У канцы 7 ст. заселены славянамі. У 9—10 ст. у складзе Першага Балгарскага царства, з 1282 — сербскай дзяржавы. У 13—14 ст. буйны гандл. цэнтр. Пры Стэфане Душане (у 1331—55) С. — сталіца сербска-грэч. царства. У 1392—1912 пад уладай туркаў. З 1913 у складзе Сербіі, з 1918 Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, цэнтр. антыфаш. барацьбы. У 1946—91 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі Македонія ў складзе СФРЮ.

Горад спалучаў сучасную забудову з сярэдневяковай. Да землетрасення, у выніку якога зруйнавана да 80% будынкаў, у ім захоўваліся рэшткі цыклапічных абарончых сцен і акведук (6 ст.), мячэці (Султана Мурата, 1436; 1схак-бега, 1438; Іса-бега, 1475; Мустафа-пашы, 1492; Ях’я-пашы, 1504), лазня (1489—97), 8-арачны каменны мост (15 ст.), заезныя дамы (15—19 ст.), крыты базар «безістэн» (1689), гадзіннікавая вежа (1566—72), царква св. Спаса (канец 17 — пач. 18 ст.) і інш. помнікі архітэктуры. Рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы вядуцца пераважна на аснове праекта яп. арх. К. Тангэ і макед. архітэктараў. У цэнтры горада пабудаваны Акадэмія навук і мастацтваў, Макед. нар. т-р, гіст. архіў і інш. Каля С. — руіны ілірыйскага і рым. г. Скупі (рэшткі т-ра, тэрм, базілікі, некропаля), царква св. Панцеляймона ў Неразі (1164, фрэскі). Музеі: этнагр., археал., маст. галерэя.

Скоп’е. Гістарычны цэнтр.

т. 14, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.

На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 82,9 тыс. чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Лунінец. Уваходзяць рабочы пас. Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.

Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб. меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс. га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 91,5 тыс. га, з іх асушаных 63,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в. Вял. Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.​Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.​Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.​Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.​Босх, П.​Брэйгель, Ж.​Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.​Гоі, А.​Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.​Мунк, М.​Шагал), сюррэалізму (С.​Далі, П.​Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.​Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.​Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.​Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.​Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.​Бахматовіча, Я.​Горыда, Я.​Драздовіча, К.​Кукевіча, М.​Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.​Вішнеўскі, А.​Волкаў, Р.​Грамыка, В.​Губараў, М.​Гурло, А.​Карповіч, М.​Пушкар, С.​Раманаў, В.​Славук, В.​Ціхановіч, Л.​Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.​Я.​Адамовіч (гратэск у літаратуры).

Да арт. Гратэск. Ф.​Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.
Да арт. Гратэск. В.​Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)