ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,
кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.
Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш. запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.
Літ.:
Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;
Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.
М.А.Ярмаш, М.Л.Савік.
т. 12, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,
структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.
У.Р.Залатагораў.
т. 9, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВАЕ КІРАВА́ННЕ І САМАКІРАВА́ННЕ,
кіраванне справамі мясц. значэння, якое ажыццяўляецца органамі і службовымі асобамі, прызначанымі цэнтр. і інш. вышэйстаячымі органамі і падпарадкаваныя ім, а таксама выканаўчымі органамі, якія выбіраюцца насельніцтвам, і органамі мясц. самакіравання. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў вызначаюцца заканадаўствам.
В.А.Кадаўбовіч.
т. 11, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ АЎТАТРА́НСПАРТНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1930 у Мінску, з 1945 у Бабруйску. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): эксплуатацыя і рамонт транспартных сродкаў; арганізацыя перавозак і кіраванне рухам на транспарце; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 2, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫЯ О́РГАНЫ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,
гл. ў арт. Мясцовае кіраванне і самакіраванне, а таксама Выканаўчы камітэт, Выканаўчыя і распарадчыя органы.
т. 11, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАЛЕ́ДЖ ГА́НДЛЮ.
Засн. ў 1957 у Мінску як тэхнікум сав. гандлю. З 1997 сучасная назва. Рыхтуе бухгалтараў гандл. прадпрыемстваў, юрыстаў, тэхнікаў-тэхнолагаў грамадскага харчавання, эканамістаў, таваразнаўцаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання; камерцыйная дзейнасць; правазнаўства; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль, эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Мае філіял (з 1996), у якім на дзённым аддзяленні вучацца інваліды па спецыяльнасці эканоміка і кіраванне прадпрыемствам.
т. 10, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАТРО́Н [ад механа... + (элек)трон],
электравакуумная прылада, у якой кіраванне эл. токам ажыццяўляецца мех. перамяшчэннем яе электродаў. Прызначаны для пераўтварэння мех. велічынь (перамяшчэння, сілы, паскарэння ці інш.) у эл. сігнал; выкарыстоўваецца ў якасці датчыка вымяральных прылад.
т. 10, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАЎІ́ТЫ, Алавіты, Філаліды, Філалійскія шэрыфы,
дынастыя султанаў (з 1660-х г.), потым каралёў (з 1957) у Марока. У перыяд франц. пратэктарата (1912—56) страцілі рэальную ўладу. З сак. 1956 аднавілі сваё кіраванне ў краіне.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЫТВО́РЧАЯ СФЕ́РА,
умоўная назва галін і відаў дзейнасці, якія не ствараюць матэрыяльныя каштоўнасці. У сав. эканам. статыстыцы да яе адносілі сферу быт. паслуг, навуку, культуру, адукацыю, ахову здароўя, кіраванне. Тэрмін «Н.с.» заменены паняццем сацыяльна-культурная сфера.
т. 11, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)