кірунак навуковай і праектна-канструктарскай дзейнасці, які заключаецца ў вывучэнні і практычным выкарыстанні законаў, заканамернасцяў і прынцыпаў прыроды для стварэння новых прыёмаў арх. арганізацыі прасторы, новых канструкцый і матэрыялаў. Садзейнічае лепшай функцыян. арганізацыі аб’ектаў, павышэнню нясучай здольнасці канструкцый, зніжэнню вагі збудаванняў і г.д. Прыклады выкарыстання біёнікі архітэктурнай — сучасныя танкасценныя абалонкі пакрыццяў, якія нагадваюць кветку (арх. Ф.Кандэла), пнеўматычныя канструкцыі, рабрыстыя пакрыцці і скляпенні (арх. П.Л.Нерві), эксперым. праекты гарадоў і мастоў (арх. П.Саляры), пабудовы арх. Ф.Л.Райта, Р.Б.Фулера.
Літ.:
Лебедев Ю.С. Архитектура и бионика. М., 1977.
Да арт.Біёніка архітэктурная. Геадэзічны купал у Сент-Луісе (ЗША). Арх. Р.Б.Фулер. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),
у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.
Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.
На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТА ((Porta) Джакама дэла) (каля 1540, Рым — 1602),
італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян. дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1573), узвёў гал.купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.Фантанам).
Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяці рус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НСАН ((Johnson) Філіп) (н. 8.7.1906, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Вучыўся ў арх. школе Гарвардскага ун-та ў М.Броера (1940—50-я г.). Вучань і супрацоўнік Л.Міс ван дэр Роэ. Развіваючы яго прынцыпы, пабудаваў уласны дом у г. Нью-Канаан (штат Канектыкут, 1949) у выглядзе шклянога паралелепіпеда. У далейшым спалучаў прынцыпы і матэрыялы сучаснай архітэктуры са свабоднай стылізацыяй традыц.арх. формаў — класіцызму, готыкі, рэнесансу, а таксама Стараж. Рыма, сярэдневяковага Блізкага і Д. Усходу (Музей сучаснага мастацтва, 1930—36 і 1946—54, тэатр штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры», 1964, абодва ў Нью-Йорку; купал ядзернага рэактараў Ізраілі, 1960).
Літ.:
Noble Ch. Ph Johnson. London, 1972.
Ф.Джонсан. Інтэр’ер тэатра штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры» ў Нью-Йорку. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял.купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),
карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КНЯ́ЖАЦКІ ХРАМ Існаваў у 12—16 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. на тэр. Верхняга замка. Рэшткі выяўлены М.Каргерам у час археал. раскопак 1966—67. Храм мураваны, 3-нефавы, 6-стаўповы, крыжова-купальны (24 × 16 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтр. неф з У завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваны прытворы з самаст. апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.
А.А.Трусаў.
Полацкі княжацкі храм. Рэканструкцыя П.А.Рапапорта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,
помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ВАЎ ПРАСВЯТО́Й БАГАРО́ДЗІЦЫ НА НЕ́РЛІ ЦАРКВА́ помнік архітэктуры 12 ст. каля г.п. Багалюбава Уладзімірскай вобл.
(Расія),
у пойме р. Нерль. Належыць да Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства. Пабудавана ў 1165 кн. Андрэем Багалюбскім у памяць пра памерлага сына. 1-купальны 4-стаўповы крыжова-купальнага тыпу храм вылучаецца выключнай гармоніяй крыху выцягнутых па вертыкалі прапорцый, вытанчанасцю пластычнай апрацоўкі (ступеньчатыя лапаткі, перспектыўныя парталы, каменныя рэльефы). Фасады расчлянёны складанымі пучковымі пілястрамі з тонкімі паўкалонкамі. У верхняй іх частцы — разныя выявы цара Давіда, жаночых галоў, ільвоў, грыфонаў. Па верхняй частцы барабана праходзіць дэкар. пояс (арачкі, выкружкі, парэбрык, трохвугольнікі). Цыбулепадобны купал устаноўлены замест першапачатковага шлемападобнага. Да 1672 мелася вежа з ходам на хоры. Помнік значна скажоны ў час рамонту 1877 (знішчаны галерэі, што прымыкалі да яго з трох бакоў, фрэскі). Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.