КЛАСІФІКА́ТАР,

апарат для раздзялення сумесей мінер. часцінак на класы па буйнасці, шчыльнасці і форме. У залежнасці ад асяроддзя, у якім адбываецца раздзяленне, адрозніваюць К. гідраўлічныя і пнеўматычныя (паветраныя); у залежнасці ад выкарыстаных сіл — гравітацыйныя і цэнтрабежныя К., эл. сепаратары. Выкарыстоўваюцца пераважна ў горнай прам-сці. Найб. пашыраны мокрыя мех. К. для падрыхтоўкі руд да абагачэння.

Цэнтрабежны класіфікатар: 1 — лопасцевае кола; 2 — размеркавальны дыск; 3 — вентылятар; 4 — унутраны конус.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗБЕ́К (груз. Мкінвары — ледзяны; асец. Урсхох — белая гара),

вяршыня Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Грузіі. Выш. 5033 м (усх. вяршыня), зах. вяршыня на 400 м ніжэй. Патухлы вулканічны конус, складзены з андэзітавых і трахіта-ліпарытавых лаў, насаджаны на масіў з юрскіх сланцаў. На схілах субальпійскія і альпійскія лугі, з выш. 3300 м — вечныя снягі. Далінныя ледавікі (Дэўдаракскі, Мна, Суатысі і інш.). Агульная плошча зледзянення 135 км². Раён альпінізму і турызму.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЮЧАЎСКА́Я СО́ПКА,

дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.

Вулкан Ключаўская Сопка.

т. 8, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕТРАЗАБО́РНІК у авіяцыі,

частка сілавой устаноўкі лятальнага апарата для падводу атм. паветра да рухавіка. П. падзяляюцца на рэгулявальныя і нерэгулявальныя, паводле скорасці палёту — дагукавыя і звышгукавыя. Асн. прызначэнне П. паветрана-рэактыўнага рухавіка — сцісканне паветра тармажэннем сустрэчнага патоку (таму яны маюць форму дыфузара). У звышгукавых П. сцісканне ажыццяўляецца ў сістэме скачкоў ушчыльнення (гл. Ударная хваля). Такія П. бываюць са знешнім, унутраным ці камбінаваным сцісканнем патоку.

Схема звышгукавога паветразаборніка са знешнім сцісканнем: 1 — скачкі ўшчыльнення; 2 — абечак; 3 — цэнтральны конус.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́ПКА,

у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы; стаўная пастка ў выглядзе аднагорлавага буча з прыбудаваным да ўваходу карытцам. Наз. таксама кош. С. ставілі ў палонцы на неглыбокім месцы так, каб карытца знаходзілася ў адкрытай вадзе, а конус — пад лёдам. Рыба, што з-за недахопу кіслароду ў вадзе імкнулася да паверхні вадаёма, трапляла ў карытца, а пасля, шукаючы выхаду з яго, праз горла заходзіла ў буч. Як і пры лоўлі каробкамі, палонку закрывалі галінкамі, сенам і снегам (каб не замярзала вада). Рыбачылі С. на Палессі, вядома таксама на Магілёўшчыне і ПнУ Гомельшчыны.

І.​М.​Браім.

Скрыпка.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),

апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.

Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.

Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́ДАЎ (Іван Ільіч) (22.1.1902, с. Бабіна Цвярской вобл., Расія — 6.11.1959),

расійскі архітэктар. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1927; вучыўся ў А.​А.​Весніна); выкладаў у ім (1928—30). Адзін з кіраўнікоў Аб’яднання сучасных архітэктараў. Зрабіў значны ўклад у архітэктуру канструктывізму. У работах (Ін-т бібліятэказнаўства, 1927; дом Цэнтрасаюза, 1928; абодва ў Маскве; пасёлак новага тыпу пры Магнітагорскім горнаметалургічным камбінаце, 1930) выкарыстоўваў маст. магчымасці простых геам. форм (шар, конус) і на іх аснове ствараў прасторавыя кампазіцыі з ужываннем новых канструкцый. Горадабудаўнічым праектам уласцівы макс. выкарыстанне прыродных умоў, аддзяленне вытв. зоны ад жылой, свабодная планіроўка, забудова гарадоў дамамі малапавярховымі аблегчанай канструкцыі і шматпавярховымі вежавымі.

Літ.:

Александров П.А., Хан-Магомедов С.О. Иван Леонидов. М., 1971.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],

разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.

Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.

Марфалагічныя групы канадонтаў: 1 — простыя конусападобныя; 2 — складаныя стрыжнепадобныя; 3 — плоскія.

т. 7, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́КВЕЛА МЕ́ТАД,

метад вызначэння цвёрдасці матэрыялаў (пераважна металаў) уцісканнем у іх паверхню алмазнага конуса з вуглом пры вяршыні 120° (шкалы A і C) або стальнога загартаванага шарыка дыям. 1,588 мм (шкала В).

Робіцца спец. настольнымі прыладамі — цвердамерамі з індыкатарам. За ўмоўную адзінку цвёрдасці прымаецца яе лікавае значэнне, адпаведнае восеваму перамяшчэнню конуса (шарыка) на 0,002 мм. Метад распрацаваны ў 1919 амер. металургам С П.​Роквелам. Цвёрдасць матэрыялаў вызначаецца таксама Брынеля метадам і Вікерса метадам, якія менш прадукцыйныя і больш пашкоджваюць паверхню вырабу.

Прылада для вызначэння цвёрдасці матэрыялаў паводле Роквела метаду: 1 — махавік; 2 — вінт; 3 — узор, які выпрабоўваецца; 4 — індэнтар (алмазны конус або стальны шарык); 5 — індыкатар; 6 — ручка для апускання грузу 7, які стварае намаганне на індэнтар.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)