ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),

навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.

Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.​Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.​Нікаль і Г.​К.​Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.​Цыркеля (1866) і К.​Г.​Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.​Ю.​Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.​І.​Вярнадскі, А.​Я.​Ферсман, А.​М.​Заварыцкі, амер. Ф.​Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.​А.​Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.​Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.​С.​Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАТА́ (Bogotá),

Санта-Фе-дэ-Багата, горад, сталіца Калумбіі. Размешчана ў горнай катлавіне, на зах. схіле Усх. Кардыльераў, на выш. больш за 2500 м. Адм. ц. дэпартамента Кундынамарка; утварае самастойную адм. адзінку — сталічную акругу. 5026 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Эльдарада. Гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Тэкст., харч., гарбарна-абутковая, паліграф., эл.-тэхн., аўтазборачная, фармацэўтычная прам-сць. Каля Багаты здабыча ізумрудаў. 14 дзярж. і прыватных ун-таў і ін-таў, у т. л. Нац. ун-т Калумбіі. Калумбійская акадэмія. Музеі: Нац.; Нац. археал. і этнаграфіі; калан. мастацтва; золата (стараж.-індзейскіх вырабаў).

Засн. ў 1538 ісп. канкістадорамі ў раёне, які быў цэнтрам стараж. цывілізацыі індзейцаў чыбча. З 1598 сталіца ісп. генерал-капітанства, з 1739 — віцэ-каралеўства Новая Гранада. У 1819 вызвалена ад іспанцаў С.Баліварам, які зрабіў Багату сталіцай рэспублікі Вялікая Калумбія. Пасля яе распаду з 1831 сталіца Новай Гранады (з 1863 — Калумбіі).

Сетка вузкіх вуліц Багаты цягнецца ўздоўж гор. На гал. плошчы Пласа Балівар — помнік С.​Балівару (1842), сабор (засн. ў 17 ст., перабудаваны ў стылі класіцызму ў 1807—23). Цэрквы калан. перыяду з інтэр’ерамі, багата ўпрыгожанымі разьбой і размалёўкамі (Санта-Дамінга, пачата ў 1577; Сан-Франсіска, 1569—1622; Сан-Ігнасіо, 1625—35); палац Сан-Карлас (канец 16 — пач. 17 ст.). У 19—20 ст. узведзены буйныя грамадскія, дзелавыя, прамысл. будынкі (Нац. капітолій, 1847—1926; атэль «Тэкендама», 1950—53; ф-ка «Кларк», 1953), новыя раёны («Антоніо Нарыньё», «Крысціяна», 1967).

Багата. Панарамы горада.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),

від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.​Бейкер, І.​Гільбер, К. дэ Мерод, Б.​Кларк, Ж.​Містэнгет, Э.​Піяф, М.​Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.

Літ.:

Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.

В.​А.​Войніч.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая вырабляе абутак са скуры і інш. матэрыялаў. У прамысл. развітых краінах працэс механізацыі абутковай вытв-сці пачаўся ў 1850-я г. з выкарыстаннем швейных і інш. спец. машын для механізаванага вырабу абутку.

Сусветная вытв-сць скуранога абутку складае 9,7 млрд. пар штогод, з іх 12% (1,05 млрд.) у краінах ЕЭС. Вядучыя фірмы на сусв. рынку: «Кларк» (Вялікабрытанія), «Баця Інтэрнэшанал» (Канада), «Адзідас», «Саламандэр» і «Пума» (Германія). Абутковая прамысловасць Беларусі пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. з дробных шавецкіх майстэрняў. Механічная ф-ка «Арол» у Мінску выпускала 800 пар абутку за суткі (1913), дзейнічалі таксама 2 ф-кі рус.-амер. і рус.-бельг. акц. т-ваў і абутковыя майстэрні ў Віцебску. У 1921 абутковая прамысловасць выпускала каля 14 тыс. пар абутку за год. У 1920—30-я г. пачалі дзейнічаць абутковыя ф-кі «Праца» ў Гомелі, «Прагрэс» у Віцебску, механізаваная ф-ка імя Калініна і ф-ка імя Тэльмана ў Мінску і інш. Да пач. Вял. Айч. вайны дзейнічала 12 высокамеханізаваных фабрык, якія выраблялі 9,8 млн. пар абутку (1940). У Вял. Айч. вайну ўсе прадпрыемствы разбураны. У 1952 абутковая прамысловасць дасягнула даваен. ўзроўню вытв-сці. Макс. вытв-сць скуранога абутку на Беларусі дасягнута ў 1988 (46,9 млн. пар). У 1993 выпуск абутку скараціўся да 13,3 млн. пар. Самыя буйныя прадпрыемствы абутковай прамысловасці ўваходзяць у дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці «Беллегпрам» (Мінскае абутковае адкрытае акц. т-ва «Прамень», акц. т-ва «Гроднаабутак», акц. т-ва Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Лідская абутковая ф-ка, Гомельскае вытв. абутковае аб’яднанне «Праца», Бабруйская абутковая ф-ка, акц. т-ва «Баранавіцкая абутковая ф-ка» і інш.). Створаны сумесныя абутковыя прадпрыемствы з Германіяй: у Віцебску — «Белвест» (1988), у Мінску — «Отыка»(1993).

В.​М.​Лагвінко.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.​А.​Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.​Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.​М.​Аляксееў з удзелам К.​І.​Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.​Кларк). Пасля набыцця палаца І.​Ф.​Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.​Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.​Панятоўскага (скульпт. Б.​Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).

В.​Ф.​Марозаў, В.​Р.​Анціпаў.

Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Да арт. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.

Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.​В.​Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.​Э.​Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.​А.​Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.​М.​Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.​Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.​Паустоўскі, С.​Вавілаў, В.​Біянкі, Б.​Жыткоў, Я.​І.​Перэльман, А.​Азімаў, Л. дэ Бройль, М.​Гарднер, А.​Кларк, Ж.​І.​Кусто, Т.​Хеердал і інш.

На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.​Скарыны, «Катэхізісе» С.​Буднага (1562), творах М.​Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.​Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.​Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.​Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.​Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.​Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.​Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.​Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.​Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.​Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.​І.​Клімука «Зоры — побач», В.​Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.​Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.​Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.​Гайдука «Паратунак» (1993), У.​Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.​Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.​Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.​Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПІ́Р (ад франц. empire імперыя),

стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.

Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона I (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.​Персье і П.​Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.​А.​Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.​Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.​Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.​Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.​Грыгор’евым у Маскве.

У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.​Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.​Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.

Літ.:

Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;

Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.
Да арт. Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн. 1806—37.
Да арт. Ампір. Надмагілле А.​Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.
Да арт. Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН (London),

горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс. км². 7,6 млн. ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн. ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін. цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).

Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г. н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст. н. э.). У 1 ст. рым. ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст. гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст. афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл. Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар. сацыяліст. руху, у т. л. паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл. Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.

Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.​Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.​Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.​Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.​Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш. арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.​Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.​Джонс, Рэн, Дж.​Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.

Дж.​Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.​Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.​Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.​Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.​Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.​Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.​Бэры, Х.​Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.​Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.​Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.​О.​Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.​Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер. арх. Э.​Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.​Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.​Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.​Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л. Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л. «Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.

Літ.:

Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;

Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.

Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.
Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.​Чэймберс.
Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

выяўленне новых геагр. аб’ектаў або геагр. заканамернасцей. На ранніх этапах развіцця геаграфіі пераважалі адкрыцці новых геагр. аб’ектаў, яны былі непарыўна звязаны з працэсам стварэння карты зямной паверхні і да сярэдзіны 20 ст. практычна завершаны (за выключэннем некат. цяжкадаступных раёнаў сушы і ч. дна Сусветнага ак.). Геаграфічныя адкрыцці цесна звязаны з працэсам грамадскага развіцця. Асабліва важная роля ў развіцці геагр. уяўленняў належыць мараплаўцам перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, у Паўн. Азіі — дзейнасці рускіх землепраходцаў. З развіццём геаграфіі як навукі, асабліва з 2-й пал. 19 ст., усё большае значэнне набываюць адкрыцці, якія садзейнічаюць выяўленню геагр. заканамернасцей і ўзаемасувязей геагр. з’яў. Шырока выкарыстоўваюцца найноўшыя навук. дасягненні, у т. л. Касм. метады даследавання Зямлі.

Геаграфічныя адкрыцці і даследаванні

Азія. 330—325 да н.э. Паход праз Іранскае нагор’е ў Сярэднюю Азію і Зах. Індыю (Аляксандр Македонскі); 325—324 да н.э. Плаванне ад вусця р. Інд да вусця р. Еўфрат (Неарх і Анесікрыт); 921—922. Падарожжа з Харэзма з пасольствам у Волжскую Балгарыю праз Прыкаспій і Прыаралле (Ібн Фадлан); 1166—73. Падарожжа з Іспаніі ў Палесціну, Сірыю, Ірак, Іран (В.​Тудэльскі); 1245—47. Падарожжа з Ліёна з папскім пасольствам у г. Каракарум у Манголіі (Дж. дэ Плана Карпіні); 1253—56. Падарожжа з Палесціны ў г. Каракарум (В.​Рубрук); 1271—95. Падарожжа ў Кітай праз Цэнтр. Азію (Марка Пола); 1325—49. Падарожжы па краінах Азіі (Ібн Батута); 1405—31. Сяміразовыя плаванні флатылій з Кітая ў краіны Паўд. Азіі (Чжэн Хэ); 1466—72. Падарожжа ў Індыю (А.​Нікіцін); 1498. Прыбыццё экспедыцыі Васка да Гама ў Індыю; 1500—20. Марскія экспедыцыі ў Індыю, Індакітай і Інданезію (П.​А.​Кабрал, Васка да Гама, Ф.​Алмейда, А.​Албукеркі і інш.); 1581—84. Паход у Зах. Сібір (Ярмак Цімафеевіч); 1618—19. Падарожжа ў Манголію і Кітай (І.​Петлін); 1620—23. Дасягненне сярэдняга цячэння р. Лена (Пенда); 1639—41. Дасягненне Ахоцкага м. праз хр. Джугджур (І.​Масквіцін); 1643. Дасягненне воз. Байкал (К.​Іваноў); 1643—46. Плаванне па рэках Зея і Амур, Ахоцкім м. (В.​Паяркаў); 1648. Плаванне з вусця р. Калыма ў Берынгава м. Праходжанне Берынгава прал. (С.​Дзяжнёў); 1675—78. Падарожжа праз Сібір у Кітай (М.​Спафарый); 1697—99. Апісанне Камчаткі (У.​Атласаў); 1720—27. Экспедыцыя па Урале і Сібіры (Д.​Месершміт); 1725—30. Камчацкая экспедыцыя. Праход цераз Берынгаў прал. з Пд на Пн (В.​Берынг і інш.); 1733—43. Другая Камчацкая (Вял. Паўночная) экспедыцыя. Вывучэнне і картаграфаванне ўзбярэжжа і ўнутр. раёнаў Сібіры. Плаванні да Паўн. Амерыкі і Японіі (Берынг, А.​Чырыкаў, Г.​Мілер, І.​Гмелін, В.​Прончышчаў, Х. і Д.​Лапцевы, С.​Чэлюскін і інш.); 1768—74. Вывучэнне Урала, Сібіры, Казахстана (П.​Палас, В.​Зуеў); 1804—05. Апісанне берагоў Сахаліна, Японіі, Камчаткі (І.​Крузенштэрн); 1830—56. Вызначэнне вышынь Гімалаяў, у т. л. г. Джамалунгма (Дж.​Эверэст); 1848—49. Доказ астраўнога палажэння Сахаліна (Г.​Невяльской); 1854—57. Падарожжа ў Індыю, Гімалаі, Каракарум (браты А., Г. і Р.​Шлагінтвайт); 1856—57. Даследаванні Цянь-Шаня (П.​П.​Сямёнаў-Цян-Шанскі); 1868—71. Даследаванні пустыні Кызылкум, Цянь-Шаня, Алайскага і Заалайскага хрыбтоў (А.​Федчанка); 1868—72. Падарожжы ва ўнутр. вобласці Кітая (Ф.​Рыхтгофен); 1869—75. Фіз.-геагр. і геал. даследаванні шэрагу рэк Усх. Сібіры, хрыбтоў Усх. Саяна і Хамар-Дабана (А.​Чаканоўскі); 1870—85. Цэнтральна-азіяцкія (Манголія, Джунгарыя, Тыбет) экспедыцыі (М.​Пржавальскі); 1877—79. Пранікненне ў цэнтр. ч. Паміра (М.​Северцаў); 1877—91. Даследаванні ўзбярэжжа Байкала, бас. рэк Селенга і Ніжняя Тунгуска, хрыбтоў Паўн.-Усх. Сібіры (І.​Чэрскі); 1889—90. Падарожжы па Манголіі, пустыні Такла-Макан, гарах Куньлунь, Тыбет (М.​Пяўцоў, У.​Рабароўскі, П.​Казлоў); 1892—94. Даследаванні Цэнтр. Манголіі, пустыні Гобі, гор Куньлунь, Наньшань, Манг. Алтай і інш. (У.​Обручаў); 1893—1901. Падарожжы па Цэнтр. Азіі, Манголіі, Тыбеце (Казлоў); 1899—1902. Комплексныя даследаванні Аральскага м. (Л.​Берг).

Афрыка. 15 ст. да н.э. Паходы ўверх па р. Ніл, да 5-га парога (старажытнаегіпецкія палкаводцы); не пазней 8 ст. да н.э. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Афрыкі і Гібралтарскага прал. (фінікійскія мараходы); на мяжы 7 і 6 ст. да н.э. Трохгадовае плаванне вакол Афрыкі (фінікійскія мараходы); каля 500—470 да н.э. Плаванне ўздоўж берагоў Зах. Афрыкі да вулкана Камерун (Ганон); каля 50—100. Плаванні ўздоўж усх. берагоў Афрыкі да в. Занзібар (грэчаскія мараходы); каля 60. Паход уверх па Белым Ніле за 10° паўн. ш. (рымляне); 8—9 ст. Акрыццё Мадагаскара Адкрыццё Мадагаскара, узбярэжжа Мазамбіка, Каморскіх а-воў (арабскія мараходы); 1352—53. Перасячэнне Зах. і Цэнтр. Сахары (Ібн Батута); 1431—35. Адкрыццё Азорскіх а-воў (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1434—57. Адкрыцці Зялёнага мыса, рэк Сенегал і Гамбія, узбярэжжа Зах. Афрыкі да 10° паўн. ш. (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1456—62. Адкрыццё а-воў Зялёнага Мыса (А.​Кадамоста); каля 1461—73. Адкрыццё вулкана Камерун, а-воў у Гвінейскім зал., апісанне ўзбярэжжа Афрыкі да 2° паўд. ш. (П.​Сінтра, С.​Кошта і інш.); 1487—88. Адкрыццё паўд. берага Афрыкі і мыса Добрай Надзеі (Б.​Дыяш); 1497—98. Першае плаванне з Еўропы ў Індыю вакол Афрыкі (Баска да Гама); 1795—97, 1805—Об. Падарожжа ўверх па р. Гамбія, плаванне па р. Нігер (М.​Парк); 1822—25. Двухразовае перасячэнне Сахары, даследаванне воз. Чад (Д.​Дэнем, Х.​Клапертан); 1850—55. Даследаванні Сахары, раёна воз. Чад, Цэнтр. Судана да р. Нігер (Г.​Барт, Дж.​Рычардсан); 1852—53. Перасячэнне Афрыкі з З на У ад г. Бенгела да вусця р. Рувума (А.​Сілва Порту); 1854—56. Перасячэнне Цэнтр. Афрыкі ад г. Луанда да вусця р. Замбезі. Адкрыццё вадаспада Вікторыя (Д.​Лівінгстан); 1856—63. Даследаванне воз. Танганьіка, адкрыццё воз. Вікторыя і р. Вікторыя-Ніл (Р.​Ф.​Бёртан, Дж.​Спік, Дж.​Грант); 1869—74. Даследаванне нагор’я Тыбесты (Г.​Нахтыгаль); 1875—77. Адкрыццё р. Кагера, воз. Эдуард, масіву Рувензоры, плаванне па р. Конга ад вытокаў да вусця (Г.​Стэнлі); 1880—83. Вывучэнне р. Уэле і водападзела паміж рэкамі Ніл і Конга (В.​Юнкер).

Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Каля 900. Першае плаванне да ўсх. берага Грэнландыі (Гунб’ёрн Ульфсан); 981—983. Адкрыццё паўд. і паўд.-зах. Грэнландыі (Эйрык Торвальдсан); 985. Плаванне да Паўн.-Усх. Амерыкі (Б’ярні Херульфсан); 1000—1001. Адкрыццё зямель «Маркланд» і «Вінланд» на ПнУ Паўн. Амерыкі (Лейф Эйрыксан); 1492—1504. Чатыры плаванні Х.​Калумба — адкрыццё Багамскіх а-воў, Кубы, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайкі, берагоў Паўд. і Цэнтр. Амерыкі; 1499. Адкрыццё берагоў Гвіяны і карыбскага ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі (А.​Ахеда, А.​Веспучы); 1500. Адкрыццё ўсх. ўзбярэжжа Бразіліі (Кабрал); 1513. Перасячэнне Панамскага перашыйка (В.​Бальбоа); 1515—16. Адкрыццё зал. Ла-Плата і нізоўяў р. Парана (Х.​Соліс); 1517—18. Адкрыццё п-ва Юкатан і зах. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (Ф.​Кордава, Х.​Грыхальва, А.​Аламінас); 1519. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (А.​Пінеда); 1519—21. Заваяванне дзяржавы ацтэкаў, адкрыццё Мексіканскага нагор’я (Э.​Картэс); 1520. Адкрыццё Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава прал. (Ф.​Магелан); 1529—36. Перасячэнне Прымексіканскай нізіны, Вялікіх раўнін і р. Рыо-Грандэ (А.​Кавеса дэ Вака); 1532—34. Заваяванне Перу, адкрыццё Зах. і Цэнтр. Кардыльеры Андаў (Ф.​Пісара, С.​Белалькасар); 1535—37. Адкрыццё плато Пуна ў Андах, воз. Тытыкака, Чылійска-Аргенцінскіх Андаў і пустыні Атакама (Д.​Альмагра); 1536—39. Завяршэнне адкрыцця бас. р. Магдалена і Паўн.-Зах. Андаў (Г.​Кесада, Белалькасар); 1540—42. Адкрыццё бас. р. Каларада, Вял. Каньёна, Скалістых гор, паход па Вял. раўнінах да 40° паўн. ш. (Ф.​Каранада, Г.​Кардэнас); 1541—42. Перасячэнне Паўд. Амерыкі: паход ад зал. Гуаякіль да р. Амазонка, плаванне па ёй да вусця (Ф.​Арэльяна); 1576—78. Пошукі Паўн.-Зах. праходу, адкрыццё Бафінавай Зямлі (М.​Фробішэр); 1578—79. Дасягненне мора на Пд ад Вогненнай Зямлі — прал. Дрэйка (Ф.​Дрэйк); 1609—10. Даследаванні ўсх. і паўн.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, адкрыццё заліваў Чэсапікскі, Дэлавэр, р. Гудзон, Гудзонава праліва і заліва (Г.​Гудзон); 1615—28. Адкрыццё азёр Гурон і Антарыо, р. Саскуэхана (С.​Шамплейн, Э.​Бруле); 1616. Адкрыццё мыса Горн (В.​Схаўтэн, Я.​Лемер); 1678—81. Плаванне па р. Св. Лаўрэнція, Вял. азёрах, р. Місісіпі да мора (Р. Ла Саль); 1732. Адкрыццё крайняга паўн.-зах. выступу Паўн. Амерыкі (І.​Фёдараў, М.​Гвоздзеў); 1741. Адкрыццё Аляскі і Алеуцкіх а-воў (Берынг, А.​Чырыкаў); 1792—94. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах сучаснай Канады (А.​Макензі); 1799—1804. Даследаванні Паўд. Амерыкі і Мексіканскага нагор’я (А.​Гумбальт, Э.​Банплан); 1804—06. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах ЗША праз Скалістыя і Каскадныя горы (М.​Льюіс, У.​Кларк); 1819—20. Плаванне на З праз пралівы Ланкастэр, Бараў, Вайкаўнт-Мелвіл (У.​Пары); 1832—35. Даследаванні Патагоніі, Вогненнай Зямлі, а-воў Галапагас (Р.​Фіцрай, Ч.​Дарвін); 1839—40. Даследаванні Кардыльер на тэр. Чылі (І.​Дамейка); 1848—58. Даследаванні далін рэк Амазонка і Рыо-Негра (А.​Уолес, Г.​Бейтс); 1886. Перасячэнне ледзянога купала Грэнландыі па 64° паўн. ш. (Ф.​Нансен); 1892—1909. Даследаванні на Пн Грэнландыі, дасягненне Паўн. геагр. полюса (Р.​Піры).

Аўстралія і Акіянія. 1521. першае перасячэнне Ціхага ак., адкрыццё Марыянскіх а-воў (Магелан); 1526. Адкрыццё Н.​Гвінеі (Ж.​Менезіш); 1606. Адкрыццё Торэсава прал. (Л.​Торэс); 1606. Адкрыццё зах. ўзбярэжжа п-ва Кейп-Йорк (В.​Янсзан); 1642—44. Адкрыццё Тасманіі, Н.​Зеландыі, а-воў Тонга, абследаванне паўн. берагоў Аўстраліі (А.​Тасман); 1722. Адкрыццё в-ва Вялікадня (Я.​Рогевен); 1769—78. Тры экспедыцыі ў Ціхі ак., адкрыццё і даследаванне многіх а-воў, усх. ўзбярэжжа Аўстраліі (Дж.​Кук); 1797—1803. Адкрыццё Басава прал., падарожжа вакол Тасманіі, здымка берагоў Аўстраліі (Дж.​Бас, М.​Фліндэрс); 1824. Адкрыццё рэк Мурэй і Марамбіджы (Г.​Юм, У.​Ховел); 1829—30. Адкрыццё р. Дарлінг (Ч.​Сцёрт); 1840. Адкрыццё піка Касцюшкі, даследаванне Аўстралійскіх Альпаў (П.​Стшэлецкі); 1843—45. Даследаванне паўд. берагоў Н.​Гвінеі, адкрыццё р. Флай (Ф.​Блэквуд); 1860—61. Перасячэнне Аўстраліі ў мерыдыянальным напрамку да зал. Карпентарыя (Р.​Бёрк); 1862. Двухразовае мерыдыянальнае перасячэнне Аўстраліі да п-ва Арнем-Ленд (Дж.​Сцюарт); 1889—97. Даследаванні ўнутр. абласцей Н.​Гвінеі (У.​Мак-Грэгар).

Антарктыка. 1775. Адкрыццё а-воў Паўд. Георгія і Сандвічавых (Кук); 1820. Адкрыццё мацерыка Антарктыда (Ф.​Белінсгаўзен, М.​Лазараў); 1831—33. Адкрыццё Зямлі Эндэрбі, Антарктычнага п-ва і суседніх а-воў (Дж.​Біска); 1833. Адкрыццё Берага Кемпа (П.​Кемп); 1830—42. Адкрыццё Зямлі Вікторыя, хр. Адміралці, гор. Эрэбус і Тэрар, Ледзянога бар’ера Роса (Дж.​Рос); 1893. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Ларсена, Берага Оскара II, Берага Фойна (К.​Ларсен); 1898. Адкрыццё Берага Данка (А.​Жэрлаш); 1898—99. Зімоўка ў Антарктыдзе (К.​Борхгрэвінк); 1902. Адкрыццё Заходняга шэльфавага ледавіка, Зямлі Вільгельма II (Э.​Дрыгальскі); 1904. Адкрыццё Зямлі Котса (У.​Брус); 1908. Адкрыццё ледавіка Бірдмара, дасягненне Паўд. магнітнага полюса (Э.​Шэклтан, Д.​Моўсан, А.​Мак-Кей); 1911. Дасягненне Паўд. геагр. полюса (Р.​Амундсен); 1911—12. Паўторнае дасягненне Паўд. геагр. полюса (Р.​Скот); 1912. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Фільхнера (В.​Фільхнер); 1928—30. Адкрыццё Зямлі Мэры Бэрд, ледавіка Амундсена, хрыбтоў Эдсел-Форд, Гросенар, плато Рокфелер (Р.​Бэрд); 1935. Адкрыццё Зямлі Элсуарта, гор Сентынел і інш. (Л.​Элсуарт), 1956. Адкрыццё а-воў Гідрографаў, Геолагаў, п-ва Географаў, ледавіка Аненкава і інш. (М.​Сомаў і інш.); 1957. Дасягненне Паўд. геамагнітнага полюса (А.​Трэшнікаў і інш.); з 1965. Сістэм, комплекснае вывучэнне Антарктыды экспедыцыямі розных краін.

І.​Я.​Афнагель.

т. 5, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)