невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).
У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п.Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫ ПАКА́З 1912,
літаратурна-музычны і сцэнаграфічны спектакль-кампазіцыя ў «жывых карцінах» («абразах») на тэму пораў года ў прац. жыцці і ўяўленнях селяніна. Адбыўся ў пач. 1912 у адным з сялянскіх двароў каля г.п.Карэлічы Гродзенскай вобл.
Прадстаўленне складалася з уступу, 4 частак (4 пораў года) і заключэння. Развівалася чаргаваннем сцэн. карцін, сэнс якіх удакладняўся дэкламацыяй вершаў Я.Купалы, Я.Коласа і інш., нар. песнямі. Адбывалася ў муз. суправаджэнні. У афармленні выкарыстаны элементы нескладанай бутафорыі, натуральныя рэчы (рэквізіт), шумавыя прыёмы (вецер, гром), светлавыя эфекты ўсіх колераў чырвоны — колер агню, блакітны — месяца, жоўты — сонца і інш. Усе кампаненты («карціны», кампазіцыйныя пераходы, вобразы-алегорыі, тэксты, спевы, дэкламацыі) былі аб’яднаны ў вобразным адзінстве фалькл.сцэн. відовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЮЦЬ (Алесь) (Аляксандр Макаравіч; 6.10.1908, в. Скорычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 26.10.1944),
бел.паэт. Удзельнік Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Друкаваўся з 1928 у зах.-бел. прэсе. Асн. матывы творчасці — пратэст супраць сац. і нац. несправядлівасці, заклік да грамадзян. актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення чалавека, апяванне хараства роднага краю. Пасля 1939 у вершах і артыкулах услаўляў новае жыццё.
Тв.:
У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965;
У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.
Літ.:
Багдановіч І. Лёс, апалены вайной: Бел. паэт Алесь Мілюць, ураджэнец вёскі Скорычы // Першыя і Другія карэліцкія краязнаўчыя чытанні: Да 600-годдзя Карэліч і Міра. Карэлічы;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ (Андрэй Аляксандравіч) (н. 11.7.1925, г.п.Карэлічы Гродзенскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар.АН Беларусі (1994), д-рфіз.-матэм.н. (1975), праф. (1983). Скончыў БДУ. З 1957 у Ін-це фізікі АН Беларусі, адначасова з 1961 выкладае ў БДУ. Навук. працы па тэорыі элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій і матэм. фізіцы. Распрацаваў агульную методыку канечных пераўтварэнняў геам., дынамічнай і квантавай сіметрыі, метад абагульненых сімвалаў Кронекера. Сфармуляваў паслядоўную класічную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў калібровачную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў» (1987) і «Нарысы па гісторыі фізікі мікрасвету» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Введение в теорию классических полей. Мн., 1968 (разам з Л.Р.Марозам);
Введение в полевую теорию элементарных частиц. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й «ЗЯМЛЯ́ І ЛЮ́ДЗІ».
Засн. ў 1970 у г.п.Карэлічы Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1974. Пл. экспазіцыі 184 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў археал. знаходкі з раскопак г.п. Мір і Мірскага замка і інш. помнікаў раёна, скарб медных солідаў 17 ст., рукапісныя кнігі 18—20 ст., калекцыя рэчаў сял. побыту і дэкар.-прыкладнога мастацтва 19—20 ст.Вял. экспазіцыя прысвечана падзеям часоў Вял.Айч. вайны і партыз. руху на тэр. раёна. У экспазіцыі матэрыялы пра славутых землякоў Я.Брыля, І.Дамейку, А.Дзеркача, В.Іпатаву, Б.Кіта, спевака П.Конюха, Р.Тармолу, Я.Чачота і інш. Экспануюцца творы бел. жывапісцаў, графікаў, скульптараў. Філіял — музей Героя Сав. Саюза У.З.Царука ў в. Ярэмічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕЎКА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Нёўда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пд ад Навагрудка, 178 км ад Гродна, 29 км ад чыг. ст. Наваельня, на скрыжаванні аўтадарог Баранавічы—Навагрудак і Наваельня—Карэлічы. 570 ж., 235 двароў (1996).
Згадваецца ва ўспамінах Ф.М.Еўлашоўскага (1602). У 17 ст. належала Курчам, пазней — Незабытоўскім, набыла статус мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Райчанскай вол. Навагрудскага пав. У 1830 канфіскавана царскім урадам. У 1886 — 126 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Валеўскага раёна. З 25.11.1940 да 1962 у Карэліцкім р-не. У 1970 — 434 жыхары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (18 ст.). Каля Валеўкі стаянка эпохі мезаліту.
старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.Х.Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,
жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.
Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.
На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,
вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п.Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.