АДНО́СНЫ РУХ,

рух матэрыяльнага пункта (цела) адносна сістэмы адліку, якая сама рухаецца адносна інш. сістэмы адліку, што ўмоўна прымаецца за нерухомую. Звычайна нерухомая сістэма адліку (K) лічыцца інерцыйнай сістэмай адліку; рухомая сістэма (K′) можа быць інерцыяльнай і неінерцыяльнай. Скорасць і паскарэнне цела адносна сістэмы K′ наз. адноснымі (Vад, aад), адносна сістэмы K — абсалютнымі (Vаб, aаб), скорасць і паскарэнне сістэмы K′ адносна K — пераноснымі (Vпер, aпер). У кінематыцы паміж гэтымі велічынямі ўстаноўлена залежнасць: Vаб = Vад + Vпер ; aаб = aад + aпер + aкар , дзе aкарКарыяліса паскарэнне.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБЕРЛА́НТ, Хаберлант (Haberlandt) Готліб Іаган Фрыдрых (28.11.1854, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя — 30.1.1945), нямецкі батанік і фізіёлаг раслін; адзін з заснавальнікаў фізіял. кірунку ў анатоміі раслін. Чл.-кар. Берлінскай, Венскай, Мюнхенскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Венскі ун-т (1876). З 1877 працаваў у ім, з 1880 праф. ун-та ў г. Грац, у 1909—23 у Берлінскім ун-це. Распрацаваў класіфікацыю расл. тканак, заснаваную на іх функцыях. Адкрыў т.зв. ранавыя гармоны — прадукты распаду клетак, якія стымулююць клетачнае дзяленне. Вывучаў трапізмы і выявы раздражняльнасці ў раслін. Аўтар працы «Фізіялагічная анатомія раслін» (1884).

т. 4, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ІР СЕН (сапр. Кім Сон Чжу; 15.4.1912, г. Пхеньян — 8.7.1994),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Генералісімус КНДР (1992). У 13-гадовым узросце эмігрыраваў з бацькамі ў Паўн.-Усх. Кітай, дзе ў 1931 уступіў у кіт. камуніст. партыю. У 1932 арганізаваў кар. партыз. атрады, на чале якіх ваяваў супраць яп. акупац. войск у Паўн.-Усх. Кітаі і Паўн. Карэі. У 1941 адступіў на тэр. СССР. У 1945 разам з сав. войскамі прыбыў у Карэю. У 1945—46 адказны сакратар паўн.-кар. Аргбюро Камуніст. партыі Карэі, у 1946—49 нам. старшыні ЦК Прац. партыі Паўн. Карэі, адначасова ў 1946—48 старшыня Часовага нар. к-та (з 1947 Нар. к-та) Паўн. Карэі. У 1948—72 старшыня Кабінета міністраў КНДР, у 1972—94 прэзідэнт КНДР. Адначасова з 1949 старшыня, з 1966 ген. сакратар ЦК Прац. партыі Карэі. У 1950—93 старшыня К-та абароны КНДР (да 1972 Ваен. к-т КНДР), адначасова вярх. галоўнакамандуючы (1950—94).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1987.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУА́ЛЬНАСЦЬ (лац. casualis ад casus выпадак),

вучэнне аб выпадковасці; погляд, што ў свеце пануе выпадковасць, адстойвалі Эпікур, Лукрэцый Кар і інш. філосафы. У пераносным сэнсе казуальны — выпадковы, адзінкавы, які не паддаецца абагульненню.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ЧЭН ІР (н. 16.2.1942, паводле афіц. звестак лагер кар. партызан каля гары Пэктусан на Пн Карэі),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Сын Кім Ір Сена. Скончыў Пхеньянскі ун-т (1964). Працаваў у апараце ЦК Прац. партыі Карэі (ППК).З 1973 сакратар ЦК, з 1974 чл. Паліткамітэта ЦК, з 1980 чл.

Прэзідыума Палітбюро ЦК ППК і чл. Цэнтр. ваен. к-та ППК. У 1980 афіцыйна абвешчаны пераемнікам Кім Ір Сена. З крас. 1993 старшыня К-та абароны КНДР. Пасля смерці Кім Ір Сена (ліп. 1994) фактычны кіраўнік КНДР, у т. л. вярх. галоўнакамандуючы. Ген. сакратар ЦК ППК з 1997.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДЭРО́ГЕ (Дзмітрый Аляксеевіч) (6.5.1903, Вільня — 30.4.1987),

афрыканіст, этнограф, гісторык, мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). Чл. франц. Т-ва афрыканістаў і Міжнар. афр. ін-та. Чл.-кар. Школы ўсх. і афр. моў (Лондан) і многіх акадэмій. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). У 1927—28 вывучаў мовы, этнаграфію і музейную справу ў Германіі, Нідэрландах, Бельгіі. З 1945 праф. Ленінградскага ун-та, з 1947 у Ін-це этнаграфіі Рас. АН. Асн. працы па праблемах сац. ладу, сістэмах роднасці, культуры і моў народаў Афрыкі: «Малайская сістэма роднасці» (1951), «Старажытнасці Беніна» (т. 1—3, 1953—57), «Мастацтва народаў Заходняй Афрыкі ў музеях СССР» (1958), «Мовы і пісьменства народаў Афрыкі» (1963), «Каланіяльнае грамадства» (1973) і інш.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́Ў (Мікалай Канстанцінавіч) (15.7.1872, Масква — 2.12.1940),

савецкі біёлаг, заснавальнік айч. эксперым. біялогіі. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1916). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі (1917—39). Распрацаваў гіпотэзу малекулярнай будовы і матрычнай рэпрадукцыі храмасом («спадчынныя малекулы»; 1928), чым вызначыў прынцыповыя палажэнні сучаснай малекулярнай біялогіі і генетыкі па рэплікацыі генаў на аснове матрычнага сінтэзу бялковых малекул Навук. працы па параўнальнай анатоміі пазваночных жывёл, эксперым. цыталогіі, фізіка-хім. біялогіі. Засн. часопісы: «Успехи экспериментальной биологии» (1922), «Журнал экспериментальной биологии» (1925), «Биологический журнал» (1932).

Тв.:

Организация клетки. М.; Л., 1936.

Літ.:

Полынин В.М. Пророк в своем отечестве. М., 1969;

Астауров Б.Л., Рокицкий П.Ф. Н.​К.​Кольцов. М., 1975.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО ДЭ У (н. 4.12.1942, каля г. Тэгу, Рэспубліка Карэя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Кар. ваен. акадэмію (1955). Ген. арміі. Служыў у паўд.-кар. войсках у В’етнаме ў час в’етн. вайны 1964—73. З 1979 камандуючы Сеульскім гарнізонам, войскамі грамадз. бяспекі. Удзельнік дзярж. перавароту 1979 на чале з Чон Ду Хванам і задушэння паўстання ў г. Кванджу ў 1980. У 1981 міністр па паліт. пытаннях, у 1982 міністр спорту, у 1982—83 міністр унутр. спраў. З 1985 старшыня, з 1987 лідэр Дэмакр. партыі справядлівасці (з 1990 Дэмакр. ліберальная партыя). У 1988—93 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення за хабарніцтва і ўдзел у дзярж. перавароце 1979. У 1998 памілаваны.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЧАДЗІ ((Acsády) Ігнац) (9.9.1845, г. Надзькарай, Венгрыя — 17.12.1906),

венгерскі гісторык. Чл.-кар. Венгерскай АН (1888). Аўтар прац па сац.-эканам. гісторыі феад. Венгрыі, у т. л. «Землеўладанне ў Венгрыі 1494—1598» (1894), «Гісторыя венгерскага прыгоннага сялянства» (1906). Працы Ачадзі змяшчаюць вялікі фактычны матэрыял.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Жазеф Луі Франсуа) (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)