КІСЕ́ЛЬ (Віктар Паўлавіч) (н. 15.5.1941, в. Стары Капыль Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык і географ.

Канд. гіст. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1964), Мінскую ВПШ (1973), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1979). З 1966 сакратар Кобрынскага райкома ЛКСМБ, Камянецкага райкома КПБ, заг. сектара ЦК КПБ. З 1987 выкладчык Мінскай ВПШ, дацэнт Ін-та паліталогіі і сац. кіравання КПБ, выкладчык ліцэя Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. З 1994 заг. рэдакцыі выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Навук. працы па праблемах сац. перабудовы сучаснай вёскі, павышэння культуры сельскага побыту, адраджэння нац. духоўнасці, сусветнай гіст.-культ. спадчыны, краязнаўства і гісторыі геагр. адкрыццяў.

Тв.:

Каменец: Ист.-экон. очерк. Мн., 1975;

Рабочий класс и переустройство быта современного села. Мн., 1982;

Социальное переустройство села. Мн., 1985;

Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),

яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Маркавіч) (н. 1.3.1931, г. Капыль Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1960). З 1963 выкладае ў Бел. АМ. Творам уласцівы выразная дакладнасць пластычнай мовы, гарманічная каларыстычная будова, глыбокая перспектыва. Сярод твораў тэматычныя карціны «На рубяжы Радзімы» (1965), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1968), «Беларусь, 1944 год» (1969), «Родныя пагоркі» (1973), «Народны мсцівец», «Партызанская быль» (1979), «Вечар на Прыпяці» (1980), трыпціх «Вечна жывы» (1981), «Старыцкія партызаны» (1985), «Памяць» (1989); партрэты М.​Савіцкага (1976), маці (1977), «Свіцязянская балада (А.​Міцкевіч)» (1975—78), «У краіне светлай... М.​Багдановіч» (1983), «Я.​Купала і Ц.​Гартны ў Капылі» (1982), Я.​Скрыгана (1986), «Бабка Насця» (1988), малюнкі. З 1990 піша пейзажы: серыі «Поры года», «На прасторах Капыльшчыны» і інш.

Літ.:

Буйвал В.Я. Уладзімір Пасюкевіч: [Альбом]. Мн., 1987.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Пасюкевіч. У краіне светлай... М.​Багдановіч. 1983.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы

(пл. экспазіцыі 396 м²),

каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял. Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супраць ням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц. рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.​Розіна.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,

баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял. Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.​А.​Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́З (Міхаіл Іванавіч) (1895, г. Капыль Мінскай вобл. — 1947),

дзяржаўны дзеяч БССР. Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 у арміі. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе. У 1918—19 супрацоўнік бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята, дэлегат Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918, Масква). З крас. 1919 выкладчык Камуніст. ун-та ў Гомелі, старшыня Мінскага акр. к-та КП(б)Б. З 1922 паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтр. бюро бел. пралет. студэнцкага зямляцтва, заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду імя Ю.​Мархлеўскага (у Маскве). У 1924 заг. Бел. дзярж. выд-ва ў Мінску. З 1926 кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, чл. прэзідыума гіст.-археал. секцыі Інбелкульта. Пазней на інш. сав. і гасп. пасадах. Чл. ЦВК БССР у 1921—27 (у 1927—29 канд. у чл.). 3.11.1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, 3.12.1940 прыгавораны да зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),

рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз. літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.​Гартнага, А.​Гурло, Ф.​Чарнушэвіча, Ф.​Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел. літ. руху 1920-х г., творчасць А.​Александровіча, А.​Бабарэкі, А.​Дудара, У.​Дубоўкі, Я.​Пушчы, К.​Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.​Купалам, Ц.​Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.​Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр. Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс. чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв. Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ. Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на З ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).

Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.​І.​Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.​Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на З ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Сцяпан Хусейнавіч) (15.12.1921, г. Капыль — 1.5.1986),

бел. літ.-знавец, крытык, пісьменнік. Д-р філал. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1963 у БДУ. Друкаваўся з 1946. Даследаваў гісторыю бел. л-ры. У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» (1971) на багатым, пераважна новым фактычным матэрыяле прааналізаваў гісторыю станаўлення новай бел. л-ры, нац. кнігадрукавання і перыёдыкі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Развіваў жанры пісьменніцкай біяграфіі, краязнаўчага і біягр. нарыса («Незабыўнымі сцежкамі», 1959, дап. выд. 1962; «Па слядах паэтычнай легенды», 1965; «Тут зямля такая», 1974). Стварыў літ. партрэты бел. пісьменнікаў П.​Багрыма, Ф.​Савіча, Ф.​Багушэвіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, З.​Бядулі, К.​Чорнага, Ц.​Гартнага, А.​Гурло і інш. Аўтар аповесцяў пра жыццё і творчасць Я.​Коласа («Ад роднае зямлі...», 1962, «На шырокі прастор», 1972, «Крыжавыя дарогі», 1985). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны, гісторыю народніцкага час. «Гоман», газет «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», «Светач», майстэрства Я.​Купалы-перакладчыка, сувязі яго з польск. л-рай, сувязь з Беларуссю і бел. культурай А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, Я.​Райніса. Узбагаціў крыніцазнаўчую базу бел. л-ры, крытыкі і публіцыстыкі (хрэстаматыі па бел. л-ры 19 і пач. 20 ст.; «Публіцыстыка беларускіх народнікаў», 1983; «Успаміны пра Цішку Гартнага», 1984; усе ў сааўт.). Аповесць «Далёкія зарніцы» (1967) пра гераізм народа ў Айч. вайну. Падрыхтаваў да выдання кн. твораў Ф.​Багушэвіча, К.​Каганца, Цёткі, А.​Паўловіча і інш.

Тв.:

Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960;

Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі. Мн., 1975;

Кнігі і людзі. Мн., 1976;

Слова — багацце. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

С.Х.Александровіч.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)