ЭШО́ЛЬЦЫЯ (Eschscholzia),

род кветкавых раслін сям. макавых. Каля 120 (паводле інш. звестак 8—10) відаў. Пашыраны ў засушлівых раёнах зах. часткі Паўн. Амерыкі, пераважна ў Каліфорніі. На Беларусі вырошчваюць Э. каліфарнійскую, або каліфарнійскі мак (E. californica) і яе шматлікія сарты і формы.

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см. Сцёблы і тройчырассечанае лісце шыза-зялёнае. Кветкі адзіночныя. на доўгіх кветаножках, з белым, жоўтым. ружовым. чырванавата-аранжавым вяночкам. простым або махрыстым. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Эшольцыя каліфарнійская.

т. 18, кн. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч. Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.

У флоры яе зах. ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх. ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш. Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Санорская біягеаграфічная вобласць: 1 — цецярук лугавы; 2 — суслік калумбійскі; 3 — бізон; 4 — насуха; 5 — кондар каліфарнійскі; 6 — трус амерыканскі заходні; 7 — зязюля бегаючая; 8 — каршун слізняед; 9 — саракапут амерыканскі; 10 — рысь чырвоная.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЁК (Giauque) Уільям Фрэнсіс (12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),

амерыканскі фізікахімік. Чл.

Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду ​17O і ​18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.

У.Ф.Джыёк.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІТ (Smith) Гамільтан Отанел (н. 23.8.1931, Нью-Йорк),

амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі і мікрабіялогіі. Чл. Нац. АН ЗША. Чл.-кар. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1952), мед. каледж ун-та Дж.​Хопкінса (1956), дзе і працуе з 1967 (праф. мікрабіялогіі з 1973, праф. малекулярнай біялогіі і генетыкі з 1981). Навук. працы па вывучэнні ферментатыўных механізмаў сістэм рэстрыкцыі-мадыфікацыі, ферменталогіі генет. рэкамбінацый, механізмаў бактэрыяльных трансфармацый, генет. рэгуляцыі ў пракарыётаў і эўкарыётаў. Адкрыў рэстрыкцыйныя ферменты. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з В.​Арберам і Д.​Натансам).

Г.Сміт.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РТВЕЛ (HartweU) Леланд (н. 30.10.1939),

амерыканскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1987). Д-р філасофіі (1964). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1961). З 1965 у Каліфарнійскім, з 1968 у Вашынгтонскім ун-тах, адначасова (з 1997) прэзідэнт і дырэктар Цэнтра па даследаванні раку (г. Сіэтл). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Адкрыў спецыфічны клас генаў, якія кантралююць клетачны цыкл. Увёў паняцце «чэк-пойнт» — кантрольны пункт, у якім клетачны цыкл прыпыняецца для геннай праверкі. Нобелеўская прэмія 2001 (з П.Нёрсам і Т.Хантам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

Л.Хартвел.

т. 18, кн. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПРА (Capra) Франк (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.​Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.​Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БІ (Libby) Уілард Фрэнк (17.12.1908, г. Гранд-Валі, штат Каларада, ЗША — 9.9.1980),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1931), дзе і працаваў. З 1940 у Калумбійскім ун-це (з 1943 праф.), з 1945 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага), з 1959 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес), у 196276 дырэктар Ін-та геафізікі і фізікі планет. Асн. навук. працы па радыяхіміі, ядз. хіміі, касмахіміі. Удзельнічаў у распрацоўцы газадыфузійнага спосабу абагачэння прыроднага урану ізатопам ​235U. Распрацаваў метад радыевугляроднага датавання (вызначэння ўзросту) у археалогіі, геалогіі, геафізіцы (1947). Нобелеўская прэмія 1960.

У.Лібі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКМІ́ЛАН, Мак-Мілан (McMillan) Эдвін Матысан (18.9.1907, Рэдонда-Біч, ЗША — 7.9.1991), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1947). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1928). У 1933—73 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі (з 1946 праф.), адначасова ў Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.​Лоўрэнса (у 1958—71 дырэктар). Навук. працы па адз. фізіцы і тэхніцы паскарэння элементарных часціц. Адкрыў першы штучны трансуранавы элемент — нептуній (1940; разам з Ф.​Эйблсанам) і плутоній (1940; разам з Г.Т.Сібаргам). Прапанаваў прынцып аўтафазіроўкі (1945) і пабудаваў электронны сінхратрон на 330 МэВ (1947). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Сібаргам).

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РАВІТЦ (Horowitz) Скот (н. 24.3.1957, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША Д-р н. па аэранаўтыцы (1982). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1978), тэхнал. ін-т (штат Джорджыя, 1979). З 1992 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 22.2—9.3.1996 — на КК «Калумбія», 11—21.2.1997 — на КК «Дыскаверы», 19—29 5.2000 — на КК «Атлантыс» (як пілот) па праграме работ з Міжнар. касм. станцыяй (МКС), 10—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» (як камандзір) па праграме работ з МКС. У космасе правёў 47,4 сут. 4 медалі НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ФЛІН (Laughlin) Роберт Бэтс (н. 1.11.1950, г. Вісейлія, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990), Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1972). З 1982 у Ліверморскай нац. лабараторыі імя Лоўрэнса, адначасова з 1985 у Стэнфардскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па тэорыі квантавага эфекту Хола, тэорыі квантавых вадкасцей, высокатэмпературнай звышправоднасці. Прапанаваў тлумачэнне (1983) эксперыментальна адкрытага ў 1982 Р.Штормерам і Д.Цуем дробавага квантавага эфекту Хола, заснаванае на пераносе эл. зараду квазічасціцамі з дробавым (​1/3 ад зараду электрона) эл. зарадам, які эксперыментальна зарэгістраваны (1997). Нобелеўская прэмія 1998 (разам з Г.​Штормерам і Д.​Цуем).

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Лафлін.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)