САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,
акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш. Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс.чал.Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.
Літ.:
Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел.казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЕ ХА́НСТВА, Сібірскі юрт,
феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.
Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст.рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмак пры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел.казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 29,8 тыс.км². Нас. 1339 тыс.чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г.Курск. Найб. гарады: Жалезнагорск, Курчатаў, Льгоў, Шчыгры, Рыльск, Абаянь.
Прырода. К.в. займае паўд.-зах. схілы Сярэднярускага ўзв. (выш. да 275 м). Паверхня — узгоркавая раўніна, моцна парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (Курская магнітная анамалія), фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Сейм, Псёл) і Дона (Аскол). Глебы чарназёмныя, на ПнЗ шэрыя лясныя. Пераважае культурная расліннасць, участкі лесастэпаў і стэпаў (Стралецкі і Казацкі стэпы) засталіся толькі ў Цэнтральначарназёмным запаведніку. Пад лесам каля 8% тэрыторыі (дуб, ясень, ліпа, клён). З жывёл трапляюцца лось, казуля, ліс, куніца, заяц-русак, суслік і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — жалезарудная, электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харч., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча (10,5 млн.т, 1996) і абагачэнне жал. руды (Міхайлаўскі горна-абагачальны камбінат, г. Жалезнагорск). Вытв-сць электраэнергіі 20 млрд.кВт∙гадз. (1996), пераважна на ЦЭЦ. Буйная Курская АЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю аўтамаб. акумулятараў, кавальска-прэсавага абсталявання, лічыльных машын, падшыпнікаў, элеватарнага абсталявання, свідравальных установак, сродкаў аўтаматызацыі для цукр. прам-сці, трактарных агрэгатаў, аўтарамонтам. Завод «Атамрамонт» (Курчатаў). Вытв-сць гумава-тэхн., гумавых, пластмасавых вырабаў, лекавых сродкаў. Больш за 10 цукр. з-даў. Развіта мясная, малочная, масласыраробная, кансервавая, крупяная прам-сць. Вытв-сць камбікармоў. Лёгкая прам-сць (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, пяньковая). Вытв-сць дываноў. Дрэваапрацоўчая і мэблевая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, цэгла, вапна). Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 2432 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. займае 1640 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка) і тэхн. культуры (цукр. буракі), бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1,1 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,8 тыс.км. Гал. чыгункі Масква—Харкаў, Кіеў—Варонеж, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Мясц. суднаходства па р. Сейм.