БЮ́ХНЕР ((Büchner) Георг) (17.10.1813, Годэлаў, каля г. Рыдштат, Германія — 19.2.1837),
нямецкі пісьменнік і паліт. дзеяч. Брат Л.Бюхнера. Вучыўся ў Страсбурскім і Гісенскім (1831—34) ун-тах. У 1834 стварыў тайную арг-цыю «Таварыства правоў чалавека», выпусціў брашуру-пракламацыю «Пасланне гесенскім сялянам», але быў вымушаны пераехаць у Швейцарыю. Яго маст. творы нясуць адбітак рэв. і дэмакр. настрояў. У цэнтры драмы «Смерць Дантона» (1835) супярэчнасці франц. рэвалюцыі. Традыцыі У.Шэкспіра, К.Гоцы, ням. рамантыкаў відавочныя ў камедыі «Леонс і Лена» (нап. 1836) — сатыры на двары дробных ням. князькоў. У драме «Войцэк» (1836, не скончана, выд. 1879; опера А.Берга «Воцэк», 1925), адлюстраваў духоўнае і фізічнае разбурэнне асобы. Навела «Ленц» (выд. 1839, не скончана) пра ўдзельнікаў руху «Бура і націск» Я.Ленца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРНСТ ((Nernst) Вальтэр Фрыдрых Герман) (25.6.1864, г. Вамбжэзьна Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 18.11.1941),
нямецкі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў фізічнай хіміі. Чл. Берлінскай АН (1905), Лонданскага каралеўскага т-ва (1932). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1926). Скончыў Вюрцбургскі ун-т (1887). З 1891 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1902—33 праф. і адначасова дырэктар Ін-та хіміі (1905—22), Ін-та фізікі (1924—33) Берлінскага ун-та. Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур, тэрмадынаміцы, тэорыі раствораў, хім. кінетыцы, электрахіміі. Сфармуляваў трэці закон тэрмадынамікі (гл.Нернста тэарэма), адкрыў адну з тэрмамагн. з’яў (гл.Нернста—Этынгсгаўзена эфект). Распрацаваў дыфузійную тэорыю гетэрагенных хім. рэакцый на мяжы падзелу фаз (1904). Атрымаў ураўненне залежнасці электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці ўдзельнікаў электрахім. рэакцыі (ураўненне Н., 1888). Нобелеўская прэмія 1920.
Тв.:
Рус.пер. — Теоретическая химия с точки зрения закона Авогадро и термодинамики. СПб., 1904.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (13.11.1877, Масква — 19.11.1959),
бел. гісторык, усходазнавец. Сын М.В.Нікольскага. Акад.АН Беларусі (1931), чл.-кар.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). Праф. Смаленскага (з 1918), Беларускага (з 1922) ун-таў. З 1931 у Ін-це гісторыі АНБССР (заг. сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937—53 дырэктар ін-та). Даследаваў праблемы гісторыі Стараж. Усходу, рэлігіі, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Стараж. Двухрэччы і Фінікіі. Распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Даследаваў паходжанне бел. абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення бел. шлюбных рытуалаў да канца 19 ст.
Тв.:
Древний Вавилон. М., 1913;
Дохристианские верования и культуры днепровских славян. М., 1929;
Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі. Мн., 1931;
Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье. Мн., 1948;
Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов. Мн.. 1948;
Происхождение и история белорусской свадебной обрядности Мн., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВО́д’Экзіль
(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),
французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.Галеві, оперы Ф.Абера, Ж.Маснэ, Дж.Пучыні.
Тв.:
Рус.пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;
История одной гречанки;
Новеллы. М., 1989.
Літ.:
Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІШЫ́»,
агульнапрынятая назва прагерманскага рэжыму ў Францыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі (ліп. 1940 — жн. 1944) у 2-ю сусв. вайну. Калабарацыянісцкі ўрад Ф.Петэна размяшчаўся ў г.Вішы (адсюль назва) і кантраляваў амаль трэцюю частку франц. тэрыторыі — т.зв. неакупіраваную зону Паўд. Францыі, якая з ліст. 1942 была занята са згоды вішыстаў герм.-італьян. войскамі.
Літ.:
Наринский М.М. Режим Виши в советских источниках и историографии // Новая и новейшая история. 1991. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),
італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШТВАН IСвяты
(István 1 Szent),
Стэфан I (каля 975—15.8.1038), князь (з 997), першы кароль Венгрыі [1001—38]. З дынастыі Арпадаў. Увёў у Венгрыі хрысціянства ў якасці дзярж рэлігіі, каля 1000 засн. першае архіепіскапства. Ліквідаваў племянны падзел краіны, увёў адм.-тэр. акругі — каралеўскія камітаты. У 1030 адбіў уварванне ням. войска ў Венгрыю. У 1083 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙКАРТ ((Leuckart) Рудольф) (7.10. 1822, г. Гельмштэт, Германія — 6.2. 1898),
нямецкі заолаг, адзін з заснавальнікаў паразіталогіі. Праф. ун-таў у г. Гісен (з 1850) і г. Лейпцыг (з 1870). Навук. працы па біялогіі паразітычных чарвей, у т. л. стужачных, трыхінелы, параўнальнай марфалогіі і сістэматыцы беспазваночных. Падзяліў прамяністых жывёл на 2 тыпы: кішачнаполасцевыя і ігласкурыя.
Тв.:
Рус.пер. — Общая естественная история паразитов, особенно видов, водящихся у человека. СПб., 1881.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕС,
першы летапісны цар 1-й дынастыі ў Стараж. Егіпце. Яму прыпісваецца аб’яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта (паводле сведчання Герадота і Манефона), вынаходства іерагліфічнай пісьменнасці (паводле сведчання Плінія Старэйшага), ён стварыў асновы новай самабытнай егіп. культуры. На мяжы Верхняга і Ніжняга Егіпта заснаваў горад Белыя Сцены (пазней — Мемфіс) — рэліг. і паліт. цэнтр Стараж. Егіпта.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992. С. 41—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗА́РГ ((Désargues) Жэрар) (2.3.1593, г. Ліён, Францыя — 8.10.1662; паводле інш. звестак 1591—1661),
французскі матэматык, архітэктар і інжынер. Заснавальнік нарысоўнай і праектыўнай геаметрыі. Выкарыстоўваў перспектыўнае відарысаўтварэнне фігур. Увёў у геаметрыю паняцці бясконца аддаленых элементаў і палярнасці. Даказаў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (Дэзарга тэарэма). Адкрыў эпіцыклоіду і выкарыстаў яе для прафілявання зубоў зубчастых колаў.
Літ.:
Вилейтнер Г. История математики от Декарта до середины XIX столетая: Пер. с нем. 2 изд. М., 1966.