ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),

бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс. чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.​Ваейкава). На падуладных тэр. усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.​Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.​Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.

А.​А.​Шпунт.

т. 11, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НТАЎТ (Вітольд Міхайлавіч) (7.3.1922, в. Слабадшчына Мінскага р-на — 25.10.1987),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, механік-вадзіцель танка. Удзельнік баёў на Калінінскім напрамку, пад Ржэвам, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, Румыніі, баёў у Германіі. Старшына Гінтаўт вызначыўся ў студз. 1944 ў баі пад Вінніцай (Украіна). З 1947 на гасп. рабоце.

В.М.Гінтаўт.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ І ГЛЕ́БЫ тып глеб, што фарміруюцца пад лугавой расліннасцю ў месцах з неглыбокім ад паверхні заляганнем карбанатных парод у выніку ўзаемадзеяння дзярновага і балотнага глебаўтваральных працэсаў. У залежнасці ад ступені забалочанасці вылучаюць слабаглеяватыя, глеяватыя і глеевыя падтыпы. Глебы характарызуюцца вял. колькасцю гумусу і наяўнасцю дробнакамякаватай структуры, аднак у іх мала фосфару і калію. На Беларусі найб. пашыраны ў Брэсцкай і Віцебскай абл., дзе трапляюцца ў комплексе з дзярнова-глеевымі. Выкарыстоўваюцца пераважна пад лугавыя ўгоддзі. Пры выкарыстанні пад ворыва патрабуюць асушальнай меліярацыі, якая павышае іх урадлівасць у 2 разы.

М.​І.​Смяян.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬНАЯ ЦАНА́,

від рыначнай цаны, які ўстанаўліваецца пад уплывам панавання манапалістаў на рынку дадзенага тавару, таксама пад уплывам попыту і прапановы. З’яўляецца вынікам згоды паміж манапалістамі і вызначаецца, зыходзячы з разліку атрымання найбольшага прыбытку ад продажу тавараў. Можа ўстанаўлівацца манаполіямі вышэй або ніжэй за кошт тавару.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́ЛІСТА-БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы таежнай лясной зоны, што фарміруюцца сярод падзолістых глеб на Пн пад забалочанымі хвойнымі лясамі з імхова-кусцікавым наземным покрывам, на Пд пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам або вільготнымі пасляляснымі лугамі (гл. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Адносяцца да паўгідраморфных глеб. На Беларусі трапляюцца лакальна ў паўн. раёнах, займаюць каля 70% усіх пераўвільготненых мінер. глеб.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦІНА (італьян. pátina),

плёнка розных адценняў (ад зялёнага да карычневага), якая ўтвараецца на паверхні вырабаў з медзі, бронзы, латуні, пры акісленні металаў пад дзеяннем натуральнага асяроддзя або спец. апрацоўкі (пацініравання). П. засцерагае творы мастацтва ад карозіі, мае дэкар. значэнне. У сучаснай маст. практыцы выкарыстоўваецца як сродак вобразнай выразнасці. Пацініраваннем наз. таксама афарбоўка «пад бронзу» твораў не з медных сплаваў, напр., гіпсавай скульптуры.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСАРА́БІЯ,

гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЙШЫК (Мікалай Васілевіч) (17.1.1927, в. Воля Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1944),

удзельнік партыз. руху у Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З пач. вайны партыз. сувязны, з 1943 падрыўнік партыз. брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкай вобл. Пусціў пад адхон 7 варожых эшалонаў. У час чарговай аперацыі партызанам не ўдалося замініраваць рэйкі, таму Гойшык кінуўся з мінай пад эшалон з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага. У в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на пастаўлены помнік, у г. Івацэвічы адкрыты дом-музей Гойшыка.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН (Van),

горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм. прам-сць.

Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДАТО́ДЫ [ад грэч. hydōr (hydatos) вада + hodos шлях],

вадзяныя вусцейкі на лісці раслін, якія забяспечваюць выдаленне з расліны кропельна-воднай вільгаці і солей (гутацыю). Утвораны комплексам клетак і размешчаны часцей за ўсё па краях ліста, на зубчыках. Выдаленне вады праз гідатоды ідзе пасіўна, пад уплывам каранёвага ціску, ці актыўна, з дапамогай эпітэмы (парэнхіма ліста непасрэдна пад гідатодамі з буйнымі міжклетнікамі). Гідатоды характэрныя для раслін, пашыраных у вільготным клімаце. Функцыю гідатодаў могуць выконваць спец. залозістыя валаскі.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)