ПРО́БА ВЫСАКАРО́ДНЫХ МЕТА́ЛАЎ,
колькасная наяўнасць золата, серабра, плаціны і паладыю ў лігатурным сплаве, які выкарыстоўваюць у вытв-сці ювелірных вырабаў, манет, медалёў і інш. Па метрычнай сістэме, што прынята ў большасці краін, выражаецца колькасцю грамаў высакароднага металу ў 1000 г сплаву (чыстаму металу адпавядае 1000-я проба). П.в.м. для ювелірных вырабаў: 375, 500, 583, 750 і 958 — з золата; 750, 800, 875, 916, 925 і 960 — з серабра, 950 — з плаціны, 500 і 850 — з паладыю. П.в.м. вырабаў гарантуецца дзярж. кляймом.
т. 13, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.
З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.
Г.І.Краўцова.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫР,
горад у Расіі, цэнтр Чукоцкай аўт. акругі. 14,1 тыс. ж. (1994). Порт на беразе Анадырскага заліва Берынгава м. Харч. прам-сць. У раёне — здабыча золата, вугалю; аленегадоўля, рыбалоўства.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЕ́ША (Ilesha),
горад на ПдЗ Нігерыі. Стараж. горад племя яруба. 351 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Гандлёва-рамесны цэнтр. Перапрацоўка какававых зярнят. Вытв-сць пальмавага алею. Каля І. — здабыча золата.
т. 7, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТВА́ТЭРСРАНД (Witwatersrand),
золатаўраназмяшчальны басейн у ПАР (прав. Трансвааль і Аранжавая); буйнейшы ў свеце. Адкрыты і распрацоўваецца (здабыча золата) з 1886, з 1952 здабыча урану. Працягласць руданоснай плошчы каля 350 км, шыр. 200 км. Руданосныя ў асн. ніжнепратэразойскія асадкава-метамарфагенныя кангламераты. Агульныя запасы золата каля 16 тыс. т з сярэдняй колькасцю яго 9,3 г/т. Запасы вокісу урану 128 тыс. т, колькасць U3O8 0,02—0,04%. Як спадарожныя здабываюць таксама пірыт, мінералы групы осмістага ірыдыю, інш. плацінавыя металы і серабро. Глыбіня распрацоўкі ў сярэднім 1700 м, макс. 3660—3800 м (т-ра ў шахтах 50—52 °C). Цэнтры распрацовак Вітватэрсранда — г. Іаганесбург, Клерксдарп, Одэндалсрус, Велкам.
т. 4, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРО́ДАК,
прыроднае адасабленне самароднага металу (золата, радзей серабра, медзі, плаціны) масай больш за 1 г (зрэдку 10 мг) у карэнных і россыпных радовішчах. Найб. С. золата: «Пліта Холтэрмана» (93,5 кг, з залатаноснай пародай 285 кг), «Жаданы незнаёмец» (70,9 кг з кварцам; абодва ў Аўстраліі). С. серабра больш за 500 кг знойдзены ў Канадзе, скопішчы С. серабра з аргентытам (40 т) у Германіі; тыповымі з’яўляюцца гіганцкія пласціны серабра, скопішчы выцягнутых і выгнутых крышталёў, дэндрытаў у Нарвегіі, Чылі. Глыбы самароднай медзі (400 т) знойдзены ў ЗША, 842 кг у Казахстане, канкрэцыя медзі 75 кг у ЗША. С. плаціны (плаціноідаў) параўнальна рэдкія; унікальная знаходка ( да 8,4 кг) на Урале (Расія).
т. 14, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́НІ,
назва залатых манет Афганістана, якія выпускаліся ад эпохі феадалізму да 1925 (вартасць 5, 2, 1 і 1/2 амані). Агульная маса 4,6 г, чыстага золата 4,1 г. Складала 30 рупій.
т. 1, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШТА́Б ЦЭН,
спосаб і сродак вымярэння і выяўлення кошту тавару ў грашовых адзінках. Ва ўмовах метал. абарачэння і залатога стандарту М.ц. выяўляе колькасць серабра ці золата, якая адпавядае адной грашовай адзінцы.
т. 10, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОМБАДАДЭКАЭ́ДР у геалогіі,
простая форма крышталяў кубічнай сінганіі ў выглядзе замкнутага 12-гранніка з гранямі-ромбамі. Такую форму маюць крышталі мінералаў: алмаза, садаліта, электруму (золата, серабра) і інш. Гл. таксама Дадэкаэдр.
т. 13, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЖЫО (італьян. aggio),
лаж, перавышэнне рыначнай цаны золата, курсу грашовых знакаў, вэксаляў і інш. каштоўных папер над іх намінальнай вартасцю. Вылічваецца ў працэнтах. Адхіленне курсу ад наміналу ў бок змяншэння наз. дызажыо.
т. 1, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)