АКАДЭ́МІК,

правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, АН інш. дзяржаў, а таксама некаторых галіновых акадэмій. Выбіраецца на агульным сходзе акадэміі. Існуюць званні ганаровы акадэмік, замежны член і ганаровы член акадэміі. На Беларусі званне акадэміка ўведзена 26.12.1928, калі СНК БССР зацвердзіў першы склад правадзейных членаў Бел. АН.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛЬНІЧЫ,

прыдворны чын, другі пасля баярына, у Рускай дзяржаве ў 13 — пач. 18 ст. У 14—15 ст. акольнічы ўваходзілі ў склад Думы вял. князёў, займалі пасады ваяводаў, намеснікаў, паслоў, стаялі на чале прыказаў. У 16—17 ст. блізкія да цара акольнічы атрымалі баярскія званні.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЭ́Р (ням. Offizier),

асоба каманднага і начальніцкага складу ва ўзбр. сілах, міліцыі, паліцыі. Першапачаткова афіцэрамі называліся асобы, якія займалі некаторыя дзярж. пасады. З узнікненнем пастаянных наёмных армій і ВМФ (16 ст.) у Францыі, а потым і ў інш. еўрап. краінах (у т. л. ў ВКЛ) афіцэрамі пачалі называць вайсковых камандзіраў. Афіцэры маюць прысвоеныя ім званні воінскія ці спецыяльныя.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,

асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫ АТЭСТАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, ВАК Беларусі,

цэнтральны орган кіравання, які забяспечвае функцыянаванне нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў у галіне прысуджэння ім вучоных ступеней і прысваення вучоных званняў. Створаны паводле Пастановы Савета Міністраў ад 18.9.1922 18.9.1992 як Вышэйшая атэстацыйная камісія, з ліст. 1995 — камітэт. Прысуджае на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый вучоную ступень доктара навук; зацвярджае рашэнні саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук; прысвойвае вучоныя званні прафесара і дацэнта; стварае сістэму органаў па атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў і каардынуе іх дзейнасць; прымае ўдзел у распрацоўцы парадку падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, дактарантуру і суіскальніцтва; распрацоўвае і зацвярджае пералік спецыяльнасцей, па якіх прысуджаюцца вучоныя ступені, і пералік спецыяльнасцей, па якіх прысвойваюцца вучоныя званні; стварае нац. банк даных навук. і навукова-пед. работнікаў рэспублікі з вучонымі ступенямі, званнямі і інш. У 1996 на Беларусі працавала 136 саветаў па абароне дысертацый, 25 экспертных саветаў.

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁР (ад лац. major большы, старшы),

воінскае званне старшых афіцэраў ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Упершыню чын М. паявіўся ў 16 ст. ў Іспаніі і герм. дзяржавах; у рас. арміі існаваў у 17—19 ст. Да канца 18 ст. званне было ў арміі ВКЛ. У Сав. Арміі званне М. ўведзена ў 1935 і захавалася ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАНДО́Р (франц. commandeur),

1) адно з вышэйшых званняў у сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнах.

2) Воінскае званне афіцэраў у ваен. флотах некаторых дзяржаў. Часта ўжываецца ў спалучэнні з інш. званнем, напр., капітан-К.; у ВМФ Польшчы існуюць званні К.-падпаручнік, К.-паручнік і К.

3) У Расіі (пач. 18 — пач. 19 ст.) флоцкі чын паміж капітанам 1-га рангу і контр-адміралам.

4) Кіраўнік спарт. прабегу (аўтамаб., матацыклетнага і інш.).

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРА́Л [гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш. краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контр-адмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ РА́НГІ,

службовыя званні работнікаў дыпламатычнай службы. Кожная дзяржава мае сваю сістэму Д.р. Паводле Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 24.4.1992 і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.4.1995 для дыпламат. работнікаў Беларусі ўстаноўлены наст. Д.р.: надзвычайны і паўнамоцны пасол, надзвычайны і паўнамоцны пасланнік 1-га і 2-га класа, саветнік 1-га і 2-га класа, першы сакратар 1-га і 2-га класа, другі сакратар 1-га і 2-га класа, трэці сакратар, аташэ. Парадак прысваення Д.р. рэгламентуецца заканадаўствам.

Ю.П.Броўка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Аляксей Рыгоравіч) (5.10.1737, с. Любліна Цвярской вобл. — 5.1.1808),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Ген.-аншэф (1769), граф (1762). Брат Р.Р.Арлова. Адзін з гал. удзельнікаў дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У званні сяржанта атрымаў чын ген.-маёра (1762), аказваў вял. ўплыў на дзярж. справы. З 1769 камандаваў рас. эскадрай у Міжземным моры. За перамогі над турэцкім флотам каля Наварына і ў Чэсменскім баі 1770 атрымаў тытул Чэсменскага. З 1775 у адстаўцы. У маёнтках Арлова выведзена арлоўская рысістая парода верхавых коней.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)