ГАРДЭМАРЫ́Н (франц. garde-marine літар. марская гвардыя),

званне ў ВМФ Расіі ў 1716—1917. Уведзена Пятром I для выпускнікоў Марской акадэміі пры накіраванні іх на флоцкую практыку (пасля практыкі атрымлівалі афіцэрскі чын). Напачатку прыраўноўваліся да салдат гвардыі і насілі форму Праабражэнскага палка. З 1752 гардэмарынамі наз. выпускнікі Марскога кадэцкага корпуса. У 1906 уведзена званне «карабельны гардэмарын».

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАД-ГЕРО́Й,

ганаровае званне, якое надавалася гарадам СССР за гераічную абарону і выдатныя заслугі перад Радзімай у Вял. Айч. вайну. Указамі Прэзідыума Вярх. Савета СССР ганаровае званне «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» прысвоена гарадам: Адэса, Валгаград, Керч, Кіеў, Ленінград, Масква, Мінск, Мурманск, Новарасійск, Севастопаль, Смаленск, Тула. Мінску званне «Горад-герой» прысвоена 26.6.1974 за выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, у разгортванні ўсенароднага партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну і ў азнаменаванне 30-годдзя вызвалення БССР ад ням.-фаш. захопнікаў. Ганаровае званне «Крэпасць-герой» прысвоена Брэсцкай крэпасці 8.5.1965 за выключныя заслугі яе абаронцаў перад Радзімай і ў азнаменаванне 20-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне.

Да арт. Горад-герой. Генеральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л.​І.​Брэжнеў прымацоўвае ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» да сцяга горада-героя Мінска. 25.6.1978.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЭ́НТ [ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],

вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ (Ali) Махамед [сапр. Клей (Clay) Касіус; н. 17.1.1942, г. Луісвіл, штат Кентукі, ЗША], амерыканскі спартсмен (бокс). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1960, Рым) у паўцяжкай вазе. На прафес. рынгу з 1961. Абсалютны чэмпіён свету сярод прафесіяналаў у цяжкай вазе (1964); 9 разоў адстойваў гэта званне. За адмову ваяваць у В’етнаме ў 1968 пазбаўлены чэмпіёнскага тытула. У 1974 і 1978 вяртаў званне абс. чэмпіёна свету. Удзельнік руху за грамадзянскія правы неграў.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР,

ганаровае званне, якое прысвойваецца тэатрам, што выпрацавалі трывалыя традыцыі і выхавалі на іх аснове выдатных акцёраў, стварылі спектаклі, якія атрымалі шырокае прызнанне.

Упершыню прысвоена ў 1919 шасці рус. т-рам — Вялікаму, Малому, Мастацкаму ў Маскве, Александрынскаму (т-р імя Пушкіна), Марыінскаму (т-р оперы і балета) і Міхайлаўскаму (Малы т-р оперы і балета) у Петраградзе. У 1920—90-я г. званне акадэмічнага тэатра прысвоена лепшым драматычным і т-рам оперы і балета ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Харкаве, Казані, Ташкенце, Рызе, Таліне, Душанбе, Ашхабадзе і інш.

На Беларусі такое званне прысвоена 4 тэатрам: Нац. драм. т-ру імя Я.​Купалы (1955), Бел. дзярж. драм. т-ру імя Я.​Коласа (1977), Бел. т-ру оперы і балета (1964) і Дзярж. рус. драм. т-ру Беларусі (1994).

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л-АД’ЮТА́НТ,

1) воінскае званне (чын) у рас. арміі ў пач. 18 ст. — 1808. Уведзена Пятром I для асоб, якія былі старшымі ад’ютантамі пры цару (узначальвалі ваенна-паходную канцылярыю), пры генерал-фельдмаршале і яго памочніку (выконвалі абавязкі ад’ютанта і вялі справаводства пры штабе) і пры поўных генералах.

2) Ганаровае званне вышэйшых афіцэраў у свіце рас. імператара ў 1808—1917. Надавалася поўным генералам і генерал-лейтэнантам, часам інш. ваен. чынам за ваен. заслугі і дзярж. дзейнасць.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РЫБАВО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным работнікам рыбнай гаспадаркі, н.-д. ін-таў і арг-цый рыбнай гаспадаркі, што бездакорна прапрацавалі па спецыяльнасці не менш за 10 гадоў, мелі вял. заслугі ў развіцці рыбнай гаспадаркі і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 16.7.1979, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. У законе ад 13.4.1995 аб дзярж. узнагародах Рэспублікі Беларусь гэта званне не адноўлена.

Заслужаны рыбавод БССР

1980. В.​Р.​Рыбалка.

т. 6, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦІ-ГЕРАІ́НЯ,

ганаровае званне маці, якая нарадзіла і выхавала 10 і больш дзяцей; існавала ў 1944—91 у СССР. Паводле Палажэння ад 18.8.1944 (з пазнейшымі зменамі) прысвойвалася з уручэннем ордэна «Маці-гераіня» і граматы Прэзідыумам Вярх. Савета СССР або ад яго імя Прэзідыумам Вярх. Савета саюзнай ці аўтаномнай рэспублікі. Званне М.-г. прысвоена больш як 5 тыс. жанчын Беларусі. Законам Рэспублікі Беларусь ад 2.7.1997 уведзены ордэн Маці, якім узнагароджваюцца жанчыны, што нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́СНЫ,

асоба пры двары вял. князя ВКЛ, якая наглядала за сталовай бялізнай, у прыватнасці за абрусамі. З 16 ст. абрусны — ганаровае званне.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)