павышэнне ўзроўню вады ў рацэ ў выніку ўзвядзення штучнага збудавання або ўтварэння прыродных перашкод (звужэнне рэчышча, нагрувашчванне камянёў, заломы, зажоры, заторы і інш.). Бывае пастаянны (напр., ад плаціны) і часовы. Суправаджаецца памяншэннем нахілаў і скорасці цячэння, характарызуецца велічынёй падняцця ўзроўню і адлегласцю, на якую ён распаўсюджваецца. З нарастаннем велічыні П. павялічваецца акумуляцыя наносаў, зарастанне рэчышча, падымаецца ўзровень грунтавых вод, адбываецца падтапленне і забалочванне прылеглай тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛІ́ТНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі (пераважна бетонныя і жалезабетонныя), асн. часткі якіх зроблены ў выглядзе адзінага цэлага (маналіту) на месцы ўзвядзення будынка ці збудавання.
Адрозніваюцца ад зборных канструкцый, элементы якіх вырабляюцца на з-дзе або палігоне. Выкарыстоўваюцца пераважна для нестандартных будынкаў, пры асабліва вял, нагрузках і ў збудаваннях, якія цяжка паддаюцца чляненню (напр., фундаменты пад пракатнае абсталяванне). Мэтазгодны пры выкананні іх індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем інвентарнай апалубкі (слізгальнай, перастаўной, перасоўнай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІбудаўнічыя,
мяккія абалонкі з тэхн. тканін ці арміраваных плёнак, нясучая здольнасць якіх забяспечваецца ўнутр. ціскам паветра. Адрозніваюць П.к. паветраапорныя (сціснутае паветра падаецца непасрэдна пад абалонку збудавання) і паветранясёныя (моцна сціснутае паветра напаўняе толькі нясучыя элементы). Выкарыстоўваюцца ў якасці памяшканняў для складоў, гаражоў, рамонтных майстэрняў, укрыцця аб’ектаў, якія будуюцца.
Да арт.Пнеўматычныя канструкцыі: а — паветраапорная; б — паветранясёная; 1 — паветраны шлюз; 2 — абалонка; 3 — паветрадуўка; 4 — пнеўматычны каркас (трубчастая арка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЖНІЦА,
тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСУ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.
Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБОТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
стан тэхн. вырабу (збудавання, канструкцыі, машыны), пры якім у дадзены момант часу яго асн. параметры, што характарызуюць здольнасць вырабу выконваць зададзеныя функцыі, знаходзяцца ў межах, устаноўленых патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. З работаздольнага стану выраб можа перайсці ў неработаздольны ў выніку адказу, аварыі і інш.Адказ вырабу адбываецца ў выніку выхаду са строю яго кампанентаў, разладжвання, разрэгулявання, разбурэння канструкцыі або змены яе структуры, уздзеяння перашкод і г.д. Здольнасць чалавека выконваць работу (працаваць) наз.працаздольнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),
прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОТ (франц. grotte ад італьян. grotta),
1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.
2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.
3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).
4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап. садова-паркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).