закрытае збудаванне на гал. палубе ці суднавых надбудовах. У Р., якія часта размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, знаходзяцца жылыя, гасп. і службовыя памяшканні. Таксама Р. наз.спец. службовае памяшканне на судне. У адпаведнасці з прызначэннем адрозніваюць рулявую, штурманскую, баявую Р. (на ваен. караблях), радыёрубку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСПУ́СК,
напорнае гідратэхнічнае збудаванне з вежай, у якой зроблены адтуліны для зліву вады. Размяшчаецца ў целе бетоннай плаціны, у асновах грунтавых плацін або ў берагах (тунэльны вадаспуск). Прызначаны для рэгулявання ўзроўню вады ў вадаёмах, спуску вадасховішчаў, прамывання донных наносаў, а таксама для пропуску вады ў ніжні б’еф. Забяспечваецца засаўкамі для рэгулявання расходу вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІЗО́Н (франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш.ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.
2) Войскі (падраздзяленні), што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,
збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЭ́Я (польск. basteja),
земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,
збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ВАР, вінакурня, вінакурны завод,
традыцыйнае вытв.збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.
На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАВЕ́РДЫ,
кафедральны сабор 1-й чвэрці 11 ст., помнік груз. сярэдневяковага дойлідства. Пабудаваны за 20 км на ПнЗ ад г. Тэлаві. Выцягнутае ўверх збудаванне, у плане — падоўжаны крыж; у сяродкрыжжы купал на высокім барабане (рэканструяваны ў 15 ст.). Грандыёзная ўнутр. прастора (выш. больш за 42 м). Дэкор скупы. У 1960-я г. раскрыта размалёўка 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРТНО́Ц,
помнік раннесярэдневяковай арм. архітэктуры. Храм пабудаваны ў 641—661 каля г. Эчміядзіна. Руіны З. выяўлены раскопкамі ў 1901—07. Захаваліся камяні падмурка, арх. абломы, калоны. Уяўляў сабой круглае 3-яруснае купальнае збудаванне, унутры — тэтраконх з абходнай галерэяй. Фасады былі аздоблены аркатурай, разьбой, рэльефамі, інтэр’ер — мазаікай і размалёўкай. Стаў прататыпам шэрагу наступных арх. пабудоў.