(«Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529»),
зборнік юрыд. актаў, якія асвятляюць дзярж. і грамадскі лад ВКЛ канца 14 — сярэдзіны 16 ст. Рыхтаваўся да друку ў 1830-я г. І.М.Даніловічам, І.Лялевелем і Т.Дзялынскім, але з-за паўстання 1830—31 выдадзены ў 1841 у Познані Дзялынскім. Змяшчае агульназемскія і абласныя прывілеі вял. князёў Ягайлы 1387, Казіміра 1447 (з памылковым датаваннем 1457), Аляксандра 1492, Жыгімонта I Старога 1506, 1507, 1522, Віцебскай зямлі 1509, Гарадзельскі прывілей 1413, Судзебнік 1468 (з памылковым датаваннем 1492), дакументы сеймаў ВКЛ 1544—63, просьбы шляхты і адказы на іх вял. князёў і інш. Дакументы надрукаваны з арыгіналаў, ранейшых публікацый і кніг-копій Метрыкі ВКЛ на мове арыгінала — лац. і бел. (лацінскім шрыфтам), некаторыя перакладзены на польск. мову. У кнізе ўпершыню надрукаваны Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 на бел. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЦЮ́Р ((Voiture) Венсан) (24.2.1598, г. Ам’ен, Францыя — 25.5.1648),
французскі паэт; прадстаўнік барочнай прэцыёзнай літаратуры. Чл. Французскай акадэміі (1635). Сын гандляра віном, які атрымаў доступ у арыстакратычны салон маркізы Рамбуйе і надоўга стаў заканадаўцам самага вытанчанага густу і паэтычнай дасціпнасці. Яго санеты, стансы, пасланні, песні, рандо вызначаліся адмысловасцю формы і друкаваліся ў калектыўных зб-ках «Збор розных рандо» (1639), «Гэтага часу добрых вершаў новы збор» (1640). У 1650 выйшаў збор твораў Вуацюра, які ўключаў і лісты паэта, прызначаныя для публічнага чытання. Культываваў формы трыялета, рандэля, рандо, што паўплывала на франц. паэзію канца 19 ст., а праз яе — на еўрапейскую, у т. л. на М.Багдановіча.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕНІЗА́ЦЫЯ (ад франц. assainissement),
спосаб ачысткі неканалізаваных населеных месцаў ад нечыстотаў і адкідаў. Уключае іх збор, часовае захоўванне, вываз у вызначаныя месцы, абясшкоджванне ці утылізацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).