ІВАНО́Ў Анатоль Сцяпанавіч (н. 5.5.1928, г. Шэманаіха, Казахстан),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1950). З 1972 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия» У вострасюжэтных раманах «Павіцель» (1958), «Цені знікаюць апоўдні» (1963), «Вечны кліч» (кн. 1—2, 1971—76; за сцэнарый аднайм. тэлефільма Дзярж. прэмія СССР 1979) паказаны жыццё сібірскай вёскі, людскія лёсы, уцягнутыя ў вір складаных падзей на пераломе эпох. Аўтар аповесцей «Жыццё на грэшнай зямлі» (1971), «Варожасць» (1979), «Туга палёў», «Аповесць пра нязбыўнае каханне» (абедзве 1983), кн. эсэ «Жывая прыгажосць творчасці».

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М. 1979—81.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. beatus блаславёны + facere рабіць),

у рымска-каталіцкай царкве акт надання асобе за асабліва праведнае жыццё пасмяротнага тытула «блаславёны». Разглядаецца царквой як ніжэйшая ступень у падрыхтоўцы кананізацыі. З 8 ст. права беатыфікацыі належыць выключна папе рымскаму.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́ФРЫКА»

(«Африка»),

энцыклапедычны 2-томны даведнік, выдадзены ў 1986—87 выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (Масква). Адлюстроўвае сац.-эканам. і паліт. жыццё народаў і краін Афрыканскага кантынента, іх геаграфію, гісторыю і культуру. Складаецца з агульнага агляду, алфавітнай слоўнікавай часткі (больш за 3,5 тыс. артыкулаў), дадаткаў і паказальнікаў (імяннога, прадметнага, этнонімаў, аўтараў); каля 2 тыс. ілюстрацый, больш за 200 картаў і схем.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., за 2 км ад р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса «Новае жыццё». За 42 км ад Барысава, 130 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Навасады. 1627 ж., 737 двароў (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, урачэбны ўчастак, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Каля Аздзяцічаў — гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганныя могільнікі.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штодзённая паліт., літ. і эканам. газета. Орган Гродзенскага бел. нац. к-та, з 23.11.1920 — Цэнтр. бел. нац. к-та. Выдавалася з 2.10.1920 да 7.1.1921 у Гродне на бел. мове. Інфармавала пра падзеі на Беларусі, у Польшчы, міжнар. падзеі. Паліт. жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы за нац. вызваленне бел. народа, у гэтай сувязі палемізавала з польск. афіц. прэсай. Крытыкавала палітыку нац. ўціску ў Польшчы: зняволенне ў турмы бел. інтэлігенцыі, рабункі і фізічныя пакаранні сялян польск. салдатамі, надзяленне бел. і ўкр. землямі польск. вайскоўцаў, праследаванні бел. настаўнікаў, паланізацыю школы. Асвятляла сац.-паліт. жыццё ў СССР і БССР. Выйшла 78 нумароў.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСЦЕРЫКО́Ў Пётр Паўлавіч (4.5.1919, в. Тоўсты Луг Суджанскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.3.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1941). У 1946—56 працаваў у газ. «Звязда», у 1960—71 сакратар Магілёўскага абл. аддз. Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1973 упаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Магілёўскай вобл. Друкаваўся з 1941. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аповесці «Камень за каменем» (1953), «Сонечны прамень» (1961) пра маладых рабочых. Падзеі Вял. Айч. вайны ў зб. апавяданняў «На ўсё жыццё» (1962). Аповесць «Звіні, званок!» (1957) пра школьнае жыццё. Аўтар нарыса «А слава цябе знойдзе» (1964).

Тв.:

Повести и рассказы. Мн., 1979.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЫ, Горы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіні пораў года: Эўномія («добразаконне»), Дзіке («справядлівасць»), Эйрэна («мір»). Лічыліся дочкамі Зеўса і Феміды, сёстрамі мойраў і харыт. Паводле пашыраных міфаў, О. ўпарадкоўваюць жыццё чалавека, уносяць у яго ўсталяваную перыядычнасць, назіраюць за яго заканамерным рухам. У «Іліядзе» О. сцерагуць воблачную браму Алімпа.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́СТА (Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.​Спінозы.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНУ́СІ (Zanussi) Кшыштаф (н. 17.6.1939, Варшава),

польскі рэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ў Варшаўскім (1955—59) і Ягелонскім (у Кракаве 1959—62) ун-тах. Скончыў Вышэйшую школу т-ра, кіно і тэлебачання ў Лодзі (1966). Чл. Польскай АН (1994). Узначальвае Еўрап. федэрацыю кінарэжысёраў (з 1990). З 1977 выкладае ў Нац. кінашколе Вялікабрытаніі. Асн. праблематыка творчасці — маральная. Аналізуе ўплыў цывілізацыі і змен у грамадстве на духоўны стан чалавека («Смерць правінцыяла», 1966, «Структура крышталю», 1970, «За сцяной», 1971, «Імператыў», 1982), трываласць універсальных каштоўнасцей у сутыкненні з рэаліямі грамадскага жыцця («Ілюмінацыя», 1973, «Ахоўныя колеры», 1976, «Спіраль», 1978, «Кантракт», 1980, «Галоп», 1995); супрацьпастаўляе маральнай дэградацыі чалавека ўласныя гуманіст. погляды («З далёкага краю», 1981, «Год спакойнага сонца», 1984, «Жыццё за жыццё. Максімілян Кольбе», 1990, «Дотык рукі», 1992). Сцэнарыі З. выдадзены асобнымі кнігамі (1976, 1979, 1980, 1985, 1992). З 1979 займаецца тэатр. рэжысурай (супрацоўнічае з драм. т-рамі Кракава, Бона, Мілана, опернымі т-рамі Брэмена, Базеля, Палерма). Дзярж. прэмія Польшчы 1984.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп

(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),

бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл. Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.​Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)